Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПОЛЬШЧЫ ПЕРАГЛЯДАЕЦЦА ЗАКОН АБ ЛЮСТРАЦЫІ


Аляксей Дзiкавiцкi, Прага

Папраўкi да закону парлямэнт Польшчы ўхвалiў яшчэ сёлета ў лютым. Паводле iнiцыятараў паправак, яны зрабiлi б закон больш цывiлiзаваным, бо нельга раўняць тое, што рабiлi даносчыкi, якiя сачылi за апазыцыйнымi дзеячамi цi каталiцкай царквой, з працай тых, хто займаўся здабываньнем iнфармацыi на карысьць польскай дзяржавы або выяўленьнем замежных шпiёнаў, працуючы ў выведцы цi контарвыведцы.

Папраўкi прадугледжвалi таксама, што дзеля абвiнаваўчага заключэньня трэба давесьцi, што дадзеная асоба сваiмi дзеяньнямi нанесла шкоду каталiцкай царкве цi дэмакратычнай апазыцыi.

Аднак у чэрвенi Канстытуцыйны Суд Польшы пастанавiў, што ўхваленьне паправак не адпавядае Канстытуцыi, прычым гаворка йшла не пра зьмест паправак, а пра тое, што працэдура iхнага прыняцьця не адпавядала асноўнаму закону.

Тады ў верасьнi, выкарыстоўваючы бальшыню галасоў у Сойме i Сэнаце, кіраўнічая каалiцыя Саюзу Левых Дэмакратаў i Вунii Працы iзноў правяла папраўкi да “Закону аб люстрацыi”, гэтым разам прытрымлiваючыся адпаведных працэдураў.

І вось сёньня зьмены да закону падпiсаў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскi.

Асноўныя апазыцыйныя партыi – “Грамадзянская плятформа” i “Закон i справядлiвасьць”, назвалi гэтыя папраўкi “канцом люстрацыi ў Польшы”, ды ўжо заявiлi, што зноў абскардзяць iх у Канстытуцыйным судзе.

Паводле апазыцыi, тэза пра тое, што выведка, контарвыведка i служба аховы межаў працавалi толькi на карысьць польскай дзяржавы – iлжывая. Гэтыя спэцслужбы ваўсю шкодзiлi польскiм iмiграцыйным арганiзацыям, напрыклад парыскай “Культуры” цi польскаму ўраду на выгнаньнi ў Лёндане.

Дарэчы, супрацоўнiкi выведкi свайго часу працавалi i ў польскай службе “Радыё Сабодная Эўропа”, спрабуючы ўнесьцi разлад у працу калектыва рэдакцыi. Варта адзначыць, што паводле розных падлiкаў, радыё Сабодная Эўропа ў камунiстычныя часы слухалi да 35% палякаў.

Апазыцыя таксама адзначае, што ў Польскай Народнай Рэспублiцы, прывiлей вербаваць сябраў партыi належаў менавiта да выведкi i контрвыведкi.

Цяпер, сярод палiтыкаў урадавай каалiцыi, шмат былых функцыянэраў Польскай Аб’яднанай Рабочай партыi, якiя напрыканцы 70-х – сярэдзiне 80-х займалi адказныя партыйныя пасады i, непазьбежна мелi кантакты са спэцслужбамi.

Паводле апазыцыi, левая ўрадавая каалiцыя менавiта таму настойлiва спрабуе прасунуць папраўкi да закону аб люстрацыi, каб абаранiць сваiх партыйных калегаў, якiм няўхiльна пагражалi б непрыемнасьцi, калi б iхныя справы былi разгледжаныя паводле старой рэдакцыi закону.

Гэта тычыцца, сярод iншых, дэпутата Сэйму, былога прэм’ер-мiнiстра i аданго зь лiдараў Саюзу Левых Дэмакратаў Юзэфа Олексы, старшынi парляманцкай камiсii ў замежных справах Ежы Яскернi, а таксама кiраўнiка канцылярыцi прэм’ер-мiнiстра Марэка Вагнэра.

(Караткевiч) Аляксей, а як дзейнiчае “Закон аб люстрацыi” ?

(Дзiкавiцкi) Цяпер у Польшчы, кожны грамадзянiн, якi прэтэндуе на кiруючую пасаду ў дзяржаўнай установе, цi ў самаўрадзе, мусiць пiсьмова засьведчыць, што нiколi ня быў агентам спэцслужбаў ПНР.

У выпадку, калi адкрыецца, што гэта няпраўда, дык тады асоба пазбаўляецца права займаць такiя пасады цягам 10 гадоў.
Такiм чынам, паводле апазыцыi, шмат для каго з палiтыкаў кiруючых палiтычных сiлаў, захаваньне старой рэдакцыi
“Закону аб люстрацыi” азначала б канец палiтычнай кар’еры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG