Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ЎСЕБЕЛАРУСКАГА СТРАЙКУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ НЕ СЬПЯШАЮЦЦА НА ПРАЦУ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў многіх рэгіёнах Беларусі адбыліся сходы прадпрымальнікаў. Яны абмеркавалі ўчорашні зварот Аб’яднанай рады пра арганізаванае прыпыненьне з 10 кастрычніка ўсебеларускага страйку. Вось, напрыклад, што паведаміў з Барысава лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Ігар Крэпскі:

(Крэпскі: ) “У нас адбыўся сход — прадпрымальнікі з заўтрашняга дня пачнуць выходзіць на працу. Я ім патлумачыў цяперашнюю сытуацыю, што ў цэлым прыкметных зьменаў у справе задавальненьня ўладамі нашых патрабаваньняў няма. Але ў сувязі з аднаўленьнем працы ў іншых гарадах і зь пераходам да іншых формаў змаганьня за нашыя правы, людзі прагаласавалі за выхад са страйку”.

Сёньня ж прадпрымальніцкі сход адбыўся і ў Баранавічах. Генадзь Саханчук, лідэр баранавіцкіх прадпрымальнікаў, паведаміў:

(Саханчук: ) “У нас адбыўся сход, на які сабралася каля 300 чалавек. Мы паведамілі ім пра ўчорашняе рашэньне Аб’яднанай рады. Людзі паставіліся з разуменьнем да прыпыненьне страйку. Як, дарэчы, і пра яго аднаўленьне ў выпадку працягу эканамічнага ціску на прадпрымальнікаў. Але сёньня ў нас рынкі пустыя, на працу будзем з заўтрашняга дня выходзіць”.

Зрэшты, паводле ягоных словаў, нават заўтра ня варта чакаць масавага прыпыненьня страйку. Гэткая ж сытуацыя і ў іншых рэгіёнах. Шмат хто зь бізнэсоўцаў працягвае неарганізаваны пратэст. Як лічаць лідэры Беларускага страйкавага камітэту, усё яшчэ страйкуюць у розных рэгіёнах і ягоныя прыхільнікі. Вось што паведаміў на гэты конт старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы рашэньне пра спыненьне страйку не прымалі. Мне шмат хто з прадпрымальнікаў тэлефанаваў і пытаўся, ці праўда, што страйкам спыніў акцыю. Я кажу, што не. Нагадаю, страйкам, апроч эканамічных, абвесьціў і палітычныя патрабаваньні. На нашую думку, у цяперашнім горкім становішчы беларускага бізнэсу вінаваты не чыноўнік, а той, хто ім кіруе. Мы праводзілі анкетаваньне сярод прадпрымальнікаў, дык абсалютная большасьць ухваліла неабходнасьць адстаўкі Лукашэнкі. Толькі два ці тры чалавекі напісалі, што ня трэба палітыкі”.

Дарэчы, пра намер палітызацыі сваёй дзейнасьці абвесьціла і Аб’яднаная рада. Як заяўляюць яе лідэры, новая хваля прадпрымальніцкага пратэсту чакаецца ўжо пад палітычнымі лёзунгамі.
XS
SM
MD
LG