Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДВАКАТА ІГАРА АКСЁНЧЫКА АСУДЗІЛІ НА ПАЎТАРА ГОДА ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ З АДТЭРМІНОЎКАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чатырох дзён хапіла судзьдзі Валянціне Крывой, каб разабрацца ў справе адваката Ігара Аксёнчыка і вынесьці яму абвінаваўчы прысуд — адвакату далі паўтара года турмы з двухгадовай адтэрміноўкай. Як асаблівасьці варта адзначыць яшчэ тое, што працэс быў закрытым і што ўпершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі паводле крымінальнага артыкулу адвакат быў асуджаны за словы, сказаныя падчас судовага працэсу.

Але зразумела, што галоўная інтрыга працэсу ў асобе чалавека, якога суд сёньня прызнаў пацярпелым. Гэта генэральны пракурор Віктар Шэйман, пра якога Аксёенчык сказаў, што ён нібыта асноўны падазраваны ў справах зьніклых. З прысуду вынікае, што гэтыя падазрэньні адваката ёсьць паклёпам на генэральнага пракурора, за што адвакату давядзецца несьці крымінальную адказнасьць. Ігар Аксёнчык, аднак, і цяпер лічыць сябе невінаватым і заяўляе, што дзейнічаў у адпаведнасьці з законам і службовымі абавязкамі.

(Аксёнчык: ) “Мая заява тлумачылася абурэньнем тымі грубымі парушэньнямі закону, якія былі дапушчаныя падчас расьсьледаваньня справы Завадзкага. Мне як адвакату, які абараняе правы пацярпелай маці, даводзілася ставіць пытаньні пра дакумэнты, у якіх магчыма ёсьць адказы на пытаньні пра лёс Завадзкага і іншых зьніклых. Але сьледзтва гэтыя дакумэнты ігнаравала, таму я і даваў гэтае інтэрвію”.

Паводле Аксёнчыка, ён ніколі не сьцьвярджаў пра датычнасьць да зьнікненьняў генэральнага пракурора, а толькі казаў пра падазрэньні на ягоны адрас.

(Аксёнчык: ) “Няма зьвестак, даваў ці не даваў Шэйман загад на тое, што адбылося з Завадзкім і гэтак жа зь іншымі. Але паводле дакумэнтаў, пра якія я казаў на судзе, выкраданьнямі палітыкаў займалася група пад кіраўніцтвам камандзіра СОБРу Паўлічэнкі, і ў яго была сувязь з тагачасным міністрам унўтраных справаў Сіваковым і генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам”, — паведаміў Ігар Аксёнчык.

Ён ня лічыць, што Віктар Шэйман асабіста адпомсьціў яму за былыя заявы, гэтак сама як ня лічыць працэс наўпрост звязаным з палітыкай. “Гэта хаваньне доказаў віны, вось у чым я безумоўна перакананы”, — заявіў журналістам Ігар Аксёнчык.

Прысуд ён намераны абскардзіць, але без асаблівых надзеяў на посьпех. “Яшчэ ўчора на судзе я зразумеў, што мяне асудзяць”, — пашчыраваў адвакат, але не патлумачыў, што такога асаблівага адбылося ўчора. Справа ў тым, што з прычыны закрытасьці працэсу ён гэтага рабіць ня можа, бо зноў апынецца на лаве падсудных.

Што да прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачаньня на працэсе, то пракурор Аляксей Стук вынікам суду аказаўся задаволены. У камэнтары для Радыё Свабода ён назваў рашэньне судзьдзі “цалкам законным”. Дарэчы, паводле маіх зьвестак падначалены Віктара Шэймана пракурор Стук прасіў для Аксёнчыка дакладна паўтара года ўмоўнага зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG