Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЛАСЯ ПРЫВАТЫЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ КАМПАНІІ “СЛАЎНАФТА”


Міхал Стэльмак, Менск

Вестка пра прыватызацыю “Слаўнафты” сёньня абмяркоўвалася ў Мазыры. Вось што паведаміў нашаму радыё намесьнік старшыні Незалежнага прафсаюзу мясцовага нафтаперапрацоўчага заводу Васіль Альхоўскі:

(Альхоўскі: ) “Сёньня была дырэктарская апэратыўка. Прагучала, што расейская дзяржава прадае 75% акцыяў “Слаўнафты”. Было таксама агучана, што купіць маюць намер некалькі расейскіх кампаніяў — “Сыбнафта”, “Лукойл”, Цюменская нафтавая кампанія, а таксама “Сургутнафтагаз”. Дырэктар заявіў, што трэба, каб гэта адбылося хутчэй. Бо з новым гаспадаром нам дамаўляцца пра працяг рэканструкцыі заводу. З гэтай нагоды сёньня дырэктар едзе ў Маскву”.

Адміністрацыя прадпрыемства пакуль устрымліваецца ад прагнозаў наконт наступстваў, якія чакаюць яго ў сувязі зь нечаканым рашэньнем ураду Расеі.

Нагадаем, на мінулым тыдні расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў ухваліў ініцыятыву, паводле якой будзе прададзены ўвесь дзяржаўны пакет акцыяў “Слаўнафты”. Прычым з афіцыйным Менскам гэтае рашэньне не ўзгаднялася. Мяркуецца, што ўжо ў сьнежні будзе абвешчаны новы гаспадар кампаніі. Масква плянуе атрымаць ад гэтай угоды да 2 мільярдаў даляраў.

Як зазначыў нашаму радыё вядучы расейскі экспэрт-аналітык інвэстыцыйнай кампаніі “Тройка-дыялёг” Валеры Несьцераў, гэтымі грашыма Расея зьбіраецца пагасіць зьнешнія даўгі. Спадар Несьцераў пацьвердзіў, што насамрэч ужо ёсьць купцы кампаніі. Няма сумневу, што новым уласьнікам “Слаўнафты” будзе адзін з расейскіх алігархаў. Як будуць складвацца ягоныя дачыненьні зь беларускай дзяржавай?

(Несьцераў: ) “Гэтыя дачыненьні заўсёды былі нейкія палітызаваныя. Між тым, гэта нафтавы бізнэс. Я не выключаю, што Беларусь можа прадаць сваю долю ў кампаніі. Тым больш, што яна невялікая — усяго 11% акцыяў. Пасьля прыватызацыі яе голас у “Слаўнафце” хутчэй за ўсё будзе дарадчы. Бо рэальных рычагоў у кіраваньні кампаніяй у Беларусі ня будзе”, — лічыць расейскі экспэрт Валеры Несьцераў.

На яго думку, беларускі пакет акцыяў “Слаўнафты” каштуе ня болей як 100 мільёнаў даляраў. Між тым, ці зьбіраецца прадаць сваю долю беларуская дзяржава, невядома. Як паведаміў мне дарадца прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў, беларускаму боку афіцыйна пакуль не паведамлена пра прыватызацыю “Слаўнафты”.

XS
SM
MD
LG