Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРАЛІЯ Ў ШОКУ


Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй

Шок і неразуменьне. Трывога і смутак. Такімі словамі можна апісаць настрой аўстралійскага народу і аўстралійскага ўраду. Усе тэлевізійныя каналы кожную гадзіну перадаюць апошнія навіны. Падобнай трагедыі Аўстралія ня ведала з часоў Другой сусьветнай вайны.

На гэтую гадзіну пацьверджана, што ў выніку тэрарыстычнага акту на інданэзійскай высьпе Балі загінулі 183 чалавекі, зь якіх, паводле аўстралійскіх дадзеных, 14 – грамадзяне Аўстраліі. 11 асобаў загінулі на месцы трагедыі, двое памёрлі падчас транспартыроўкі ў Аўстралію і яшчэ адзін чалавек памёр у шпіталі гораду Дарвіну ўжо на апэрацыйным стале.

113 аўстралійцаў параненыя, а лёс яшчэ 220 пакуль што застаецца невядомы. Сьведкі кажуць, што целы загіблых так абпаленыя, што ідэнтыфікаваць іх будзе надзвычайна цяжка. Цяпер ідэнтыфікацыя нябожчыкаў вядзецца візуальна – паводле вопраткі, ювэлірных вырабаў, гадзіньнікаў, асабістых прыкметаў і г.д. Аўстралійцы з жахам чакаюць, што колькасьць загіблых будзе значна большая.

Імёнаў ахвяраў не паведамляюць, але сярод загіблых і параненых шмат моладзі. Менавіта ў гэтыя дні ў Аўстраліі скончыўся футбольны сэзон, і футбалісты многіх клюбаў паводле шматгадовай традыцыі накіраваліся на Балі разам са сваімі сем’ямі. Апрача таго ў гэты час на Балі адпачывалі бацькі зь дзецьмі, бо ў Аўстраліі на першую палову кастрычніка прыпадаюць вясновыя школьныя канікулы.

Сьведкі выпадку кажуць, што апёкавы цэнтар цэнтральнага шпіталю Балі не гатовы прыняць такую колькасьць ахвяраў – не хапае ня толькі коек, але няма абязбольваючых сродкаў, няма як і дзе стэрылізаваць бінты, у шпіталі пануе бязлад.

Увесь панядзелак груіавыя самалёты ваенна-паветраных сілаў Аўстраліі перавозілі параненых аўстралійцаў, іншых заходніх турыстаў і некаторых асабліва цяжка апаленых інданэзійцаў у шпіталі Дарвіну і Пэрту. Пасьля першай дапамогі павярпелых будуць перапраўляць ва ўжо падрыхтаваныя шпіталі Сыднэю, Мэльбурну, Брысбэну і Алэлайды.

Турысты таксама тэрмінова вяртаюцца з Балі. Толькі за сёньняшні дзень у Сыднэй вярнуліся каля 2000 чалавек.

Сёньня адбылося адмысловае паседжаньне парлямэнту Аўстраліі. Выступіўшы на ім, прэм’ер-міністар краіны Джон Гаўэрд назваў тое, што адбылося на Балі ня проста тэрарызмам, а халаднакроўным, несправакаваным і барбарскім масавым забойствам. Нядзеля 20 кастрычніка абвешчаная ўсеаўстралійскім днём жалобы.

Таксама сёньня адбылося пазачарговае паседжаньне Рады Бясьпекі Аўстраліі, якая прыняла захады забесьпячэньня ўзмоцненай аховы як стратэгічных аб’ектаў, гэтак і аб’ектаў-сымбаляў Аўстраліі. У Сыднэі гэта комплекс атамнага рэактару ў раёне Лукас-Гайтс, дамба і вадасховішча, а таксама будынак Опэрнага тэатру і мост над Сыднэйскай затокай.

Непакоячыся з прычыны антымусульманскіх настрояў, паліцыя ўзяла пад ахову таксама мясцовыя мячэці ды іншыя мусульманскія аб’екты.

На рашэньне Фэдэральнай Рады Бясьпекі толькі што ў Інданэзію вылецелі міністры замежных справаў і юстыцыі Аўстраліі, якія наведаюць месца трагедыі, а таксама сустрэнуцца з высокімі службоўцамі інданэзійскага ўраду. На Балі таксама вылецелі аўстралійскія экспэрты Міністэрства Абароны, фэдэральнай паліцыі і службы зьнешняй выведкі, якія супольна зь інданэзійскімі ўладамі і калегамі з амэрыканскага ФБР ды службаў выведак краінаў Эўрапейскага Зьвязу правядуць расьсьледаваньне ў справе тэракту.

І вось толькі што аўстралійскія сродкі масавай інфармацыі перадалі са спасылкай на інданэзійскія ўлады, што апошнім ужо вядомыя імёны заказчыкаў і выканаўцаў тэракту – мужчыны і жанчыны камікадзэ.
XS
SM
MD
LG