Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ БЕЛАРУСЫ НЯ МАЮЦЬ СВАІХ МАНЭТАЎ?


Ганна Соўсь, Менск

Ні за рубель, ні за пяць у беларускіх крамах ўжо даўно нічога ня купіш. Нават запалак, якія яшчэ за савецкім часам былі эталёнам таннасьці. Цяпер яны каштуюць 16 рублёў. Дробныя грошы дадаюць толькі што клопату пры разьліках у крамах — калі няма рэшты, гандляркі проста акругляюць канчатковую суму ў большы ці меншы бок. Скрынкі для ахвяраваньняў ці капелюшы жабракоў і вулічных музыкантаў актыўна папаўняюцца непатрэбнымі дробнымі банкнотамі.

Нагадаю, што некалькі гадоў таму Нацыянальны банк надрукаваў вялікую партыю дробных купюраў, каб замяніць ранейшыя са знакам “Пагоні”. Тады быў відавочны палітычны падтэкст гэтага рашэньня, бо друкаваньне дробных грошай каштавала значна болей за іхную вартасьць.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба лічыць слушным рашэньне аб вывадзе з абароту банкнотаў наміналам 1 і 5 рублёў.

(Жаліба: ) “На гэтыя грошы нічога ня купіш. І віной таму ўсё ж тая інфляцыя, якая за паўгода склала звыш 20%. А плянавалася ў такім памеры толькі пры канцы бягучага году. Апроч таго, аднарублёвых банкнотаў у абароце катастрафічна не хапала. Нацбанку было нявыгадна іх друкаваць, бо кошты друку большыя за намінал. У большасьці краінаў у абароце маюцца й манэты, але для гэтага трэба ўтаймаваць інфляцыю хаця б да расейскага ўзроўню.

А так што — ізноў праводзіць у Беларусі дэнамінацыю, закрэсьліць пару нулёў. Але ж гэта таксама дорага, трэба рабіць эмісію новых купюраў. Зрэшты, калі ўлады выводзілі з абароту банкноты з нацыянальнай сымболікай “Пагоня”, яны з коштамі не лічыліся. Наступным разам вывядуць з абароту банкноты наміналам 10, 20 рублёў і гэтак далей”.

Практычна ўсе эўрапейскія краіны маюць у якасьці дробных грошай манэты. Карыстаюцца манэтамі і ўсе суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Расея, Украіна й Польшча. Чаму беларусы дагэтуль ня маюць сваіх манэтаў і пры якіх умовах маглі бы зьявіцца гэткія дробныя грошы? Гэтае пытаньнене я адрасую прэзыдэнту Міжнароднага цэнтру “Мезіса” Яраславу Раманчуку.

(Раманчук: ) “Калі краіна ідзе на тое, што друкуе ня толькі банкноты, але й прадукуе манэты, гэта сьведчыць, што яна стаіць на шляху эканамічнага разьвіцьця, і аб тым, што людзі могуць без засьцярогі карыстацца манэтамі й банкнотамі, і гэтае сьведчыць аб нейкім узроўні цывілізаванасьці. Калі гэтага няма, то мы маем прыклад нашай краіны й Югаславіі, калі купюра на мільён ня зробіць цябе багатым.

Скасавалі рубель, пяць, потым забяруць яшчэ сто рублёў, таму што каб надрукаваць гэтыя грошы, трэба больш патраціць за іхную вартасьць. Для Беларусі яшчэ зарана думаць аб манэтах. А калі мы пачнем рэформы, трэба будзе зрабіць нармальную цывілізаваную манэтарную рэформу й увесьці свае нацыянальныя стабільныя грошы”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Нацыянальнага банку, цяпер там чакаюць адпаведнага рашэньня Міністэрства эканомікі, куды быў накіраваны ліст з прапановай вывесьці з абароту дробныя купюры. Нацыянальны банк мае намер як мага хутчэй скасаваць неплатаздольныя банкноты.
XS
SM
MD
LG