Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Імі сталі грамадзяне ЗША Вэрнан Сьміт і Даніэл Канэман, апошні таксама зьяўляецца і грамадзянінам Ізраілю. Вэрнан Сьміт атрымаў прэмію за ўжываньне экспэрымэнтальных спосабаў у эканамічных дасьледаваньнях, а Канэман – за вывучэньне псыхалягічных аспэктаў прыняцьця пастановаў ва ўмовах эканамічнай няпэўнасьці.

Ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне хіміі абвешчаныя: японец Каіці Танака, швайцарац Курт Вютрых і грамадзянін ЗША Джон Фэн. Навукоўцы атрымалі ўзнагароду за распрацоўку спосабаў структурнага аналізу бялкоў і іншых біялягічных макрамалекулаў.

ЗША. Пэнтагон выдаткоўвае для Ўнівэрсытэта Карнэгі Мэлана 35,5 мільёнаў даляраў на дасьледаваньні ў галіне барацьбы супраць кампутарнага тэрарызму. Пяцігадовы грант прадугледжвае разьвіцьцё ідэнтыфікацыйных тэхналёгіяў, закліканых абараніць карыстальнікаў Інтэрнэту ад несанкцыяванага доступу да інфармацыі. Цяпер у адмыслова створаным пры Ўнівэрсытэце “Цэнтры кампутарнай бясьпекі і абароны камунікацыяў” распрацоўваецца ўвод у кампутар штучнага інтэлекту, які дасьць магчымасьць самастойнай абароны дадзеных ад хакерскіх атакаў. Апрача гэтага, ідуць дасьледаваньні ў галіне ўжываньня ўнікальных характарыстыкаў карыстальніка – подпісу, адбіткаў пальцаў, зьнешнасьці й голасу – для доступу да базаў дадзеных. На думку навукоўцаў, далей для абароны інфармацыі ад кампутарных тэрарыстаў будуць ужывацца камбінацыі гэтых тэхналёгіяў.

ФРАНЦЫЯ. Як паведамляе агенцтва Франс-прэс, неўзабаве рэжым хуткасьці на дарогах Францыі будзе захоўвацца пры дапамозе касьмічных спадарожнікаў. Новая сыстэма кантролю, якая цяпер праходзіць выпрабаваньні, у разе перавышэньня кіроўцам хуткасьці, будзе пры дапамозе кампутара аўтаматычна запавольваць хаду аўтамабіля. Для вызначэньня дапушчальнай на кожнай канкрэтнай дарозе хуткасьці аўтамабільны кампутар будзе ўжываць дадзеныя спадарожнікавай навігацыйнай сыстэмы GPS і базу дадзеных па аўтадарогах Францыі. Паводле часопісу "Auto Plus", кошт распрацоўкі і ўводу новай сыстэмы абмежаваньня хуткасьці складае 5,6 мільёнаў эўра. Да шырокага ўжываньня яна будзе гатовая не раней за 2010 год.

ЗША. У нацыянальным аўтамабільным цэнтры войска Злучаных Штатаў распрацаваны браніраваны аўтамабіль SmarTruck які можа пазбаўляцца ад пагоні пры дапамозе дымавой завесы, раскіданьня за сабой цьвікоў ці паліваньня дарогі алівай. У даху машыны ёсьць акно для аўтамата і гранатамёта, а над дзьвярыма ўсталяваная прылада для расьсейваньня сьлезацечнага газу. У разе патрэбы празь дзьвярныя ручкі можна прапусьціць электрычны разрад у 110 вольт. Корпус і вокны машыны куленепрабівальныя. Салён забясьпечаны кампутарнай сыстэмай, прыладамі начнога бачаньня і глябальнай навігацыі, а таксама сэнсарамі, якія адчуваюць бомбы. Адмысловая сыстэма спраўджвае адбіткі пальцаў кожнага, хто сядае за стырно. Навінка будзе ўжывацца для абароны супрацоўнікаў пасольстваў Злучаных Штатаў ад тэрарыстычных актаў і выкраданьняў.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Брытанскія навукоўцы апублікавалі вынікі дасьледаваньня, якія сьведчаць, што прычынай гэтак званай “пасьляабедзеннай млявасьці” зьяўляюцца хуткія, насычаныя вугляводамі, абеды. Паводле Торы Хансан-Танган, якая працуе ў Інстытуце аптымізацыі харчаваньня, прадукты з высокім утрыманьнем вугляводаў – такія як бульба, макароны і хлеб – таксама багатыя і на глюкозу, якая падвышае ўзровень цукру ў крыві. Арганізам, які спрабуе перапрацаваць лішкі цукру, выдзяляе вялікія дозы інсуліну. Але высокі інсулін доўга не трымаецца, і пасьля ягонага зьніжэньня чалавек адчувае стомленасьць, а ягоны страўнік патрабуе высокаэнэргетычнай ежы.

ГРЭЦЫЯ. У часе ўчорашняга паседжаньня Агульнаэўрапейскага кангрэсу энтамолягаў, які праходзіць у грэцкім месьце Салёнікі, было абвешчана, што пчаляры з выспы Крыт навучыліся ўжываць пчолаў дзеля барацьбы супраць сельскагаспадарчых шкоднікаў. Распрацаваная імі мэтодыка прызнаная досыць эфэктыўнай пры зьнішчэньні розных гатункаў кузурак. Пастаўленыя ў патрэбных месцах вульлі дазваляюць ня толькі пазбыцца шкоднікаў, але і зрабіць гэта бяз стратаў для навакольнага асяродзьдзя.

ЗША. Калектыў навукоўцаў з Нацыянальнага цэнтру таксыкалягічных дасьледаваньняў, які знаходзіцца ў штаце Алабама, стварыў плястыкавы дыск з арганічнымі індыкатарамі. Пры кантакце з замарожанымі прадуктамі дыск пачынае зьмяняць свой колер, калі прадукты пачынаюць псавацца. Чакаецца, што новыя датчыкі для кантролю якасьці прадуктаў у хатніх умовах зьявяцца ў продажы цягам наступных двух гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG