Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КЛЕЦКУ НЕВЯДОМЫЯ ЗЛАЧЫНЦЫ РАЗРАБАВАЛІ КАСЬЦЁЛ


Галіна Абакунчык, Менск

Начное рабаўніцтва вернікі выявілі раніцай, перад набажэнствам. Для людзей, якія ўласнаручна парадкавалі й аздаблялі сьвятыню, гэта сталася цяжкім ударам. Гавораць парафіяне касьцёлу Сьвятой Тройцы:

(Парафіянка: ) “Злыдні нейкія зламалі дзьверы, акно разьбілі”.

(Іншая парафіянка: ) “Разьбілі вазы, ліхтар пры ўваходзе, каплічка Сьвятой Тройцы валялася на зямлі — жудасна было бачыць. Кніжку, якую чытаюць падчас імшы, цалкам парвалі”.

(Парафіянка: ) “Усё паламалі, пакрышылі: алтар быў прыбраны, абразы са сьценаў паскідалі. Пэўна, хацелі павыносіць, але ж нехта ім перашкодзіў”.

Намесьнік кіраўніка Клецкага райаддзелу міліцыі Іван Майсейчык кажа, што міліцыя пакуль ня выйшла на сьлед злачынцаў. Але яны мяркуюць, што гэта звычайнае п’янае альбо падлеткавае хуліганства. Гаворыць Іван Майсейчык:

(Майсейчык: ) “Разьбіта, але нічога ня ўзята з касьцёлу. Хутчэй гэта хуліганства — можа п’яны хто залез, можа й дзеці, але я не сьцьвярджаю. Але я адназначна скажу, што рэлігійных там няма ніякіх праяваў”.

Іншага меркаваньня трымаюцца парафіяне. Рэч у тым, што капліца месьціцца ў звычайным аднапавярховым доме, другая палова якога ёсьць жытлом сьвятара. Гэты дом клецкія каталікі атрымалі ад уладаў замест старажытнага касьцёлу, што цяпер займае праваслаўная царква. Надзвычайнае здарэньне адбылося ўпершыню за восем гадоў ад часу існаваньня бажніцы й у наступную ноч пасьля таго, як сьвятар зьехаў, каб вырашыць справу фінансаваньня новага касьцёлу. Ягоны жылы пакой застаўся некранутым. Вернікі мяркуюць, што злачынства ёсьць справай рук дарослых і, магчыма, справакаванае нядаўна прынятым законам аб свабодзе веравызнаньня.

(Парафіянін: ) “Ні ў якім разе ня дзеці. Гэта не дзіцячая работа”.

(Парафіянка: ) “Дзеці можа грошы шукалі б. А навошта ім гэта?”

(Парафіянін: ) “Рэлігійная нянавісьць — коратка й ясна”.

(Парафіянка: ) “Я ня думаю, што гэта зрабілі хрысьціяне, бо ў нас адзін ідэал, адзін Бог. Можа закон, які нядаўна прынялі, падштурхнуў — вось гэта можа быць”.

Пакуль міліцыянты шукаюць злачынцаў, клецкія каталікі (а гэта пераважна пэнсіянэры) чакаюць свайго сьвятара і наладзілі пачарговую ахову капліцы штоноч.

XS
SM
MD
LG