Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПЕРАГЛЯДАЮЦЬ ЗАКАНАДАЎЧЫЯ АКТЫ, ШТО СПРАВАКАВАЛІ Ў БЕЛАРУСІ НЯДАЎНІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Як стала вядома сёньня, шматдзённая кастрычніцкая акцыя прымусіла ўлады зьвярнуць увагу на прадпрымальнікаў. Вось што паведаміў нашаму радыё дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі:

(Ліхачэўскі: ) ”Што робіцца ўрадам. Савет Міністраў разгледзеў і даручыў аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму вырашыць праблему касавых апаратаў. Цяпер яны пераглядаюць ранейшыя правілы. Вызначаюць аб’екты, дзе будуць стаяць касавыя апараты. Што тычыццца адкрыцьця банкаўскіх рахункаў, то гэту праблему разглядае Нацыянальны банк, які выпрацоўвае мінімальныя стаўкі пры адкрыцьці такіх рахункаў. Ідзе праца і ў пытаньні сацыяльнага страхаваньня. Міністэрствам працы рыхтуюцца зьмены ў 18-ы дэкрэт прэзыдэнта”.

Як вынікае з тлумачэньня чыноўніка, урад разглядае ўсе пытаньні, якія ўтрымліваліся ў патрабаваньнях страйкоўцаў. Аднак, паводле Ліхачэўскага, улады зьбіраюцца не адмяніць новаўвядзеньні, што справакавалі страйк, а толькі ўнесьці карэктывы ў гэтыя правілы. Ці задаволіць гэта бізнэсоўцаў? Вось якое меркаваньне выказаў на гэты конт адзін з актывістаў нядаўняга страйку – каардынатар Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Урад пасьля страйку намагаецца прадэманстраваць клопат пра прадпрымальнікаў. Што чыноўнікі нібыта кантралююць сытуацыю. Аднак прынцыповых рашэньняў ні па касавых апаратах, ні па іншых нашых патрабаваньнях яны прымаць ня хочуць. Гаворка ідзе пра касмэтычныя папраўкі і саступкі, якія нават нельга назваць саступкамі”.

Як вынікае з тлумачэньня Анатоля Шумчанкі, Аб’яднаную раду гэта не задавальняе. Калі ўрад ня пойдзе на радыкальныя рашэньні, то, як лічыць Шумчанка, прадпрымальніцкі страйк будзе адноўлены. Дарэчы, сёньня дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Аляксандр Ліхачэўскі паведаміў нашаму радыё, што ўлады будуць весьці перамовы з тымі прадпрымальніцкімі лідэрамі і структурамі, якія байкатавалі страйк.

На думку прадстаўнікоў Беларускага страйкавага камітэту, такія перамовы наўрад ці ўрэгулююць цяперашнія рознагалосьсі бакоў. Гаворыць старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) ”Галоўнае, каб праблема вырашалася. Будзе месячны страйк, калі гэтыя пытаньні ня будуць вырашаныя. Урад вымушае людзей да акцыяў пратэсту. Прычым усё больш і больш прадпрымальнікаў схіляецца да палітычных патрабаваньняў. І мы будзем вылучаць палітычныя патрабаваньні”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG