Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пастановай Швэдзкай Каралеўскай акадэміі навук 72-гадовы пісьменьнік ушанаваны за апісаньне крохкага досьведу процістаяньня асобы барбарскай самаволі гістрыі. Кэртэс – былы вязень нацысцкіх канцэнтрацыйных лягераў Асьвенцым і Бухэнвальд. Ён аўтар раманаў “Ангельскі сьцяг”, “Сьледапыт”, а таксама зборнікаў эсэ.

ЗША. Нью-Ёркскі музэй выяўленчых мастацтваў Мэтраполітэн застаўся без аднаго з найбольш каштоўных экспанатаў. Як паведаміў дырэктар музэю Філіп дэ Мантабэла, разьбілася мармуровая статуя Адама, створаная вэнэцыянскім скульптарам Туліа Лямбарда. Гэты шэдэўр італьянскага Адраджэньня, створаны ў 1490-95 гадох, быў часткай сталай экспазыцыі Мэтраполітэн. На думку экспэртаў, трагедыя адбылася ў выніку ненадзейнасьці п’едэсталу. Паводле дырэктара музэю, разьбітая статуя будзе адноўленая рэстаўратарамі, якім на гэта можа спатрэбіцца да двух гадоў працы.

ВУГОРШЧЫНА. Адной з асноўных архітэктурных славутасьцяў Будапэшту – будынку вугорскага парлямэнту – 100 гадоў. Ён збудаваны ў стыле эклектычнай нэаготыкі паводле праекту архітэктара Імрэ Штэйндала. Як сьведчыць гістарычная хроніка, на будаўніцтва пайшло больш сарака мільёнаў цаглінаў і 30 тысячаў кубамэтраў каменьня. Штодзённа на будоўлі працавалі ня менш як тысяча чалавек. Замест заплянаваных дзевяці з паловай мільёнаў крон на рэалізацыю праекту пайшло 37 мільёнаў. Да стагадовага юбілею ў парлямэнце адчыненая выстава пра гісторыю будынку і ягоны сёньняшні дзень. Экспанаты апавядаюць і пра гісторыю вугорскага парлямэнтарызму. Напрыклад, пра тое, як у кастрычніку 1902 году манарх краіны не зьявіўся на першае паседжаньне, што выклікала незадаволенасьць дэпутатаў.

РУМЫНІЯ. Як паведамляе румынская газэта “Adevarul” невялікая царква ў мястэчку Хусі, што на поўначы краіны, стала месцам паломніцтва хрысьціянаў. Гэта адбылося пасьля таго як рабочыя, што працавалі на рэканструкцыі храма, знайшлі магілу сьвятара, пахаванага тут у ХІХ стагодзьдзі. Але ўвагу шматлікіх вернікаў прыцягнула не цудоўная захаванасьць цела, а пах ружаў, які гэтае цела вытачае. Лічыцца, што памерлыя, адзначаныя асаблівай боскай ласкай, застаюцца нятленнымі і разьліваюць прыемны водар, таму што іхнае цела наведаў сам Ісус Хрыстос. Паводле царкоўных запісаў можна меркаваць, што ў знойдзенай магіле пахаваны сьвятар Іерамія Хагіў, які асьвяціў гэтую царкву на пачатку 1800-ых гадоў. Вікарый царквы Сьвятога Міколы Аляксандру Віяну ў сувязі са знаходкай сказаў: “Выглядае, што мы сутыкнуліся з пахаваньнем сапраўднага сьвятога”.

КАЛЮМБІЯ. У Калюмбіі пабачылі сьвет успаміны Габрыэля Гарсія Маркеса. Сам пісьменьнік прэзэнтацыю выданьня праігнараваў, спаслаўшыся на кепскае самаадчуваньне і загружанасьць працай. У 1999 годзе Маркес захварэў на рак лімфы і праз год напісаў разьвітальны ліст да чытачоў. Аднак, праз некаторы час у гішпанскай газэце “El Pais” зьявіліся ўрыўкі з мэмуараў Маркеса. У мэмуарах Маркес апісвае сваё ўласнае жыцьцё да 1955 году. Пры гэтым пісьменьнік абяцае распавесьці і пра іншыя гады. У наступным тыдні кніга выйдзе ў іншых краінах Лацінскай Амэрыкі і ў Гішпаніі. Паліцыя Калюмбіі заявіла, што не дазволіць выдаваць мэмуары жывога клясыка пірацкім спосабам.

АРГАНІЗАЦЫЯ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ. Удава Джона Ленана Ёка Она напярэдадні 62-га дня нараджэньня свайго мужа ўсталявала ў памяць пра яго адмысловы прыз, які ўручыла двум мастакам, што жывуць у зоне палестынска-ізраільскага канфлікту. Ізраілец Цві Гальдштэйн і палестынец Халіл Рабах атрымалі па 50 тысячаў даляраў за тое, што іхныя “музы не маўчаць” у той час, як побач зь імі ідзе вайна і “гавораць гарматы”. Прыз “Ленан Она Падзяка За Мір” будзе цяпер уручацца штогод. Аднак ім будуць ушанаваныя творчыя дасягненьні толькі тых, хто жыве на “тэрыторыі вайны”. На ўрачыстасьць уручэньня ўзнагародаў, якая прайшла ў штаб-кватэры ААН прыехалі больш за 300 ганаровых гасьцей, сярод якіх быў і генэральны сакратар ААН Кофі Анан з жонкай Нан.

САВУДАЎСКАЯ АРАБІЯ. Савудаўцы зьнялі мультфільм пра жыцьцё заснавальніка ісламскага вучэньня прарока Мухамэда. Стужка была ўхваленая багасловамі ісламскага ўнівэрсытэту Аль-Азхар. Здымкі 90-хвіліннай стужкі “Мухамэд – апошні прарок” каштавалі савудаўскай кампаніі “Бадр Інтэрнэйшнл” 10 мільёнаў даляраў. Паведамляецца, што фільм выйдзе таксама з субтытрамі на ангельскай і францускай мовах. Прэм’ера адбудзецца 16 кастрычніка ва ўсіх кінатэатрах арабскіх краінаў. Больш за 20 гадоў таму Лівія фінансавала мастацкі фільм “Прарок” з удзелам усясьветных кіназорак, у якім апавядалася пра пачатак прапаведаваньня Мухамэдам ісламу. У стужцы паказвалі толькі цень Прарока, паколькі ягоныя выявы, згодна з ісламскай традыцыяй, забароненыя.
XS
SM
MD
LG