Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІ ПРЫСУД У СПРАВЕ ЗАТРЫМАНЫХ ІНДУІСТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Тацяна Паўлючук пакарала Марыю Вяткіну штрафам амаль на тысячу даляраў. Нагадаем, 17 жніўня некалькі індуістаў суполкі “Шава-Шакта” выйшлі на Кастрычніцкі пляц з плякатамі: “Не — праваслаўна-дзяржаўнаму тэрору ў Беларусі!” і “Свабоду рэлігійным меншасьцям!” Сярод іх былі і Марыя Вяткіна з мужам. Амонаўцы затрымалі ўсіх удзельнікаў пікету.

Паколькі муж Марыі Аляксей інвалід па зроку (ён сьляпы), яго адпусьцілі. На астатніх склалі пратаколы, а потым судзілі. Марыя Вяткіна пракамэнтавала свой прысуд Радыё Свабода:

(Вяткіна: ) “Я ня ведаю, якім чынам буду плаціць гэты штраф. У мяне муж інвалід першай групы. Я таксама не працую. Мы жывем удваіх на пяцьдзясят амэрыканскіх даляраў у месяц. Ня ведаю, што рабіць. Але я і надалей буду змагацца за свае правы. Я веруючая індуісцкай суполкі. Што мы зрабілі дрэннага?”

Акрамя Марыі Вяткінай суд раней пакараў штрафам Ірыну Сілібіну, бо яна мае шасьцігадовае дзіця і яе ня маюць права караць арыштам. Астатніх восем чалавек Цэнтральны суд Менску арыштаваў на 10 сутак. Сярод арыштаваных былі тры сямейныя пары, адна зь якіх у вязьніцы правяла рэшту мядовага месяца. Усе арыштаваныя крыху раней былі пакараныя штрафамі за тое, што ішлі ў парк “60-годзьдзя БССР”, каб там мэдытаваць разам з прадстаўнікамі іншых індуісцкіх суполак. Міліцыянты, а потым і суд палічылі гэта несанкцыянаваным шэсьцем.

Сёньня пасьля вынясеньня прысуду Марыя разам зь некалькімі сябрамі індуісцкай суполкі паехалі на вуліцу Акрэсьціна сустракаць Тацяну Жылевіч. Яна выйшла са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка пасьля дзесяцідзённай галадоўкі. Тацяна пазьней за ўсіх адбывала пакараньне.

Калі цягам тыдня судзілі затрыманых удзельнікаў пікету, яе за дзень да суду зьбілі невядомыя хуліганы ля пад’езда дома. Тацяна трапіла ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай. Як толькі дзяўчыну выпісалі са шпіталю, яе выклікалі ў суд і там арыштавалі. Тацяна Жылевіч на знак пратэсту абвесьціла галадоўку.

Сябры індуісцкай суполкі паведамілі Радыё Свабода, што маюць намер падаць скаргі ва ўсе судовыя інстанцыі і зьвярнуцца ў ААН у Камітэт па правах чалавека са скаргай на дзеяньні беларускіх уладаў супраць прадстаўнікоў рэлігійных меншасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG