Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫКТАТАР БЕСЬСМЯРОТНЫ, ПАКУЛЬ ЖЫВЫ


Юры Дракахруст, Прага

Садам Хусэйн ніколі ня быў усенародна абраным прэзыдэнтам Іраку. У 1979 годзе тагачасны кіраўнік краіны Бакр на форуме партыі БААС сышоў у адстаўку, перадаўшы уладу Хусэйну. У 1995 годзе ў Іраку адбыўся рэфэрэндум аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў кіраўніка яшчэ на 7 гадоў. Тады, паводле афіцыйных дадзеных, станоўча на пытаньне плебісцыту адказалі 99,96% выбарнікаў. Супраць выказаліся толькі 1200 іракцаў.

Варта адзначыць, што Хусэйн не самотны ва ўжываньні такіх экзатычных сродкаў працягу сваіх паўнамоцтваў. Можна прыгадаць аналягічныя рэфэрэндумы, якія адбыліся сёлета ва Ўзбэкістане і Пакістане.

Цяперашні ірацкі рэфэрэндум мае выразную зьнешнепалітычную накіраванасьць. Як заявіў міністар інфармацыі Іраку Махамэд Сааф, у цяперашніх палітычных і міжнародных абставінах, перад тварам амэрыканскай і сыянісцкай пагрозы рэфэрэндум набывае новы сэнс, ягоныя вынікі стануць поўхаю Джорджу Бушу – мяркуе ірацкі міністар.
Амэрыканская адміністрацыя заяўляе пра неабходнасьць зьмены ірацкага рэжыму. Паводле ВП ірацкія ўлады, ладзячы рэфэрэндум, хочуць прадэманстраваць, што рэжым карыстаецца ўсенароднаю падтрымкаю.

Сам Хусэйн не зьяўляўся на людзях ад сьнежня 2000 году, калі ён на працягу 13 гадзінаў прымаў парад, уласнаручна палячы ў паветра са стрэльбы. Аднак яго вобраз не пакідае кожнага іракца ні на хвіліну. Як паведамляе ВП, ірацкія афіцыйныя мэдыі, а іншых у краіне няма, запоўненыя славаслоўем на адрас Хусэйна і праклёнамі Амэрыцы і Ізраілю. Ірацкія гарады аклееныя плякатамі з выявамі правадыра ў розных адзеньнях, партрэт кіраўніка упрыгожвае нават кожную выбарчую скрыню.

У ірацкім грамадзтве распаўсюджаныя ўстойлівыя чуткі, што бюлетэні для галасаваньня маюць адмысловыя знакі, паводле якіх можна вызначыць, хто галасаваў супраць. Адмыслоўцы сумняваюцца ў сапраўднасьці гэтых зьвестак, аднак паказальны сам па сабе факт іх зьяўленьня.

Аднак, на думку афіцыйных ірацкіх прадстаўнікоў, рэфэрэндум, што адбываецца сёньня, будзе свабодным і справядлівым і стане яскраваю праяваю дэмакратыі.

Дзеля назіраньня за гэтай праяваю ў Багдад накіраваўся намесьнік старшыні міжнароднай камісіі “палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу” Беларусі Сяргей Касьцян. Трэба спадзявацца, што ён прывязе з далёкага Багдаду ня толькі досьвед барацьбы з амэрыканізмам і сыянізмам, аднак і досьвед ірацкай дэмакратыі, менавіта якога Беларусі і не хапае.

У размовах з замежнымі журналістамі шараговыя іракцы дэманструюць надзвычайны энтузіязм і гатовасьць падтрымаць свайго правадыра. Частка зь іх сапраўды шчыра падтрымлівае Хусэйна, аднак людзі, што, скажам, жылі ў СССР, добра ведаюць цану і адзінадушнай падтрымцы партыі і ураду, і 99% галасоў за правадыра.

Як сказаў адзін дасьціпны чалавек, дыктатар бесьсмяротны, пакуль жывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG