Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СХВАТКА” НА ВУЛІЦАХ МЕНСКУ; НІХТО НЯ МОЖА СКАЗАЦЬ, КОЛЬКІ Ў БЕЛАРУСІ КАРЫСТАЛЬНІКАЎ ІНТЭРНЭТУ


Віталь Цыганкоў, Менск

Калі вы калі-небудзь у Менску напаткаеце групы маладых людзей, якія мітусьліва носяцца зь ліхтарыкам па гарадзкіх пустырах і вакзалах, шукаючы нейкія “ключы” і “сымбалі”, не палохайцеся. Спадзяемся, вам пашанцавала, і гэта не апэрацыя беларускіх спэцслужбаў і не разборкі крымінальных структураў.

Вы сталі сьведкамі цалкам добраахвотнай гульні, у якую гуляюць дарослыя і адносна заможныя людзі. Яны разьбітыя на каманды, мэта якіх дастаткова традыцыйная — першымі прыйсьці да фінішу. Каардынатар сядзіць ля кампутара і атрымлівае заданьні для сваёй каманды праз Інтэрнэт (www.cx.by). Па сотавым тэлефоне ён перадае гэтую ўстаноўку, і каманда бяжыць, напрыклад, на якое-небудзь гарышча і знаходзіць там нейкі зашыфраваны знак. Гэткія “казакі-разбойнікі” для дарослых — так выказаўся пра “Схватку” аўтар ідэі Іван Масьлюкоў.

(Іван Масьлюкоў: ) “Ідэя “Схваткі” прыйшла пасьля прагляду фільма “Гульня”, дзе чалавеку далі перажыць тое, чаго яму не хапала. У яго было ўсё — грошы, становішча — але не было жыцьця. І “Схватка” — гэта маленькае жыцьцё, якое пражываюць удзельнікі. Сэнс нашай гульні — атрымліваць пачуцьці, эмоцыі — за ноч удзельнікі перажываюць столькі, колькі ня здарыцца зь імі за тыдзень, месяц. Усё вельмі сканцэнтравана. Схватка — гэта “казакі-разбойнікі” для дарослых”.

Іван Масьлюкоў кажа, што не цікавіўся, ці існуюць падобныя праекты за мяжой Беларусі. Ён сьцьвярджае, што наўмысна ня робіць гэтага, каб не зьявілася спакуса пазычыць аднекуль ідэі. Сотавы тэлефон, аўтамабіль, ліхтарык — у гэтым няма нічога новага, — упэўнены Масьлюкоў.

Менскія інспэктары ДАІ ўжо ведаюць пра існаваньне “Схваткі”, аднак гэта не дае падставу ўдзельнікам гульні разьлічваць на асабліва літасьцівае стаўленьне беларускай дарожнай паліцыі. Арганізатары, трэба сказаць, імкнуцца быць законапаслухмянымі і ўжо не прыдумляюць заданьні на рэжымных аб’ектах, як калісьці ў пачатку гульні адзін з “ключоў” знаходзіўся ў аэрапорце “Менск-2”.

Ад каго больш залежыць вынік гульні — ад каардынатара, які сядзіць у Інтэрнэце перад кампутарам, і імкнецца ў сеціве найхутчэй знайсьці правільныя “ключы” для заданьняў, ці ад тых, хто бегае “па полі”, як кажуць на сваім слэнгу ўдзельнікі.

(Масьлюкоў: ) “У “Схватцы” няма нічога няважнага. Безумоўна, каардынатар, як мне здаецца, больш значны за тых, хто робіць гэта ў полі. Калі каардынатар перадасьць заданьне няслушна, то астатнія гульцы ўжо нічога ня здолеюць зрабіць. Хаця, канечне, важна і тое, як людзі гуляюць у полі, як яны гатовыя рызыкаваць, ісьці на тыя рэчы, на якія складана пайсьці чыста псыхалягічна. Але ж вельмі важна, як іх скаардынуюць з Інтэрнэту — гэта самае галоўнае”.

(Цыганкоў: ) “Аднак ці ня ёсьць гэтая гульня толькі для кампутаршчыкаў, для тых, хто не вылазіць з Інтэрнэту?”

(Масьлюкоў: ) “У нас гуляюць ня тыя, хто ведае кампутар ды Інтэрнэт, а тыя, хто хоча гуляць. Калі вы хочаце быць каардынатарам, вы сядзеце за кампутар, зойдзеце на сайт, атрымаеце заданьне і пачнеце думаць. Разабрацца з умовамі гульні больш складана, чым разабрацца з Інтэрнэтам. Калі ня хочаце быць каардынатарам — будзеце палявым гульцом, тут увогуле кампутарныя веды не патрэбныя. Таму вызначальны чыньнік — гэта ня веданьне кампутару ды Інтэрнэту, а вашае жаданьне гуляць”.

Кожны аўторак на менскім тэлеканале “СТВ” ідзе паўгадзінавая праграма пра “Схватку”. Масьлюкоў разумее сур’ёзныя тэлевізійныя пэрспэктывы гэтай ідэі, хоча, каб глядацкая аўдыторыя сачыла за гульнёй, як за футболам, і ў пэрспэктыве спадзяецца на вялікая тэлевізійнае шоў.

“Схватка” нядаўна адзначыла гадавіну свайго існаваньня. Прыблізна двойчы на месяц 200–300 чалавек выпраўляюцца ў гонку за перамогай і адрэналінам. За гэты час адбылося ўжо дваццаць гульняў, у якіх узялі ўдзел больш за 5 тысяч чалавек. Дэвіз гульні: “Баяцца глупа, бо няма нічога страшнейшага за сам страх”.


* * *
Вечнае пытаньне беларускага Інтэрнэту — колькі чалавек ім карыстаюцца. Чарговую падставу для развагаў на гэтую тэму дало новае сацыялягічнае апытаньне. Яно было праведзенае сёлета ў верасьні Інстытутам сацыялёгіі і сацыяльных тэхналёгіяў Нацыянальнай Акадэміі навук. Паводле дасьледаваньня, доступ у Інтэрнэт у Беларусі маюць 27% апытаных, два з паловай мільёна чалавек.

Лічба гэтая выклікала пэўны недавер у тых журналістаў, якія займаюцца тэмамі ўсясьветнага сеціва — на іхную думку, яна вельмі завышаная. Бо колькасьць зарэгістраванага доступу ў Інтэрнэт не перавышае ў Беларусі 150–200 тысяч. Зрэшты, шмат чаго можна патлумачыць іншымі лічбамі апытаньня — большасьць з тых, хто сьцьвярджаюць пра валоданьне Інтэрнэтам, заявілі, што карыстаюцца сецівам альбо некалькі разоў на месяц альбо радзей за раз на месяц.

Карацей, выглядае так: кожны, хто калісьці дзе-небудзь уваходзіў у сеціва, адказаў сацыёлягам, што мае доступ у Інтэрнэт. А колькі ж на самой справе ў Беларусі Інтэрнэт-карыстальнікаў? Пра гэта мы гаворым з карэспандэнтам газэты “Человек и Интернет”Алісай Бізяевай.

(Бізяева: ) “У нас нават ніхто ня можа адказаць дакладна, колькі ў нас кампутараў. Гэтай інфармацыі вам ніхто ня дасьць. Пра гэта пытаюцца на кожным мерапрыемстве, прысьвечаным Інтэрнэту, але ніхто не дае дакладных лічбаў. Гэтая праблема існуе ўжо некалькі гадоў, і нічога не мяняецца. Зрабіць такі падлік можна толькі прыкладна. Таму што мы ведаем, колькі кліентаў у галоўнага нашага правайдэра “Белтэлекам” — каля 80 тысяч. І ўсе астатнія беларускія правайдэры разам маюць прыкладна столькі ж кліентаў”.

(Цыганкоў: ) “Тыя, хто сочыць за разьвіцьцём Інтэрнэту ў Беларусі, чакаюць, што нарэшце павінен наступіць колькасны выбух, што колькасьць карыстальнікаў павінна пачаць павялічвацца ў геамэтрычнай прагрэсіі. Але пакуль гэтага не назіраецца, размова ідзе пра тыя ж самыя 100–150 тысяч. Калі, на вашую думку, можа адбыцца гэта прарыў і што яму замінае?”

(Бізяева: ) “Колькасьць людзей у Інтэрнэце найперш залежыць ад узроўню даходаў насельніцтва. Калі беларусы будуць атрымліваць больш, яны напэўна пачнуць карыстацца Інтэрнэтам, бо цяпер там ужо ёсьць шмат інфармацыі для большасьці зь іх. Нават на беларускіх сайтах ёсьць інфармацыя, цікавая для значна большай колькасьці людзей, чым тыя, што карыстаюцца зараз Інтэрнэтам. Зараз адкрываюцца рэсурсы, якія далучаць да сеціва новых людзей. Але ўрэшце гэта дастаткова мізэрныя лічбы, так што пра “выбух” у беларускім Інтэрнэце пакуль няма гаворкі”.

(Цыганкоў: ) “Разам з тым можна адзначыць, што кошт доступу ў Інтэрнэт за апошнія гады значна зьменшыўся. Гэта відавочна адбылося з-за разьвіцьця сеткі правайдэраў”.

(Бізяева: ) “Так. Але ж трэба яшчэ кампутар набыць, і ня кожнаму гэта па сродках. Пакуль у Беларусі няма ніякіх дзяржаўных праграмаў разьвіцьця Інтэрнэту. Дзяржава ня вельмі клапоціцца пра тое, каб разьвіваць Інтэрнэт у краіне”.

Разьвіцьцю Інтэрнэта ў Беларусі замінае і нізкая прапускная здольнасьць беларускіх каналаў сувязі. “Белтэлекам” — манапольны ўладальнік Інтэрнэт-шлюзу ня надта сьпяшаецца павялічваць ягоную праходнасьць. У многіх суседніх зь Беларусьсю краінах доступ у сеціва забясьпечвалі праграмы дапамогі дабрачынных фондаў, такіх як фонд Сорасу. У Беларусі гэтыя арганізацыі былі выгнаныя альбо сышлі самі. Урэшце, можна сьцьвярджаць, што разьвіцьцё Інтэрнэту адпавядае ступені эканамічнай свабоды ў той ці іншай краіне. Так што чакаць Інтэрнэт-выбуху ў Беларусі, пакуль, сапраўды не выпадае.


* * *
Цяпер ужо ўсім зразумела, што ў Інтэрнэце, на жаль, махляры існуюць, як і ў рэальным сьвеце. Выкарыстоўваючы розныя спосабы, яны выманьваюць грошы ў даверлівых карыстальнікаў сеціва. Дзе гэтыя прайдзісьветы найбольш распаўсюджаныя, высьвятліў цэнтар аналізу Інтэрнэт-махлярства (Internet Fraud Complaint Center).

Такім чынам, больш за ўсё стаць ахвярай Інтэрнэт-злачынцаў маюць удзельнікі онляйн-аўкцыёнаў — там зафіксавана 43% выпадкаў махлярства. Кожны пяты пацярпелы быў падмануты прадаўцамі тавараў і паслугаў — яны прысабечвалі грошы, аднак нічога не высылалі наўзамен. І на трэцім месцы апынуліся так званыя нігерыйскія лісты, якія рассылаюцца электроннай поштай. У лістах нібыта ад імя высокіх чыноўнікаў гэтай афрыканскай краіны прапаноўваліся грошы за дапамогу ў вывазе капіталаў за мяжу. Так што папярэджваем — Інтэрнэт ня стаў (ды й ня мог стаць) зонай, вольнай ад махлярства і злачыннасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG