Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМАЛЬ ДВА МЕСЯЦЫ МАГІЛЁЎСКІЯ РАБОЧЫЯ АДБУДОЎВАЮЦЬ МЯСЦОВУЮ РЭЗЫДЭНЦЫЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Зробленая большая частка працы ў гэтым доме, які будаўнікі называюць “адмысловым гатэлем”. Ужо да 1 лістапада патрэбна надаць будынку эўрапейскі выгляд. Невядома, ці прагучала гэткае пажаданьне з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, які падчас прыезду на Магілёўшчыну часта ігнараваў Шклоў і спыняўся тут, на вуліцы Міронава.

Вядома, што рамонт ініцыявала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Аблвыканкам замовіў рэканструкцыю двум прыватным фірмам — “Рытуал” і “Вэктар”, а таксама будаўнічаму трэсту №12. І хоць будоўля з кожным днём паскараецца, працаўнікі грошай так і не атрымалі. Яны не разумеюць, чаму знаходзяцца сродкі на даражэзныя будаўнічыя матэрыялы, а на заробкі няма. Распавядае рабочы будаўнічага трэста №12 Павал:

(Павал: ) “Мы працуем два месяцы, і я лічу, што гэта няправільна, калі знаходзяцца грошы на матэрыял, а іх няма на заробак для людзей, якія рамантуюць рэзыдэнцыю прэзыдэнта. Гэта ж нібыта твар нашай дзяржавы, а ягоная рэзыдэнцыя — нібыта яго твар”.

Рабочыя прыватных фірмаў казалі менш. Яны шчыра прызнаваліся, што іх палохае пагроза звальненьня з працы і па-рознаму рэагавалі на пытаньні пра затрымкі з заробкамі:

(Спадар: ) “Навошта мне пра гэта казаць?”

(Спадар: ) “Мы працуем верасень, а заробкаў няма.Там зьнізу сядзяць хлопцы, якія толькі што тэлефанавалі кіраўніцтву. Няма грошай”.

(Спадар: ) “Як, яны абяцалі даць заробак сёньня?”

Заробак сёньня будаўнікі не атрымалі, і ня ведаюць, чаму. Прадстаўнікі прыватных фірмаў мяркуюць, што грошы, магчыма, аселі на рахунках іхных гаспадароў, набліжаных да вэртыкалі. Іншыя абвінавачваюць аблвыканкам. Але ж відаць, што рэзыдэнцыю адрамантуюць да 1 лістапада. Будаўнічых матэрыялаў хапае, а рабочыя прыватных фірмаў, якіх палохае звальненьне, страйкаваць не зьбіраюцца.

Папярэднія кіраўнікі дзяржавы былі больш сьціплымі й карысталіся тым, што ёсьць. Тут спыняліся сакратары Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі, пасьля Вячаслаў Кебіч і Станіслаў Шушкевіч, і ніхто зь іх не паспрабаваў упрыгожыць рэзыдэнцыю. А ў беднай дзяржавы, якую ачольвае былы дырэктар саўгасу, грошы на гэта знайшліся. Чаго ня скажаш пра заробкі, запазычанасьць па якіх на Магілёўшчыне дасягае васьмі мільярдаў рублёў.
XS
SM
MD
LG