Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ НЕ ВЫКЛЮЧАЮЦЬ ПРЫНЯЦЬЦЯ БОЛЬШ ГНУТКАЙ КАНЦЭПЦЫІ КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ


Алена Панкратава, Менск

Паводле аглядальнікаў "Frankfurter Rundschau", адрозна ад Рады Эўропы, якая публічна, праз СМІ даносіць да афіцыйнага Менску свае крытычныя пазыцыі, АБСЭ аддае перавагу кансультацыям і перамовам пры зачыненых дзьвярах. Тым часам, нямецкія назіральнікі не выключаюцць таго, што хуткім часам місія АБСЭ на чале з Эбэргардам Гайкенам ўсё ж працягне сваю працу ў Менску.

Свой аптымістычны прагноз днямі ў інтэрвію для “Свабоды” выказаў і нямецкі амбасадар у Менску Гельмут Фрык: пытаньне адносна місіі можа быць вырашанае найбліжэйшым часам, перамовы на гэты конт вядуцца і, больш за тое, Менск задаволены кандыдатурай Гайкена, якую прапанавала Нямеччына.

Паводле вядучага нямецкага экспэрта ў галіне ўсходнеэўрапейскай палітыкі Гайнца Тымэрмана, галоўны акцэнт у гэтым дыялёгу робіцца, канечне ж, не на кадравым пытаньні:

(Тымэрман: ) "Менскае кіраўніцтва і раней выступала з прапановай, каб менавіта немец узначаліў місію АБСЭ. Зразумела, супраць Гайкена яны нічога ня маюць. Уся справа ў зьмене мандату. Я ведаю, што перамовы ў Вене вядуцца. Што да мэханізмаў гнуткасьці ў гэтых перамовах, то я магу выказаць толькі сваё меркаваньне.

Ня выключана, што тут будзе зроблены і новы акцэнт. Я маю на ўвазе эканамічны момант. Лукашэнка мае жаданьне ператварыць місію АБСЭ ў нейкую эканамічную структуру. Магчыма, бакі прымуць нейкую гнуткую канцэпцыю, аднак пры гэтым пастуляты дэмакратыі мусяць захоўвацца. У выніку будзе зробленая свайго роду сумесь. Аднак гэта мае меркаваньні".

Былы карэспандэнт Нямецкага Радыё па Ўсходняй Эўропе, франкфурцкі журналіст Райнгард Лаўтэрбах таксама дапускае падобнае разьвіцьцё падзеяў.

(Лаўтэрбах: ) "Размова ідзе пра ўзаемныя саступкі пры захаваньні ўласнага аблічча. Канечне, падобныя пытаньні найлепш абмяркоўваць пры зачыненых дзьвярах, чым на публічным узроўні. Тады ў выніку кожны бок можа прадэманстраваць сваю канчатковую задаволенасьць".

Райнгард Лаўтэрбах прыводзіць дастаткова распаўсюджанае ў колах нямецкіх назіральнікаў меркаваньне, што АБСЭ, каб задаволіць Менск, можа пайсьці на поўную зьмену каманды Віка, якую беларускае кіраўніцтва не аднойчы абвінавачвала ў дывэрсанцтве і шпіянажы.

(Лаўтэрбах: ) "Новыя людзі хутчэй за ўсё будуць кансультаваць, як лепш аформіць тыя ці іншыя законы. У любым выпадку гэтая група ня будзе такой палітычнай сілай, як яна была пры Віку. Хаця ўсё гэта фармальна. Эўропа дэманструе, што яна робіць саступкі Беларусі і поўнасьцю мяняе кадры групы".

Паводле Гайнца Тымэрмана, калі гэтага не адбудзецца, місія па сутнасьці скончыць сваё існаваньне. Зараз у місіі няма кантактаў ні з кіраўніцтвам, ні з апазыцыяй.

(Тымэрман: ) "Па сутнасьці, гэта той крытычны момант, на які місія павінна рэагаваць. І, канечне ж, спадар Фрык мае рацыю, пытаньне павіннае быць вырашана. Ліміт часу скончаны. І аптымізм можа выклікаць менавіта гэты момант: ціск часу".
XS
SM
MD
LG