Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЎСЕБЕЛАРУСКАГА СТРАЙКУ КАНФЛІКТ УЛАДАЎ І ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАШЫРАЕЦЦА


Міхал Стэльмак, Менск

Улады ніяк не адрэагавалі на ініцыятыву Аб’яднанай рады прыпыніць з 10 кастрычніка агульнанацыянальную акцыю. Як паведаміў сёньня нашаму радыё каардынатар рады Анатоль Шумчанка, урад і адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі дэманстратыўна ігнаруюць іхную пазыцыю. Між тым, як лічыць Шумчанка, зараз нельга ігнараваць пратэст, бо гэта правакуе пашырэньне канфлікту:

(Шумчанка: ) “Урад сваімі паводзінамі падчас страйку толькі ўзмацняе канфрантацыю паміж прадпрымальнікамі і ўладамі. І калі раней галаўным болем для яго былі толькі рабочыя, якім трэба выплаціць заробкі, то зараз галава будзе балець яшчэ мацней — калі пакінуць пратэст прадпрымальнікаў без увагі. Усе 200 тысяч беларускіх прадпрымальнікаў уважліва сочаць за падзеямі з прычыны няпэўнасьці свайго заўтрашняга лёсу. Пасьля гэтага страйку сытуацыя яшчэ больш абвостраная і больш распаленая”.

Анатоль Шумчанка зазначыў, што нягледзячы на адсутнасьць вынікаў, абсалютная большасьць прадпрымальнікаў не зьбіраецца здавацца ды прымаць умовы ўладаў. Больш таго, бізнэсоўцы Магілёва ды Гомеля, якія байкатавалі агульнанацыянальную акцыю, зараз, паводле зьвестак рады, расчараваныя. Абяцаньні мясцовых выканкамаў пайсьці ім насустрач ня спраўдзіліся.

У шэрагу рэгіёнаў улады дыскрэдытуюць актыўных удзельнікаў страйку. У Сьветлагорску, напрыклад, іх абвінавачваюць у дэстабілізацыі сацыяльнага клімату. Анатоль Зьмітровіч са Сьветлагорску паведаміў:

(Зьмітровіч: ) “У Сьветлагорску адбылася наступная падзея. Паводле зьвестак нашых прадпрымальнікаў, якія страйкавалі, яны сталі ахвярамі паклёпу. Супрацоўнікі гарадзкой пошты распаўсюджвалі хлусьлівую інфармацыю сярод пэнсіянэраў. Яны казалі ім, што пэнсіяў таму няма, што страйкуюць прадпрымальнікі”.

Паводле ягоных словаў, прадпрымальнікаў сьвядома “сутыкаюць ілбамі з пэнсіянэрамі” для дыскрэдатацыі страйкоўцаў. Яшчэ больш цяжкія наступствы цяперашняга канфлікту ўладаў і бізнэсоўцаў чакаюць дробныя гарады і мястэчкі. Такія, напрыклад, як Воранава. Вось што зазначыў на гэты конт лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Мікалай Юдзіцкі:

(Юдзіцкі: ) “У нас у Воранаве 23% раённага бюджэту фармуецца за кошт прадпрымальнікаў. У нас 368 прадпрымальнікаў. Зараз жа толькі з-за ўвядзеньня сацыяльных выплатаў штодня 6–7 прадпрымальнікаў здаюць свае пасьведчаньні. У нас зрабілі падаткі, якія душаць прадпрымальнікаў. Я па сабе магу меркаваць. Тры тыдні трэба працаваць на пана і адзін тыдзень — на сябе. А ўрад лічыць, што падаткі складаюць толькі 10%. Лёгікі няма ніякай. Яны ня ведаюць, што рабіць зь дзяржавай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG