Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ ПЛЯНУЕ АДНАВІЦЬ ВЫХАД ГАЗЭТЫ “РАБОЧЫ”


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзі Валерыю Камісараву спатрэбілася ўсяго некалькі хвілінаў на тое, каб разгледзець касацыйную скаргу Віктара Івашкевіча і пакінуць прысуд бязь зьменаў. Нагадаем, рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча Першамайскі раённы суд прызнаў вінаватым у паклёпе на Лукашэнку і ягонае атачэньне за артыкул “Злачынца павінен сядзець у турме”.

Артыкул быў надрукаваны летась падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. У ім распавядалася пра дзейнасьць фонду Эсамбаева, “Торгэкспо” ды іншых фірмаў, якія, паводле паведамленьняў шматлікіх мэдыяў, карысталіся дзяржаўнымі льготамі і пералічвалі грошы ў фонд Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўнік КГБ у судзе адмовіўся даць нейкую інфармацыю на гэты конт, спаслаўшыся на тое, што матэрыялы па справах гэтых фірмаў зьнішчаныя. Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі заявіў, што не было распаўсюду зьвестак, бо наклад газэты канфіскавалі яшчэ ў друкарні. Але ўсё гэта не паўплывала на рашэньне ні раённага суду, ні гарадзкога. Віктар Івашкевіч пракамэнтаваў гэтую сытуацыю Радыё Свабода:

(Івашкевіч: ) “Усё вельмі сьцісла, хутка і фармальна. Рашэньне суду ня самі судзьдзі выдумлялі, а тыя, хто наймае іх на працу і плаціць заробак. Так што нічога дзіўнага не адбылося. Мы будзем пасылаць розныя скаргі. Да маёй вандроўкі ў гэтае выгнаньне яшчэ ёсьць месяц. За гэты час я пастараюся аднавіць выхад газэты, якая не забароненая, напрыклад, як газэта “Пагоня” і мае магчымасьць дзейнічаць далей”.

Віктар Івашкевіч спадзяецца, што ўрэшце будзе апраўданы.

(Івашкевіч: ) “Ня выявілі доказаў таго, што гэта няпраўда. Ну, адвакат сказаў, словы яго грукнулі аб сьцяну і адляцелі, як гарох. Натуральна, справа адваката патрэбная, каб пісаць скаргі й гэтак далей. Урэшце надыдзе нейкая справядлівасьць, і можна будзе ўсё абскардзіць. У 1991 годзе такі спадар Разумаў падчас страйкаў на Беларусі перакрыў чыгунку пад Воршай, за што й распачалі крымінальную справу. Праз паўгода суд прыняў рашэньне спыніць крымінальную справу Разумава ў сувязі з тым, што зьмянілася палітычная сытуацыя. Я думаю, што, калі зьменіцца палітычная сытуацыя ў Беларусі, то суд прыме рашэньне аб апраўданьні”.

Пасьля судовых інстанцыяў справу перададуць у Камітэт выкананьня пакараньняў. Там будуць вырашаць, дзе будзе адбываць пакараньне Віктар Івашкевіч і на працягу якога тэрміну. Калі да яго прыменяць амністыю, то рэдактар газэты “Рабочы” правядзе на “хіміі” ня два, а адзін год.

XS
SM
MD
LG