Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПАМЕЖНЫХ ПЕРАХОДАХ МIЖ БЕЛАРУСЬСЮ I ПОЛЬШЧАЙ ЗАХОЎВАЮЦЦА ЧЭРГI НА НЕКАЛЬКІ КІЛЯМЭТРАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сытуацыя на беларуска-польскiх памежных аўтапераходах апошнiмi днямi iстотна зьмянiлася. Так, на самым буйным пераходзе “Варшаўскi мост” амаль не засталося аўтамабiляў з транзытнымi нумарамi, якiя накiроўвалiся з краiнаў Заходняй Эўропы ў Расею. Тлумачыцца гэта тым, што ў Расеi пачалi дзейнiчаць новыя мыты на ўжываныя iншаземныя аўтамабiлi. Гэтыя мыты iстотна падвысiлi кошт на iншамаркi, i таму iхны экспарт на ўсход ад Беларусi лiчыцца зараз нявыгадным.

Але чэргi на памежных аўтапераходах каля Берасьця ўсё роўна засталiся. Цяпер яны складаюцца зь беларускiх машынаў, кiроўцы якiх едуць на закупы ў Польшчу. Варта нагадаць, што пры кацы жнiўня ў Беларусi былi ўведзеныя новыя правiлы перавозу тавараў з-за мяжы. Паводле гэтых правiлаў, кожны беларус, якi вяртаецца на радзiму, можа правезьцi ня больш за 50 кiляграмаў грузу. Пры гэтым вага харчоў ня мусіць перавышаць 10 кiляграмаў.

Гэтае рашэньне беларускiх уладаў прымусiла грамадзянаў краiны зьменшыць попыт на танныя польскiя харчы, будаўнiчыя матэрыялы, а таксама сучасную бытавую, тэле- i вiдэатэхнiку. Цяпер гандляры ў памежных раёнах Польшчы i аўтаперавозчыкi зь Беларусi знайшлi спосаб, якi б дазваляў захаваць ранейшыя аб’ёмы гандлю.

На польскiх рынках i ў крамах харчы расфасаваныя ў прыдатную па сваёй вазе ўпакоўку. А каб перавезьцi праз мытню бытавую тэхнiку альбо тэлевiзары, кiроўцы пачалi дамаўляцца памiж сабой. За некалькi даляраў уладальнiкi менш занятых таварам аўтамабiляў дапамагаюць сваiм калегам перасячы мяжу i пазьбегнуць дадатковых мытных выдаткаў.

Захоўваюцца чэргi i на грузавым аўтапераходзе “Казловiчы–Кукурыкi”. Польскi бок тлумачыць гэта маруднасьцю працы беларускiх мытнiкаў i памежнiкаў. з-за чаго на тэрмiнале ў польскiм мястэчку Карошчын штодня каля тысячы грузавiкоў чакаюць дазволу, каб трапiць у Беларусь. У сваю чаргу, беларускiя мытнiкi сьцьвярджаюць, што вымушаныя больш пiльна кантраляваць аўтатранспарт, каб прадухiлiць шматлiкiя выпадкi правозу кантрабанды.


XS
SM
MD
LG