Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯМЛЯ ПЕРАД КРЫЖАМ ПАКУТАЎ У КУРАПАТАХ РАЗВАРОЧАНАЯ БУДАЎНІЧАЙ ТЭХНІКАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Будаўніцтва Менскай кальцавой аўтадарогі ў раёне Курапатаў амаль скончанае. Хоць яе афіцыйнае адкрыцьцё прызначанае на лістапад, па дарозе ўжо езьдзіць транспарт. Уздоўж дарожнага насыпу ўсталяваная бэтонная агароджа, а будаўнікі працуюць толькі ў падземным пераходзе, які злучае Курапаты зь мікрараёнам Зялёны луг.

Тым ня менш нейкім невядомым вандалам усё карціць рабіць нейкія працы ў самым цэнтры мэмарыялу. Калі я сёньня прыйшоў у Курапаты, дзе сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ праводзілі традыцыйную штосуботнюю талаку, то па ўсёй галоўнай пляцоўцы ўбачыў глыбокія выбаіны ад колаў цяжкой машыны. Будаўнікі гавораць, што ня ведаюць, навошта ў Курапаты ўяжджала тэхніка і хто даў на гэта дазвол. З надыходам восені гэтую пляцоўку таксама стала заліваць вада.

Абаронцы Курапатаў з КХП БНФ гавораць, што ўлады ня робяць нічога, каб абараніць мэмарыял ад вандалаў і прыродных катаклізмаў. Межы Курапатаў на мясцовасьці так і не пазначаныя, адмысловыя слупы не ўкапаныя, а таксама ня зробленая дрэнажная сыстэма, якая мела бараніць тэрыторыю мэмарыялу ад паводкаў. Тым часам на ускрайку курапацкага лесу распачынаецца будаўніцтва катэджнага пасёлку й праваслаўнага жаночага манастыра. Прычым будаўніцтва пасёлку вядзецца без дазволу Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі. Абаронцы Курапатаў з КХП БНФ лічаць, што ўлады не пакідаюць надзеі зьнішчыць мэмарыял любым чынам.

Сёньня ўдзельнікі талакі прыводзілі ў парадак спляжаную тэхнікай галоўную пляцоўку мэмарыялу, засыпалі сьляды ад колаў і садзілі траву. Уся гэтая праца вядзецца ў рамках падрыхтоўкі да Дня памінаньня продкаў "Дзяды". Кіраўніцтва КХП БНФ ужо падала ў гарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць 2 лістапада а 11 гадзіне шэсьце ад парку Чалюскінцаў да Курапатаў. Гэтае шэсьце скончыцца традыцыйным жалобным мітынгам каля Крыжа пакутаў.


XS
SM
MD
LG