Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯБЕДЗЬКА ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО ЎЛАДЫ “ПРАЦУЮЦЬ” НА РАСКОЛ АГП


Віталь Цыганкоў, Менск

Кіраўнікі суполак АГП Савецкага, Партызанскага і Заводзкога раёнаў Менску заявілі пра свой выхад з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Адзін зь іх, былы кіраўнік Савецкай раённай суполкі Рыгор Гітліц у інтэрвію для нашага радыё патлумачыў прычыну свайго кроку. Гітліц перакананы, што вычарпаў усе магчымасьці даказаць сваю правату ўнутры партыі.

(Гітліц: ) “Рэч у тым, што ўнутры партыі за той час, што яе ўзначальвае Анатоль Лябедзька, значна зьмяніўся актыў. У кіраўніцтва прыйшло шмат людзей, якія ёсьць не кансэрватарамі і не лібэраламі, а рэвалюцыянэрамі ўвогуле. Па сутнасьці, даказаць што-небудзь людзям фанатычных схільнасьцяў практычна немагчыма. Чым больш ты даказваеш, тым больш цябе падазраюць, што ты здраднік і агент КГБ”.

Рыгор Гітліц сьцьвярджае, што за апошнія гады пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі партыя штогод губляла да 20% сваіх прыхільнікаў. Цяперашняе кіраўніцтва, на думку Гітліца, наўмысна ўступіла на шлях, які адсякае ад партыі электарат. Усю стратэгію “палітыкаў новай хвалі”, пачынаючы ад 2000 году, Гітліц называе правалам.

Анатоль Лябедзька заяўляе, што выхад з партыі трох кіраўнікоў раённых суполак ня стаў для яго нечаканасьцю.

(Лябедзька: ) “Падчас свайго выступу на паседжаньні Нацыянальнага камітэту партыі 5 кастрычніка я гаварыў пра тое, што рыхтуецца такая акцыя, вядзецца шчыльная праца зь некаторымі кіраўнікамі раённых арганізацыяў Менску, каб на гэтым паспрабаваць утварыць уражаньне нейкага скандалу ўнутры АГП”.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, хто вядзе гэтую працу?”

(Лябедзька: ) “Гэта сумесны “праект”. Тут перасякліся інтарэсы ўладных структураў і некаторых апазыцыйных, якія праводзяць пэўную палітыку да АГП”.

Менавіта зьнешнімі прычынамі Лябедзька тлумачыць тыя скандалы, якія ўзьнікаюць апошнім часам вакол АГП. Лідэр партыі ўпэўнены, што ўлада хацела б раскалоць АГП.

(Лябедзька: ) “На сёньняшні дзень уладныя структуры маюць пэўны досьвед працы з апазыцыйнымі партыямі, і натуральна, што яны таксама імкнуцца стварыць сваё лёбі. Мы адзіная партыя, якая пазьбегла ўнутрыпалітычнага расколу. І гэта тое, на што траціліся высілкі ўлады, і тых, хто з палітычнай кан’юнктуры хацелі б гэтаму падыграць... Факт, пра які вы кажаце, непрыемны, але гэта не ідзе ні ў якое параўнаньне з тым, што хацела б дасягнуць улада ў дачыненьні да АГП, на сёньняшні дзень самай палітычна актыўнай структурай”.

Лябедзька таксама сьцьвярджае, што, наколькі яму вядома, пэўнымі структурамі праводзілася апрацоўка і іншых кіраўнікоў мясцовых аддзяленьняў партыі, на якую, аднак, яны не паддаліся.

Рыгор Гітліц на абвінавачаньні, што ён і ягоныя калегі, выйшаўшы з АГП, сталі інструмэнтам удзеяньня зьнешніх сілаў, адказвае наступным чынам:

(Гітліц: ) “Я на гэта скажу, што паважанаму кіраўніцтву АГП варта было б цьвяроза і сумленна ацаніць уласныя дзеяньні. Крычаць, што працуюць зьнешнія сілы — проста глупства, гэта аргумэнтацыя ў стылі “сам дурань”.

(Карэспандэнт: ) “Тым ня менш, я задам вам гэтае прымітыўнае пытаньне. З вамі працавалі нейкія “зьнешнія сілы”, хто-небудзь гаварыў з вамі пра неабходнасьць выхаду з АГП?”

(Гітліц: ) “Не. Гэта толькі наша ініцыятыва і, шчыра кажучы, яна даўно сасьпела. Гэтаксама я ўпэўнены, што ніхто не працаваў з той чвэрцю дэлегатаў зьезду, якія галасавалі супраць Лябедзькі. А вось наконт Анатоля Ўладзімеравіча я б хацеў задаць пытаньні, ці не працавалі зь ім зьнешнія сілы, з прычыны якіх сталі магчымыя цяперашнія мізэрныя вынікі як унутры партыі, так і ўнутры дэмакратычнай апазыцыі ў цэлым”.

Гітліц таксама абвінавачвае сёньняшняе кіраўніцтва АГП у пэўным унутрыпартыйным аўтарытарызьме. Анатоль Лябедзька на гэта адказвае, што ўсе рашэньні ў партыі прымаюцца выключна калектыўна, і АГП мае пэўныя мэханізмы супраць аўтарытарызму. “Чыгір, Дабравольскі, Паўлаў, Шлындзікаў, Гразнова, Данейка — ня тыя асобы, якія пацярпелі б нейкі дыктат над сабой”, — кажа лідэр АГП.

XS
SM
MD
LG