Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА МІХАІЛА ЛЯВОНАВА РАЗРАСТАЕЦЦА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледчыя пракуратуры, якія вядуць справу Міхаіла Лявонава, заяўляюць, што ўжо сабралі дастаткова доказаў віны былога дырэктара МТЗ. Нагадаем, ён падазраецца ў службовых злоўжываньнях ды нанясеньні вялікіх матэрыяльных стратаў прадпрыемству і зь леташняшга студзеня знаходзіцца пад вартай.

Паводле некаторых крыніцаў, справа Лявонава ўжо налічвае больш за 50 тамоў, а расьсьледаваньне ўсё працягваецца. Днямі яно было падоўжанае на чарговыя тры месяцы. Паводле новага Працэсуальна-крымінальнага кодэксу, сьледзтва можа цягнуцца ня больш за паўтара года, і палову гэтага тэрміну Лявонаў за кратамі ўжо адбыў.

Вінаватым ён сябе дагэтуль не прызнае, — паведамляе адвакат Лявонава Андрэй Невядомскі. Адвакат сьцьвярджае, што матэрыялы справы не даюць падставаў да крымінальнага перасьледу былога дырэктара, а гаворка можа весьціся толькі пра службовую адказнасьць за некаторыя памылкі, якіх Лявонаву як кіраўніку буйнога прадпрыемства цяжка было пазьбегнуць.

Камэнтароў адносна магчымага палітычнага характару перасьледу Міхаіла Лявонава ягоны адвакат пазьбягае. Сам Лявонаў палітычную вэрсію свайго арышту не пацьвярждае і не абвяргае. Вось што ён кажа ў інтэрвію “Народнай Волі” паводле расповеду журналісткі Марыны Коктыш, якая зрабіла гэтае інтэрвію.

(Коктыш: ) “У інтэрвію яму задавалі пытаньне, ці сапраўды ён марыў пра прэзыдэнцкае крэсла, на што ён адказаў, што не, бо лічыў сябе недасткова зрэлым чалавекам, і дадаў, што ніколі публічна не заяўляў пра жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах”.

Між тым, сваякі экс-дырэктара МТЗ, у прыватнасьці, ягоная жонка Алена Лявонава, не выключаюць, што перасьлед Міхаіла Лявонава мае палітычныя падставы. На думку Алены Лявонавай, пэўныя палітычныя сілы разьлічвалі на яе мужа і безь ягонай згоды. Алена Лявонава не выключае, што гэта стала вядома на самым версе, і тады зьявілася рашэньне аб ягоным арышце.

Нагадаем, справа Міхаіла Лявонава ўжо спрычынілася і да перасьледу журналістаў: карэспандэнтку “Народнай Волі” Марыну Коктыш у аўторак выклікалі на допыт у пракуратуру, дзе паведамілі пра магчымасьць узбуджэньня супраць яе крымінальнай справы нібыта за разгалошваньне матэрыялаў справы Лявонава. Пакуль сваю пагрозу сьледчыя ня выканалі.

(Коктыш: ) “Адносна маёй справы нічога новага. З пракуратуры больш ніхто не тэлефанаваў. “Народная Воля” выканала сваю працу, яна надрукавала інтэрвію з чалавекам, які кажа, што не вінаваты, а сьледчыя цяпер выконваюць сваю працу”.

Паводле некаторых крыніцаў, вынікам гэтай працы акрамя перасьледу журналісткі можа стаць адхіленьне ад справы цяперашніх адвакатаў Лявонава Андрэя Невядомскага і Аляксандра Самусева, якіх нанялі сваякі Лявонава. Замест іх абаронцам можа быць прызначаны дзяржаўны адвакат, які больш задавальняе сьледзтва.

“Гэта патрэбна, каб лягчэй было прымусіць Лявонава прызнаць сябе вінаватым. Вось і разьдзьмуваюць скандал з інтэрвію, бо адвакатаў лягчэй абвінаваціць, што яны сталі пасярэднікамі паміж Лявонавым і журналісткай”, — лічаць некаторыя крыніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG