Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ ЗАКЛЮЧЫЎ ПАГАДНЕНЬНЕ ЗЬ ЛІТОЎСКІМІ КАНСЭРВАТАРАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва БНФ днямі наведала Вільню, дзе ў Сэйме Літвы прайшла міжпартыйная канфэрэнцыя, арганізаваная партыяй “Саюз Айчыны”, якую ўзначальвае Вітаўтас Ландсбэргіс. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Нашыя партыі зьвязвае даўняя і вельмі канкрэтная супраца. І ўзаемадапамога ў крытычных момантах — тады, калі ішлося пра лёс нашых дзяржаваў і іх сьвежаздабытай незалежнасьці. Але ўпершыню за гэтыя гады нашая супраца, блізкасьць, альбо ідэнтычнасьць нашых праграмных поглядаў былі аформленыя дакумэнтальна”.

Лідэры БНФ і “Саюзу Айчыны” падпісалі міжпартыйную дамову, у якой абавязаліся супрацоўнічаць на карысьць пашырэньня ў Беларусі дэмакратыі, правядзеньня свабодных выбараў і г.д. Літоўскія кансэрватары ў сваю чаргу абяцаюць БНФ аказваць падтрымку ў міжнародных структурах і абараняць незалежнасьць Беларусі на міжнароднай арэне.

Спадары Вячорка й Ландсбэргіс таксама выступілі з сумеснай заявай пра ролю Беларусі ў Эўропе. У ёй канстатуецца, што толькі супрацоўніцтва Беларусі з эўрапейскімі арганізацыямі (а ў будучыні ўступленьне ў Эўразьвяз) дапаможа ёй вырашыць праблему наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, умацаваць правапарадак і г.д.

Яшчэ адна рэзалюцыя асуджае спробы некаторых сілаў шукаць выратаваньне ад беларускага аўтарытарызму праз інтэграцыю з Расеяй. Гаворыць намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Выбар паміж добрым і дрэнным аўтарытарызмам — ёсьць непраўдзівым выбарам. І зараз, вы бачыце, што многія партыі блытаюцца ў гэтай элемэнтарнай сытуацыі. Яны лічаць, што да дэмакратыі можна дайсьці праз Расею. Гэта аблуда! І наша мэта зьвярнуць увагу беларускага народу, што нашае выратаваньне толькі ў незалежнасьці”.

Вінцук Вячорка і Вітаўтас Ландсбэргіс выступілі з патрабаваньнем да беларускіх уладаў спыніць уціск незалежных мэдыяў і журналістаў, вызваліць Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку й адмяніць прысуд Віктару Івашкевічу. Спадары Вячорка і Ландсбэргіс таксама патрабаюць адмены артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што прадугледжваюць адказнасьць за паклёп і абразу прэзыдэнта й прадстаўнікоў улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG