Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО СТАІЦЬ ЗА АДХІЛЕНЬНЕМ АД ПАСАДЫ ЛЕАНІДА ГЛУХОЎСКАГА?


Казімір Яноўскі, Гомель

У абласным цэнтры называюць розныя сумы сканфіскаваных шпалераў – адныя на мільён даляраў, іншыя – на 3 мільёны. Шпалеры належалі адной расейскай фірме. Вось што распавёў на гэты конт старшыня назіральнай рады акцыйнай суполкі “Гомельшпалеры” Віктар Кушняроў:

(Кушняроў: ) “З намі працавала фірма, яна купляла ў нас шпалеры. Працавалі мы зь імі нармальна, але гэтая расейская фірма не плаціла падаткі – ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Таму ў іх сканфіскавалі ўсе шпалеры.

Цяпер пакуль што ніхто не называе – што гэта за расейская фірма і колькі падаткаў яна не заплаціла ў беларускі бюджэт.

Камісія пад кіраўніцтвам старшыні Дзяржкантролю Анатоля Тозіка працуе на “Гомельшпалерах” адасоблена. Ніякія іншыя кантрольныя ворганы без дазволу сп. Тозіка сюды не дапускаюцца.

Невядома пакуль, ці меў якое-небудзць дачыненьне да расейскай фірмы адхілены ад пасады на час праверкі “Гомельшпалераў” ды іншых прадпрыемстваў намесьнік міністра ўнутраных справаў начальнік Сьледчага Камітэту генэрал Леанід Глухоўскі. Яшчэ да цяперашняй камісіі ягоныя супрацоўнікі правяралі “Гомельшпалеры”. Што яны выявілі – публічна не заяўлялася. Вядома аднак, што генэрал Глухоўскі патрапіў у няласку да кіраўніка дзяржавы менавіта за неналежную арганізацыю расьсьледаваньня.

Адначасова рэгіянальная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй дасьледавала забесьпячэньне “Гомельшпалераў” паперай, у тым ліку і праз Добрускую папяровую фабрыку. Наколькі вядома, макулатура, што зьбіралася з дапамогаю беларускіх нарыхтоўчых арганізацыяў, у дакумэнтах станавілася расейскай і, вядома, даражэйшай у два і болей разоў. Якія фірмы на гэтым мелі прыбытак і хто ім дапамагаў – будзе хутчэй за ўсё вядома пасьля высноваў дзяржаўнай камісіі. Гэта пры ўмове, калі кіраўніцтва дзяржавы захоча, каб грамадзяне Беларусі ведалі – што сапраўды адбываецца ў папярова-цэлюлёзнай прамысловасьці.
XS
SM
MD
LG