Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ НАЗІРАЮЦЬ ЗА ІРАЦКІМ РЭФЭРЭНДУМАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў, дэлегацыя зь Беларусі на чале з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалаем Іванчанкам 14–16 кастрычніка знаходзіцца ў Багдадзе. Мікалай Іванчанка нядаўна зьмяніў Леаніда Козіка на пасадзе сустаршыні беларуска-ірацкай камісіі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Акрамя Іванчанкі, у складзе дэлегацыі старшыня Таварыства беларуска-ірацкага сяброўства Віктар Шаўцоў і супрацоўнік МЗС Андрэй Дашуцін. Яны сустракаюцца з кіраўнікамі ірацкіх міністэрстваў фінансаў, прамысловасьці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя.

У МЗС адмаўляюцца прызнаць гэты візыт пэўным актам маральнай падтрымкі Садама Хусэйна ў часе рэфэрэндуму ды перад пагрозай амэрыканскай вайсковай апэрацыі ў Іраку. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Хацеў бы падкрэсьліць, што знаходжаньне беларускай дэлегацыі ў Іраку выключна зьвязанае з разьвіцьцём і паглыбленьнем гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Беларусьсю і гэтай краінай, і зразумела, што выключна ў рамках праграмы ААН “Нафта ў абмен на харчаваньне”.

Ад Палаты прадстаўнікоў у Іраку ў якасьці назіральніка на рэфэрэндуме аб падаўжэньні паўнамоцтваў Садама Хусэйна знаходзіцца Сяргей Касьцян. Акрамя таго, як паведаміла сакратар апазыцыйнай Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган, лідэр гэтай партыі Сяргей Калякін таксама паехаў у Ірак на запрашэньне ўраду гэтай краіны ў якасьці міжнароднага назіральніка.

А вось лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, які ў 1996 годзе наведваў Ірак, запрашэньня з Багдаду гэтым разам не атрымаў. Але ён адмовіўся б паехаць на сёлетні рэфэрэндум, калі б яго запрасілі. Сяргей Гайдукевіч лічыць выразную праірацкую пазыцыю беларускіх уладаў “антызаходнім і антыамэрыканскім дэмаршам”. І гэты дэмарш, на ягоную думку, узгоднены з Расеяй:

(Гайдукевіч: ) “Шукайце карані ў Расеі, шукайце... Усё адбываецца са згоды Расейскай Фэдэрацыі. І іншага тлумачэньня ня тое што няма, яго быць ня можа”.

Сяргей Гайдукевіч зазначае, што лідэр камуністаў Сяргей Калякін таксама наведвае Ірак па пратэкцыі расейскіх камуністаў.

У амбасадзе Іраку ў Менску тым часам ніяк не камэнтуюць хаду галасаваньня на рэфэрэндуме і ўдзел у назіраньні за ім беларускіх палітыкаў.

(Дыплямат: ) “Інфармацыі няма ў нас, ператэлефануйце заўтра”, — толькі й сказаў прадстаўнік ірацкай амбасады ў Менску.

XS
SM
MD
LG