Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗААЛЯГІЧНЫМ ПАРКУ МЕНСКУ ПРАХОДЗІЦЬ "ТЫДЗЕНЬ ДАБРА"


Галіна Абакунчык, Менск

"Тыдзень дабра", які разам з кіраўніцтвам заапарку праводзіць гарадзкі камітэт у справах моладзі, заплянаваны як групавыя экскурсіі школьнікаў. Дзеці ў якасьці ахвяраваньняў мусяць прыносіць жывёлам корм, а таксама дабрачынна працаваць на тэрыторыі заказьніку. Але многія нічога ня ведаюць пра акцыю. Гавораць вучаніца менскай гімназіі №14 Маша Тышкевіч:

(Тышкевіч: ) "Прыйшла ў стайню на конях катацца".

(Карэспандэнтка: ) "А пра "Тыдзень дабра" што ведаеце?"

(Тышкевіч: ) "Я ня ведаю, але па тэлевізары бачыла, што вельмі шмат дзяцей ходзіць у заапарк".

(Карэспандэнтка: ) "З вашай школы прыходзіў хто-небудзь?"

(Тышкевіч: ) "Не. Мы яшчэ не хадзілі. Будам старацца прасіць настаўнікаў, каб прыйсьці клясай".

Гэтымі днямі стаіць халоднае надвор’е, і жывёлы хаваюцца ў лёгкія буданы, а на двары збольшага застаюцца толькі птушкі. Школьнікаў таксама значна менш, чым плянавалася, але работнікі заапарку радыя нават малой дапамозе дзяцей, бо цяпер тут праводзіцца першая за 16 гадоў рэканструкцыя.

Гаворыць заатэхнік Вольга Плотнікава:

(Плотнікава: ) "Дапамагаюць: прыносяць яблыкі, хлеб, крупы, капусту, моркву. Апошнія тры дні кормім харчамі, што прыносяць дзеці, але дзеці ёсьць дзеці. Можа, каб якія арганізацыі дапамагалі, гэта было б нашмат лепш. Да прыкладу, будаваць клеткі. Пабудаваныя крыху новых, але там разьмесьцілася мала жывёлаў. Большасьць засталіся ў старых вальерах, што не адпавядаюць стандартам".

Цяпер у Менскім заапарку 120 відаў жывёлаў, у тым ліку малпы, тыгр і нават кенгуру. Адміністрацыя мяркуе, што для адзінага ў сталіцы заапарку гэтага недастаткова, але папоўніць калекцыю ня мае сродкаў. Акрамя таго, да 17 гектараў тэрыторыі заказьніку сталічныя ўлады дадалі яшчэ 25, але сродкаў на іх абслугоўваньне ня выдаткавалі. Гаворыць дырэктар Юры Рабаў:

(Рабаў: ) "Тэрыторыю гарвыканкам нам вялікую выдзеліў. На паперы гэта можна напісаць, а ў сапраўднасьці гэта ж трэба асвоіць. Напрыклад, сёлета мы паўтара мільярда рублёў прасілі, а выдзелілі толькі сто мільёнаў. Плянаў хапае, але калі будуць выдзяляць па сто мільёнаў на год, дык канечне за іх асабліва нічога не пабудуеш".

Таму арганізатары "Тыдня дабра" намерваюцца замацаваць кожную з 600 жывёлаў за асобнай клясай нейкай менскай школы, каб дзеці самастойна даглядалі іх і кармілі, альбо прыносілі замест гэтага грошы. А зэканомленыя такім чынам сродкі адміністрацыя мяркуе накіраваць на разьвіцьцё заапарку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG