Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ Ў БЕРАСЬЦI АДЗНАЧАЮЦЬ СУМНУЮ ДАТУ - 60 ГАДОЎ ТАМУ БЫЛО ЗЬНIШЧАНАЕ МЯСЦОВАЕ ГЕТА


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня а 7 гадзiне ранiцы актывiсты габрэйскай суполкi Берасьця i прадстаўнiкi грамадзкасьцi гораду сабралiся ля помнiка ахвярам мясцовага гета. Разам яны рушылi да ваколiцаў Берасьцейскай крэпасьцi - 15 кастрычнiка 1942 году такi самы маршрут было наканавана прайсьцi 17 тысячам габрэяў. Адтуль iх адвезьлi ў мястэчка Бронная Гара каля Бярозы-Картускай, дзе яны былi расстраляныя. Увогуле ж у гэтых мясьцiнах падчас фашыстоўскай акупацыi былi зьнiшчаныя больш за 50 тысячаў габрэяў Берасьцейшчыны.

Да 60-х угодкаў зьнiшчэньня Берасьцейскага гета ў горадзе было наладжанае паседжаньне "круглага стала" на тэму "Галякост: урокi гiсторыi". Шмат хто з выступоўцаў не хаваў свайго расчараваньня, калi распавядаў пра стаўленьне ўладаў да гэтай трагедыi.

Вiцэ-прэзыдэнт Саюзу габрэйскiх арганiзацыяў i суполак Беларусi Якаў Басiн паведамiў, што беларускiя ўлады адмовiлiся разглядаць пытаньне пра абвяшчэньне ў краiне Дня ахвяраў Галякосту. Паводле спадара Басiна, прадстаўнiкi габрэйскiх суполак сутыкаюцца зь вялiкiмi цяжкасьцямi, калi ставяць пытаньне пра ўсталяваньне новых помнiкаў i надпiсаў у месцах масавых пахаваньняў габрэяў. У сваю чаргу кiраўнiк габрэйскай суполкi Берасьця Аркадзь Бляхер нагадаў, што помнiк ахвярам мясцовага гета быў апаганены ўжо чатыры разы, але толькi аднойчы мiлiцыя адшукала злачынцаў.

Удзельнiкi "круглага стала" адзначалi, што цяперашняя моладзь мала што ведае пра тагачасную трагедыю габрэйскага народу. Але гэта не перашкаджае кiраўнiцтву Берасьцейскага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту ставiць пытаньне пра скасаваньне ўнiкальнага спэцкурсу па гiсторыi Галякосту. Гэты курс намаганьнямi грамадзкасьцi адмыслова падрыхтаваны для студэнтаў гiстарычнага факультэту. Але цяпер ва ўнiвэрсiтэце кажуць, што на захаваньне курсу не стае сродкаў зь бюджэту.

Мерапрыемствы з нагоды ўгодкаў зьнiшчэньня Берасьцейскага гета скончылiся мэмарыяльнай вечарынай, што прайшла пад назовам "У кожнага чалавека ёсьць сваё iмя...".
XS
SM
MD
LG