Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬ БЕЛАРУСІ Ў РАСЕЮ ВЯЗУЦЬ ЛОМ КАЛЯРОВЫХ МЭТАЛАЎ, У АДВАРОТНЫМ КІРУНКУ — ПАЛІВА, БЕЗАКЦЫЗНЫ АЛЬКАГОЛЬ І ЦЫГАРЭТЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Чатыры дні доўжылася апэрацыя “Мяжа-2002” сёлета. Свабоднае перамяшчэньне людзей і тавараў празь беларуска-расейскую мяжу кантралявалася ў сямі раёнах Магілёўскай вобласьці, якія мяжуюць з Бранскай і Смаленскай абласьцямі. У выніку міліцэйскай апэрацыі на памежжы было раскрыта каля паўсотні злачынстваў, было канфіскавана тавараў і грошай на суму каля 20 мільярдаў беларускіх рублёў.

Значную частку кантрабанды на памежжы складае лом каляровых мэталаў, які вязуць зь Беларусі ў Расею, дзе ён каштуе больш. У гэтым кірунку, як правіла, злачынцы вязуць і скрадзеныя аўтамабілі.

Сустрэчным патокам ад расейцаў да нас вязуць паліва, якое ў Расеі больш таннае. У Клімавіцкім раёне падчас апэрацыі быў затрыманы груз без дакумэнтаў — больш за 16 тысяч тон бэнзыну і дызэльнага паліва.

Таксама з Расеі вязуць безакцызныя алькаголь і цыгарэты. Жыхара гораду Чэрыкава затрымалі, калі ён спрабаваў вывезьці з Расеі сотню пляшак гарэлкі і 400 пачкаў цыгарэтаў.

Жыхары памежных сельскіх раёнаў Магілёўшчыны вязуць на продаж у Расею гародніну, мяса ды любыя харчы ўласнай вытворчасьці. У Хоцімскім раёне быў спынены мужчына, які вёз у Расею 50 літраў самагону.

З Расеі ў Беларусь прыбываюць нелегальныя мігранты, якія не афішуюць сваё знаходжаньне ў краіне і не сьпяшаюцца прайсьці працэдуру рэгістрацыі. За чатыры дні на памежжы было выяўлена больш за 120 парушальнікаў пашпартнага рэжыму. У асноўным гэтыя людзі парушылі правілы знаходжаньня ў Беларусі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства.

Падчас апэрацыі “Мяжа” былі затрыманыя шэсьць чалавек, якія знаходзіліся ў вышуку, у тым ліку і міждзяржаўным. Злачынцы перасякаюць адкрытую мяжу ў абодвух напрамках. Яны жадаюць трапіць у іншую краіну, каб адсядзецца і перачакаць актыўныя вышуковыя дзеяньні. На думку праваахоўчых органаў, гэта істотна ўскладняе крымінагенную абстаноўку ў памежных абласьцях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG