Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА БЕЛАРУСЫ ДА АПОШНІХ ТЭРАКТАЎ У ІНДАНЭЗІІ Й ФІНЛЯНДЫІ?


Ганна Соўсь, Менск

Ня ўсе апытаныя мной мінакі ведалі пра тэрарыстычныя акты ў Інданэзіі й Фінляндыі, але ў сваім стаўленьні да тэрарызму былі аднадушныя.

(Спадарыня: ) “Пры гэта я ня чула, але ўвогуле да ўсіх тэрактаў я вельмі дрэнна стаўлюся. Лічу, што гэта беспадстаўныя акцыі”.

(Другая спадарыня: ) “Гэта жудасна проста. Няма словаў, каб апісаць гэта ўсё. Я не разумею, як людзі могуць так рабіць і забіваць сабе падобных”.

(Спадар: ) “Бесчалавечна рабіць гэтак”.

(Спадарыня: ) “Зьнішчаюць шмат бязьвінных людзей, якія зусім не разумеюць, за што яны расплачваюцца ўласным жыцьцём, жыцьцём сваіх блізкіх, любімых”.

(Спадар: ) “Галоўнае, што ў Беларусі гэтага няма. Усё сыходзіць ад бін Лядэна, ад “Аль-Каіды”. Трэба неяк выкараняць гэта ўсім сьветам”.

(Спадарыня: ) “Можа, сапраўды, калі гэтых людзей усе ўзьненавідзяць, то ім ня будзе месца на гэтай зямлі”.

(Другая спадарыня: ) “У любымі выпадку тэракт — гэта пачварны акт. Калі з-за палітыкі пакутуюць мірныя простыя людзі, дзеці, то гэтая палітыка ня мае ніякай асновы, бо яна забівае сваю будучыню”.

На мінулым тыдні Кангрэс ЗША ўхваліў рэзалюцыю, якая дазваляе прэзыдэнту распачаць ваенныя дзеяньні супраць Іраку. Амаль усе мае суразмоўцы не падтрымліваюць гэтага рашэньня.

(Спадар: ) “Я не падтрымліваю любыя вайсковыя дзеяньні”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы мяркуеце, якім чынам магчыма змагацца з тэрарызмам?”

(Спадар: ) “Шляхам перамоваў, палітычным урэгуляваньнем, каб не было зерня для яго прарастаньня. Калі нармальныя ўмовы ў краіне, дзейнічаюць законы й Канстытуцыя, то ня будзе й тэрарызму”.

(Другі спадар: ) “Я супраць. Не даказана, што менавіта Ірак адказны з тэрарыстычныя акты. ЗША ня маюць рацыі. Яны лічаць сябе ўладальнікамі сьвету”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі вялікая памылка. Яна прывядзе да трэцяй сусьветнай вайны, якая зьнішчыць увесь сьвет”.

(Спадар: ) “У Іраку ёсьць ядзерная зброя, і ён можа ў любы момант выкарыстаць яе, і наступствы для ўсяго сьвету могуць быць катастрафічнымі. Яго могуць падтрымаць іншыя краіны, прыкладам Іран. Нават Расею могуць да гэтага прыцягнуць”.

Многія не выключаюць, што магчымая вайсковая апэрацыя супраць Іраку закране Беларусь.

(Спадарыня: ) “Неяк гэта адаб’ецца на ўсім сьвеце, ня толькі ў Беларусі”.

(Другая спадарыня: ) “Канечне, закране... Я хачу сказаць пра нашыя тэракты. Наш прэзыдэнт пра нас забыў. Ніхто з пэнсіянэраў за яго галасаваць больш ня будзе”.

(Спадар: ) “Эканамічныя наступствы будуць, таму што ёсьць пастаўкі нафты ды іншых тавараў. Беларусь гандлюе з Іракам”.

(Другая спадарыня: ) “Я баюся, што калі яны запусьцяць гэтыя ядзерныя ракеты, то ўвесь сьвет скалыхнецца, экалёгія парушыцца. У нас ужо цяпер ёсьць нейкія глябальныя перамены ў надвор’і”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG