Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЛЕГАЛЬНЫХ ІНДЫЙСКІХ МІГРАНТАЎ ДЭПАРТАВАЛІ Ў РАСЕЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Групу нелегалаў-індусаў, што налічвала 35 чалавек, затрымалі раніцай у сераду ўчастковыя інспэктары менскай раённай управы міліцыі, падчас праверкі пашпартнага рэжыму. Ва ўсіх затрыманых былі індыйскія пашпарты.

Як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе Менскай абласной управы ўнутраных справаў, усе гэтыя індусы легальна прыехалі ў Маскву, у госьці да свайго земляка. Яны сьцьвярджалі, што менавіта гэты зямляк і прапанаваў ім паехаць у Беларусь, дзе нібыта можна знайсьці добрую працу.

У Менску індусаў сустрэлі нейкія хлопец і дзяўчына і адвезьлі іх у вёску Старое Сяло. За 20 даляраў і некалькі бутэлек гарэлкі яны пасяліліся ў доме мясцовага жыхара і зьбіраліся шукаць працу. Міліцыянты жа гавораць, што індусы працаваць у Беларусі не зьбіраліся, а хутчэй за ўсё чакалі правадніка, каб перабрацца далей на Захад. Усіх затрыманых зьмясьцілі ў менскі спэцпрыёмнік, а сёньня дэпартавалі назад у Расею.

Мігрантаў з краінаў Афрыкі й Азіі затрымліваюць у Беларусі вельмі часта. Некаторых у глыбіні краіны, а некаторых непасрэдна на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах. У Беларусь яны трапляюць пераважна з Расеі. Пасьля высьвятленьня асобаў нелегалаў іх дэпартуюць з краіны.

Але ў цяперашніх умовах дэпартацыя – ня вельмі эфэктыўны сродак барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Гаворыць начальнік прэсавай службы Дзяржкамітэту памежных войскаў Беларусі Васіль Кіптэнка:

(Кіптэнка: ) “У нас жа мяжы з Расеяй няма. Потым мы іх дэпартуем назад у Расею. Але зазвычай яны даяжджаюць да Смаленску й вяртаюцца назад”.

Паўторна затрыманых у Беларусі нелегалаў спрабуюць штрафаваць, але й гэта здараецца не заўсёды — у многіх мігрантаў пры сабе няма грошай. Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка скардзіўся, што ў Беларусі няма сродкаў утрымліваць мігрантаў, і, маўляў, калі Захад не дапаможа ў гэтай справе, то ён пусьціць у Эўропу усіх нелегалаў з Усходу.

Тым часам нелегальныя мігранты прыяжджаюць у Беларусь ледзь ня штодня. Днямі міліцыянты затрымалі каля Стоўпцаў машыну, у якой да польскай мяжы ехалі тры пакістанцы і два індусы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG