Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ КАЖА, ШТО ЗЬ БЕЛАРУСІ ЎВА ЎКРАІНУ ТЭРМІНОВА ПРЫВЕЗЬЛІ РАДАРНЫ КОМПЛЕКС “КАЛЬЧУГА”, КАБ ПАКАЗАЦЬ ЯГО ЗАХАДУ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве адна зь лідэраў украінскае апазыцыі Юлія Тымашэнка заявіла, што ўначы з чацьвярга на пятніцу празь беларуска-ўкраінскую мяжу праехалі тры вагоны з радарным комплексам “Кальчуга”. Потым “Кальчугу” прывезьлі на тэрыторыю вайсковай часткі ў Чарнігаўскай вобласьці ды ўначы пачалі перафарбоўваць, паведаміла спадарыня Тымашэнка. Паводле яе, інфармацыю пра перавозку “Кальчугі” праз памежны пункт “Новыя Ярылавічы” і горад Славутыч яна атрымала ад шасьці розных крыніцаў, у тым ліку ад мытнікаў і са згаданай вайсковай часткі. Незалежна ад Юліі Тымашэнкі гэтую інфармацыю атрымаў яшчэ адзін зь лідэраў украінскае апазыцыі Аляксандар Мароз.

Адказваючы на пытаньне, ці ўпэўненая яна, што гэта былі менавіта комплексы “Кальчуга”, Юлія Тымашэнка адказала гэтак: “Людзі, якія іх фарбавалі, ведалі, ШТО фарбавалі”. Паводле вядомай украінскай апазыцыянэркі, радарны комплекс зь Беларусі прывезьлі на ўкраінскую тэрыторыю, каб паказаць групе амэрыканскіх і брытанскіх экспэртаў наяўнасьць усіх “Кальчуг”, якія былі вырабленыя Ўкраінай. Яна таксама заявіла, што прэзыдэнт Украіны ўважліва сачыў за перавозкай беларускай “Кальчугі”.

Спадарыня Тымашэнка паведаміла, што абвінавачаньне паводле гэтага эпізоду ўкраінская апазыцыя сярод іншага прад’явіць прэзыдэнту Леаніду Кучму заўтра, 12 кастрычніка. А празь дзень, 13 кастрычніка, пачнецца візыт інспэктараў зь Вялікае Брытаніі й ЗША, якія будуць правяраць зьвесткі пра мажлівасьць продажу комплексу “Кальчуга” з Украіны ў Ірак.

Тым часам Міністэрства абароны Ўкраіны абвергла інфармацыю пра перавозку “Кальчугі” зь Беларусі. Прэсавая служба ўкраінскага вайсковага ведамства афіцыйна заявіла, што “дадзены факт абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці. Сапраўды, у вайсковай частцы А-2622 (камандзір — маёр Георгі Безхмяльніцын), якая дысьлякуецца ў горадзе Чарнігаў, з 1992 году на доўгатэрміновым захаваньні знаходзяцца тры комплексы “Кальчуга”. Ніякіх іншых комплексаў гэтага тыпу, у прыватнасьці зь Беларусі, вайсковая частка на захаваньне не атрымлівала”.

Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла таксама, што “згодна з плянам пераводу тэхнікі на зімовы пэрыяд эксплюатацыі, у гэты момант праводзяцца адпаведныя работы абслугоўваньня згаданых трох комплексаў “Кальчуга”, а інфармацыю, якую распаўсюдзіла Юліі Тымашэнка, вайсковае ведамства назвала “інсынуацыямі”.

Тое самае заявілі мне ў Міністэрстве абароны Беларусі, кіраўнік прэсавай службы якога Леанід Захаранка сказаў:

(Захаранка: ) “Камэнтар вельмі лёгкі й просты: гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Я скажу так — чыста маю думку: гэта такая афэра нейкая хітрая. Выказваньне — гэта добрая была правёрнутая задача прапагандысцкая, інфармацыйная. Ну што гэта за шахер-махер, што гэта за міжнародныя стасункі? Ды хто б на гэта пайшоў, груба кажучы? Цяжка ўявіць”.

У прэсавым цэнтры Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі агенцтву БелаПАН заявілі, што не займаюцца даглядам грузаў, якія праходзяць празь мяжу, бо гэта задача мытні. А вось што сказала мне супрацоўніца прэсавай службы Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Вольга Сысько:

(Сысько: ) “У нас няма такой інфармацыі. Нам ужо тэлефанавалі таксама з гэтым пытаньнем, толькі яны казалі, што з боку Ўкраіны ў Беларусь гэтыя ўстаноўкі йдуць. У нас няма інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG