Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АШМЯНСКІЯ ЎЛАДЫ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ГРАМАДЗКАГА АКТЫВІСТА ПЯТРА ЯВІДОВІЧА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы ашмянскія ўлады пачалі праяўляць асаблівую пільнасьць да дзейнасьці актывістаў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. На некаторых апазыцыянэраў пачалі ціснуць. Гаворыць кіраўнік ашмянскага грамадзкага рэсурсавага цэнтру і актывіст Беларускага Гельсынскага камітэту Пётар Явідовіч:

(Явідовіч: ) “Пачаўся прэсінг на тых людзей, якія пачалі сябе актыўна праяўляць у грамадзкім жыцьці. Грамадзкія арганізацыі й партыі ідуць на выбары. У нашым раёне іду ня толькі я адзін, а цэлае кола маіх сяброў — грамадзкіх дзеячаў. І пачаўся прэсінг. Пачынаецца праверка нейкіх маіх фінансавых справаў, якія тычацца абмену кватэры. Міліцыя цікавілася, правяралі дакумэнты, каб знайсьці нейкую справу, каб я не пайшоў у дэпутаты”.

Паводле спадара Явідовіча, прэсінг уладаў гэтым не абмежаваўся. Ён сьцьвярджае, што супраць яго рыхтавалася правакацыя. Напрыклад, прыходзілі нейкія людзі і прапаноўвалі купіць рэчы сумнеўнага паходжаньня. Пётар Явідовіч падазрае, што яны былі крадзеныя. Цягам двух месяцаў у ягонай кватэры не было электрычнасьці, бо мясцовыя ўлады патрабавалі, каб Пётар выплаціў энэргетыкам запазычанасьць, якая засталася ад ранейшай гаспадыні жытла.

Мясцовая падатковая інспэкцыя цікавіцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю спадара Явідовіча, хаця ён даўно быў вымушаны згарнуць свой невялічкі бізнэс і закрыць майстэрню па рамонту гадзіньнікаў. Ціск аказваецца й на сяброў спадара Явідовіча, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у выбарах.

29-гадовы Пётар Явідовіч з 1995 па 1999 год ужо быў дэпутатам Ашмянскага раённага савету, і ўладам вельмі не падабаліся ягоныя дэмакратычныя погляды. Апошнім часам спадар Явідовіч удзельнічаў ва ўсіх значных палітычных і грамадзкіх кампаніях. Летась улады перасьледавалі яго за арганізацыю ў Ашмянах незалежнага назіраньня падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Пётар Явідовіч працягвае:

(Явідовіч: ) “Мая грамадзкая дзейнасьць скіраваная на працу ў Беларусі. Можа яны не разумеюць, што я не зьбіраюся рабіць нешта крымінальнае. Мая задача — працаваць і будаваць грамадзтва. Дэмакратычнае грамадзтва ў гэтай дзяржаве”.

Пётар Явідовіч апасаецца, што з набліжэньнем выбараў прэсінг уладаў на яго й ягоных паплечнікаў будзе ўзрастаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG