Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: АДНАЎЛЕНЬНЕ СЯБРОЎСТВА БЕЛАРУСІ Ў РАДЗЕ ЭЎРОПЫ НАВАТ НЕ РАЗГЛЯДАЕЦЦА


Алена Панкратава, Менск

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, Беларусь, якая адразу пасьля распаду камуністычнай сыстэмы надзвычай актыўна хадайнічала адносна свайго сяброўства ў Радзе Эўропы, сёньня ўсё больш аддаляецца ад гэтае эўрапейскае структуры. Пасьля таго, як у 1997 годзе рэжым Лукашэнкі набыў сапраўдныя рысы таталітарызму, гэтая маладая эўрапейская краіна была пазбаўленая свайго гасьцявога статусу ў ПАРЭ. На сёньняшні момант эўрапейскія палітыкі ня бачаць ніякіх пазытыўных зрухаў ва ўнутранай і замежнапалітычнай лініі афіцыйнага Менску, — піша швайцарскае выданьне.

Спасылаючыся на апошнюю заяву Рады Эўропы адносна Беларусі, “Neue Zuercher Zeitung” распавядае пра недахопы, якія ўтрымлівае выбарчая сыстэма краіны, пра зародкавы стан грамадзянскай супольнасьці, пра сыстэмнае парушэньне правоў чалавека, сумнеўную юстыцыю дый надзвычай абмежаваныя правы парлямэнту. Беларусь насамрэч стаіць на шляху самаізаляцыі — дачыненьні паміж Менскам і Захадам застаюцца надзвычай напружанымі. Асабліва гэта тычыць стасункаў з АБСЭ, чые дарадцы і назіральная група дагэтуль ня могуць атрымаць акрэдытацыі ад беларускіх уладаў.

Паводле “Neue Zuercher Zeitung”, нягледзячы на надзвычай складаныя дачыненьні зь Менскам, Рада Эўропы, аднак, не спыніла сваіх кантактаў ні зь беларускімі ўладамі, ні з апазыцыяй, спадзеючыся, што шляхам дыялёгу Беларусь можа дасягнуць сапраўдных пазытыўных пераменаў. Аднак, перакананыя эўрапейскія палітыкі, цягам апошніх месяцаў сытуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася. Гэта тычыцца самых розных галінаў.

Найбольш хвалюе эўрапейскіх парлямэнтароў сытуацыя са зьніклымі палітыкамі. Праблема застаецца нявырашанай, бо афіцыйны Менск так і не зрабіў ніякай публічнай заявы на гэты конт. Плянуецца, што ў часе паседжаньня бюро ПАРЭ ў Будапэшце, якое адбудзецца 22 кастрычніка, будзе абмеркаванае пытаньне візыту ў Менск адмысловай камісіі ў справе зьніклых беларускіх палітыкаў, якая створаная пры гэтай эўрапейскай структуры.

Як гаворыцца ў апошняй заяве ПАРЭ, аднаўленьне сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы на гэты момант нават не бярэцца ў разьлік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG