Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РОСТ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЯЎ ПА ЗАРОБКАХ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прафэсар Уладзімер Кулажанка, аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Затрымкі заробкаў сталі звыклай зьявай грамадзкага жыцьця Беларусі. Яны даўно ўжо нікога не зьдзіўляюць, да іх прызвычаіліся як да дрэннага надвор’я. Нельга сказаць, што ўлады не зьвяртаюць увагі на гэтую праблему. Пра яе пастаянна гаворыць Лукашэнка. Яна рэгулярна абмяркоўваецца ў Савеце Міністраў, на розных паседжаньнях з удзелам кіраўнікоў вэртыкалі і гаспадарнікаў.

Тым ня менш, мы назіраем тэндэнцыю росту запазычанасьці па заробках. На канец верасьня яна дасягнула рэкорднага паказчыка: 19% ад фонду заработнай платы. Гэта значыць, што на канец верасьня 1/5 частка працаўнікоў не атрымала заробак за жнівень.

У сельскай гаспадарцы гэты паказчык наогул дасягнуў 121%. І гэта адбываецца ў пэрыяд, калі заканчваецца ўборачная кампанія і ў калгасаў, здаецца, павінныя былі зьявіцца грошы за прададзеную дзяржаве прадукцыю.

І яшчэ адна акалічнасьць. Рост запазычанасьці па заробках адбываецца адначасова з ростам сукупных эканамічных паказчыкаў. Паводле афіцыйных зьвестак, у краіне адбываецца рост сукупнага ўнутранага прадукту, вытворчасьці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У чым прычына росту запазычанасьці? І як растлумачыць такую даволі дзіўную зьяву, калі адначасова з ростам сукупных паказчыкаў адбываецца рост і запазычанасьцяў па заробках?”

(Уладзімер Кулажанка: ) “Я хацеў бы найперш зазначыць, што такая пэрманэнтная запазычанасьць па заробках зьяўляецца вынікам адміністрацыйнай эканомікі ў краіне. Яна да гэтага часу не перайшла на рынкавыя рэйкі, і ідзе прымусовая арганізацыя вытворчасьці. Прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю не на падставе попыту, а таму, што атрымалі загад. Вось гэта асноўная прычына, калі казаць, так бы мовіць, канцэптуальна.

Адміністрацыйны характар эканомікі прывёў да таго, што прадукцыя вырабляецца на склад. І склады загрувашчаныя прадукцыяй, якая не карыстаецца попытам. Прадпрыемствы нешта вырабляюць, ёсьць рост сукупнага ўнутранага прадукту. Але паколькі прадукцыя не рэалізаваная, то няма грошай ні на заробкі, ні на абаротны капітал (гэта значыць, на набыцьцё сыравіны, электраэнэргію) і г.д. І прадпрыемствы скутыя гэтымі акалічнасьцямі. Адбываецца калі ня крызыс, то стагнацыя”.

(Міхал Залескі: ) “Мы бачым, што ў 1997 годзе запазычанасьць было 13% да фонду заработнай платы, у 1998 — 14%, у 1999 — 11%, у 2000 — 7%, у 2001 — 12%. З гэтых лічбаў мы бачым, што запазычанасьць выйшла за межы сярэдняй у апошнія пяць гадоў. Гэта азначае, што адміністрацыйны рэсурс вычарпаны. Фонды зношаныя, няма абаротных сродкаў. І эканоміка пачынае гібець.

Але можна паглядзець і з другога боку. Калі раптам нехта загадае, знойдуць грошы, завінавачаныя сельскай гаспадарцы, і аддадуць усё вяскоўцам, то на адну вясковую душу выпадзе менш за 20 даляраў. Вось такія мізэрныя заробкі на чалавека, калі раскінуць гэтую запазычанасьць”.

(Карбалевіч: ) “Нядаўна, знаходзячыся ў Сьветлагорску, Лукашэнка аддаў загад зьліквідаваць усе запазычанасьці па заробках у краіне да канца гэтага году. Ці будзе выкананае гэтае заданьне? І за кошт чаго можна зьліквідаваць запазычанасьць? Дзе кіраўнікі прадпрыемстваў знойдуць грошы?”

(Кулажанка: ) “Справа ў тым, што такія загады былі і раней. Ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, кіраўнікоў рэгіёнаў патрабавалася зрабіць усе захады, каб заробкі былі выплачаныя. І апошнія прыкладалі ўсе намаганьні, каб выканаць загад. Аднак ніколі не было такога, каб усе заробкі былі выплачаныя. Даволі значныя сумы запазыкаў заставаліся.

І крыніцай гэтага пагашэньня запазычанасьцяў заўсёды былі крэдыты банкаў. Камэрцыйныя банкі абапіраліся да такой ступені, што яны трацілі, так сказаць, сваю эканамічную вагу. З гэтай прычыны расьлі запазычанасьці прадпрыемстваў перад банкамі. Праз пэўны час гэтая запазычанасьць па заробках расла зноў.

Так будзе і на гэты раз. Калі загад Лукашэнкі будзе выкананы, то празь нейкі час запазычанасьць зноў будзе расьці і можа дасягнуць нават больш значнага узроўню”.

(Карбалевіч: ) “Ці можа здарыцца такая сытуацыя, калі і ў банках скончацца грошы? Тады што застаецца, друкаваць іх?”

(Кулажанка: ) “Улічваючы запасы камэрцыйных банкаў, можна сказаць, што ўжо і сёньня яны ня могуць пракрэдытаваць гэтую запазычанасьць заробкаў бяз шкоды, безь фінансавай пагрозы для сябе. Агульны крызыс у эканоміцы адлюстроўваецца і ў фінансавым становішчы банкаў”.

(Залескі: ) “Сыстэма дзяржаўнай улады ў краіне адбудаваная. І калі загадае Лукашэнка выплаціць 25 заробкаў адначасова, то выплацяць і 25. Толькі якой цаной для эканомікі? Зараз, тут я згодзен са спадаром Кулажанкам, будуць дадойваць камэрцыйныя банкі. Але там сапраўды ўжо няма чаго забіраць. Таму застаецца рабіць грошы з паветра. Гэта пацягне рост інфляцыі, цэнаў, тарыфаў. І яны ўжо растуць. То бок, спачатку бяруць грошы з кішэняў людзей, а потым ім жа іх вяртаюць”.

(Карбалевіч: ) “Давайце зьвернемся да сацыяльнага аспэкту праблемы. Колькі гатовыя чакаць беларускія працаўнікі? І ў якім выпадку магчымыя нейкія публічныя пратэсты? Пры нявыплаце заробкаў два месяцы, тры месяцы? Дзе мяжа цярпеньня? І ці існуе яна наогул?”

(Кулажанка: ) “Перш за ўсё я хацеў бы заўважыць, што сучасны ўзровень заработнай платы вельмі нізкі. Яго не хапае нават на месяц, калі б заробкі выплачваліся рэгулярна.

Ідзе працэс выжываньня. І людзі трываюць затрымкі заробкаў толькі таму, што маюць нейкія дадатковыя даходы. Вяскоўцы, напрыклад, жывуць за кошт сваёй прысядзібнай гаспадаркі. Так што людзі церпяць даўно. І я не магу вызначыць тую мяжу, па-за якой гэтае цярпеньне скончыцца. І тым больш, у якой форме рэалізуецца пратэст”.

(Залескі: ) “Цярпеньне і чаканьне беларусаў бязьмежнае. Усе выкручваюцца, хто як можа. Ёсьць такая рэзэрва як ценявы сэктар. Нехта нешта прадае. Вяскоўцы будуць бясконца трываць, таму што чапляюцца за зямлю. І ня толькі вяскоўцы. Большасьць насельніцтва Беларусі атрымлівае прыбытак ад зямлі.

Нешта ў людзей назапашана. Але ня надта многа. Тое, што ёсьць на прыватных укладах у банках, можна “праесьці” за тры месяцы. Але гэтыя ўклады разьмеркаваныя вельмі нераўнамерна. Значная частка грошай знаходзіцца на рахунках невялікай колькасьці заможных людзей.

Важны фактар тут — беларуская мэнтальнасьць. Людзі ад гэтай дзяржавы даўно ўжо нічога не чакаюць, а спадзяюцца толькі на сябе. Таму змагацца з гэтай дзяржавай яны ня будуць”.

(Карбалевіч: ) “Якія прагнозы вы маглі б даць на пэрспэктыву? Затрымкі заробкаў будуць расьці ці зьменшацца?”

(Кулажанка: ) “Я лічу, што затрымкі заробкаў будуць павялічвацца. Крызысны характар нашай эканомікі не дазваляе рабіць аптымістычныя ацэнкі. Да таго часу, пакуль у нас ня будуць усталяваныя рынкавыя адносіны і рынкавы мэханізм ня стане асновай рэгуляваньня нашай эканомікі, праблема запазычанасьці заробкаў будзе заставацца даволі вострай”.

(Залескі: ) “Запазычанасьць мае цыклічны характар. Пад канец году яна зьменшыцца. Потым зноў пачне паціху ўзрастаць. Так адбываецца штогод. Але пакуль ня будзе рэформаў, дзяржава будзе рабіць выгляд, што плаціць грошы, а насельніцтва будзе рабіць выгляд, што працуе. У выніку, напрыклад некалі мы мелі аднолькавае зь Літвой спажываньне хатніх гаспадарак, а зараз яны нас ужо абагналі. У гэтым пляне нас абагналі ўжо ўсе суседзі.

Усе “посьпехі” нашай прамысловасьці ствараюцца за кошт насельніцтва. І ўсё гэта можа цягнуцца доўга, як на Кубе ці ў Паўночнай Карэі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праблема своечасовай выплаты заробкаў ня мае рашэньня ў межах цяперашняй беларускай сацыяльнай мадэлі. Яе можна вырашыць толькі на шляху сыстэмных рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы”.

XS
SM
MD
LG