Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ РАСПАЧЫНАЕ ГРАМАДЗЯНСКУЮ КАМПАНІЮ “ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры Сойму БНФ лічаць, што самым галоўным палітычным пытаньнем зараз ёсьць абарона незалежнасьці Беларусі ад імпэрыялістычных памкненьняў расейскага кіраўніцтва. Таму яны вырашылі распачаць агульнанацыянальную кампанію “За незалежнасьць”.

Першай акцыяй гэтай кампаніі мусіць стаць вулічныя шэсьце й мітынг у Менску 17 лістапада. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Неабходныя тэксты й каляндарны плян ужо гатовыя. Першым пікам павінна стаць 17 лістапада”.

(Карэспандэнт: ) “І якая галоўная мэта гэтай акцыі?”

(Вячорка: ) “Гэтае сьцьверджаньне перад беларускім грамадзтвам і перад сьветам волі палітычна актыўнай яго (беларускага грамадзтва) часткі бараніць незалежнасьць. І таксама пасланьне беларускаму народу пра тое, што незалежнасьць і эўрапейскі выбар — гэта ёсьць адзіная магчымая альтэрнатыва ў процівагу тром пуцінскім”.

Арганізатарамі гэтай кампаніі, якая працягнецца як мінімум паўгода, акрамя БНФ сталі Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя, БСДГ Станіслава Шушкевіча, Партыя свабоды, Малады Фронт, дэмакратычныя прафсаюзы й няўрадавыя арганізацыі.

Для ініцыятараў кампаніі “За незалежнасьць” непрымальныя лёзунг некаторых іншых апазыцыйных партыяў кшталту “Разам з Расеяй у Эўропу!” ці інтэграцыя Беларусі з усходнім суседам на ўзор Эўразьвязу. На думку сябраў Сойму БНФ, ёсьць сапраўдны Эўразьвяз — і Беларусі трэба імкнуцца менавіта туды, а не падмяняць інтэграцыю з Эўропай іншымі незразумелымі аб’яднаньнямі.

Кіраўніцтва БНФ асабліва натхняе тое, што паводле апошніх сацыялягічных дасьледааньняў больш за палову беларусаў хоча ўваходжаньня сваёй краіны менавіта ў Эўразьвяз. Таму вулічныя акцыі, а таксама іншыя мерапрыемствы “За незалежнасьць” будуць праходзіць пад беларускімі нацыянальнымі сьцягамі й сьцягамі Эўразьвязу. У справе эўрапейскай інтэграцыі БНФ спадзяецца здабыць шырокую народную падтрымку.

Першыя вынікі гэтай кампаніі арганізатары зьбіраюцца падвесьці 25 сакавіка — у 85-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Для агітацыі за незалежную Беларусь у аб’яднанай Эўропе Сойм БНФ зьбіраецца выкарыстаць выбарчую кампанію ў мясцовыя саветы. Ад БНФ у гэтых выбарах пакуль зьбіраецца ўзяць удзел каля 100 чалавек. Гэтыя кандыдаты будуць змагацца ня толькі за дэпутацкія мандаты, але й праводзіць агітацыйную кампанію. Перадвыбарчую кааліцыю БНФ зьбіраецца ствараць найперш з тымі партыямі, якія падтрымліваюць грамадзянскую кампанію “За незалежнасьць”. Канчатковы фармат гэтай кампаніі павінен зацьвердзіць зьезд БНФ, які адбудзецца 1 сьнежня.

Тым часам учора ў Менску прайшоў Сойм Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якой кіруе Зянон Пазьняк. Сябры гэтага Сойму заклікалі грамадзянаў Беларусі ня браць удзел у мясцовых выбарах, што рыхтуюцца па сцэнары ўладаў, патрабаваць новых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам і актыўна бараніць незалежнасьць краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG