Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 КАСТРЫЧНІКА — УСЯСЬВЕТНЫ ДЗЕНЬ ПСЫХІЧНАГА ЗДАРОЎЯ


Ганна Соўсь, Менск

Псыхіятрычная бальніца з камуністычнай абрэвіятурай РКПБ, больш вядомая ў народзе як Навінкі — гэта своеасблівы гарадок з мноства будынкаў на ўскрайку Менску. Побач з корпусам, дзе месьціцца дзіцячае аддзяленьне, пляцоўка для гульняў.

Галоўны дзіцячы псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Натальля Грыгор’ева адчыняе свой кабінэт адмысловым ключом. Ён падыходзіць да ўсіх дзьвярэй аддзяленьня — паводле бальнічных правілаў, яны павінныя быць зачыненыя. Нядаўна адзін з маленькіх пацыентаў уцёк з аддзяленьня ў лёгкай вопратцы, але хутка яго адшукалі й вярнулі ў шпіталь.

Дзіцячае аддзяленьне Рэспубліканскай псыхіятрычнай бальніцы разьлічанае на 50 чалавек. Тут знаходзяцца дзеці з усёй Беларусі ва ўзросьце ад 3 да 14 гадоў. Прыкладам, дзесяцігадовы Васіль хворы на шызафрэнію. Хваробу мае ў спадчыну ад маці, тая некалькі разоў спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам. У аддзяленьне хлопчыка прывезьлі ў цяжкім стане, пэўны час ён знаходзіўся ў рэанімацыі. Цяпер адчувае сябе лепей.

(Васіль: ) “А я Богу маліўся ўсю ноч. Два гады таму тут таксама быў, гэтак сама ўсю ноч Богу маліўся. Малюем тут, гуляем у розныя гульні — “чай-чай-выручай” ды іншыя. Бегаем. Я ўжо тут месяц і тыдзень ляжу...”

Васьмігадовы Андрэй скардзіцца мне, што ў шпіталі яму не дазваляюць паліць.

(Карэспандэнтка: ) “Падабаецца тут табе?”

(Андрэй: ) “Не, красьці няма чаго”.

(Карэспандэнтка: ) “А як ты трапіў сюды?”

(Андрэй: ) “Мянты прывезьлі. Хадзіў па электрычках. На дарогу клаўся”.

Паводле новага закону аб псыхіятрычнай дапамозе, дзяцей ня могуць пакласьці ў псыхіятрічны шпіталь бяз згоды бацькоў. Але многія мае маленькія суразмоўцы — сіроты пры жывых бацьках. Іх прывозяць у Навінкі зь дзіцячых дамоў дзеля абсьледаваньня. Сярод пацыентаў дзіцячага аддзяленьня шмат таксыкаманаў.

(Хлопчык: ) “Клей нюхаў. Мне чатырнаццаць гадоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ўпершыню паспрабаваў?”

(Хлопчык: ) “Два гады таму”.

(Другі хлопчык: ) “Я таксама таксыкаманіў. Але няшмат. Толькі год”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто з вас яшчэ?”

(Хлопцы: ) “Я... Я... Я ўжо кінуў”.

(Хлопец: ) “Я клей нюхаў. Навучылі — спадабалася”.

(Карэспандэнтка: ) “А як лечаць вас?”

(Хлопец: ) “Таблеткамі, уколамі. Хто ня слухаецца, таму ўкол, каб спаў, ці нешта супакойваючае”.

(Другі хлопец: ) “Калі ўкол зробяць, дык ён баліць, ня можаш хадзіць і не бяснуешся”.

(Трэці хлопец: ) “Хачу вылечыцца й хутчэй адсюль выпісацца”.

Я пакідаю пакой для гульняў і заходжу ў адмысловую вучэбную клясу, дзе праходзяць школьныя заняткі. Настаўніца беларускай і расейскай мовы Вольга Кудзеля гаворыць, што працаваць з пацыентамі аддзяленьня даволі складана, ня ўсе настаўнікі вытрымліваюць. Сама яна ўжо шмат гадоў выкладае хворым дзецям.

(Кудзеля: ) “Дзеці бываюць, па-першае, рознага ўзросту й рознай падрыхтоўкі. Ёсьць дзеці, якія прапускаюць школу па некалькі месяцаў. З гэтымі дзецьмі даводзіцца займацца індывідуальна. Тут трэба працаваць вопытнаму настаўніку, які добра ведае і псыхалягічныя, і фізіялягічныя асаблівасьці вучняў. Многія дзеці тут неўраўнаважаныя. Імкнемся працаваць зь імі спакойна, разважліва...”

Галоўны дзіцячы псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Натальля Грыгор’ева шмат гадоў працуе ў Рэспубліканскай псыхіятрычнай бальніцы. У інтэрвію Радыё Свабода яна адзначыла пэўны рост псыхічных захворваньняў у дзяцей.

(Грыгор’ева: ) “Калі ў 1990 годзе ў нас было каля 16 выпадкаў нэрвова-псыхічных захворваньняў на тысячу дзяцей, то на пачатку гэтага году стала каля 24 выпадкаў на тысячу дзяцей. У той час памежных расстройстваў у 1990 годзе было каля трох выпадкаў на тысячу дзяцей, а цяпер каля 18. Гэты рост ідзе за кошт паталягічнага фармаваньня асобы, таксыкаманіі й нэўратычных расстройстваў”.

Галоўны дзіцячы псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Натальля Грыгор’ева зьвязвае павелічэньне псыхічных захворваньняў у дзяцей з сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у краіне. Пакідаючы дзіцячае аддзяленьне, дзьверы якога пасьля мяне ізноў зачыняюць на ключ, я зьвяртаю ўвагу на вялікую выставу дзіцячых малюнкаў на сьценах. У творах маленькіх пацыентаў псыхіятрычнага шпіталю багата сонца, зеляніны ды вольнага паветра.
XS
SM
MD
LG