Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ МАЖЭЙКА. ЛІСТ ЗЬ НЯВОЛІ


Ул. інф.

(Павал Мажэйка: ) “На жлобінскай “хіміі” я ўжо месяц. Цяпер я разумею, што меў на ўвазе праваабаронца Гары Паганяйла, калі сказаў на адным з судовых паседжаньняў нашага зь Міколам працэсу: “Хімія” – гэта самая зьдзеклівая форма прыніжэньня асобы”. Ад сябе магу дадаць – антычалавечная і цынічная. Гэта маленькая самастойная дзяржава, дзе начальнік – прэзыдэнт, бог і д’ябал у адной асобе, і толькі ад яго, ад ягонага настрою, жаданьняў, ад ягоных праблемаў з жонкай залежыць, ці атрымаеш ты годную працу, ці адпусьцяць цябе на выходныя дахаты, ці ўрэшце рэшт захоча ён убачыць у тваім жыцьці што-небудзь яшчэ, акрамя напісанага ў абвінаваўчым заключэньні.

На “хіміі” можна вытрымаць любыя фізычныя цяжкасьці, тут невыносна духова і псыхалягічна. На маіх вачах ламае Сяргея з Гомеля, звычайнага 30-гадовага здаровага мужыка. Ён прыйшоў сюды пасьля мяне, таму я назіраю гэтую чалавечую трагедыю, што называецца, “у жывым эфіры”. У Сяргея дома маладая жонка і сын. Калі ён пра іх гаворыць, мне здаецца, што ён гатовы зараўсьці. Самае страшнае, што яшчэ ўчора Сяргей біўся за сваё жыцьцё, дайшоў да Вярхоўнага суду і зрабіў у прынцыпе немагчымае – “скасьціў” свой тэрмін з 7 гадоў рэальнай турмы да 4 гадоў “хіміі”. А сёньня Сяргей мае ўжо тры парушэньні – за п’янку, яшчэ адно – і яго могуць “закрыць”, то бок адправіць у сапраўдную турму.

Я пачынаю ўсёй сваёй істотай ненавідзець жлобінскі вакзал, ненавідзець ціха і люта. Амаль штодня а 5-ай вечара я пераходжу церазь ягоныя пуці, якраз у той момант, калі адыходзіць цягнік Адлер – Рыга з прычапнымі вагонамі да Горадні. Аднаго разу ўсьвядоміў, што голас вакзальнай дыктаркі дзіўным чынам нагадвае мне голас судзьдзі Тацяны Клімавай у дзень вынясеньня прысуду. Але я вытрымаю, не зламаюся. Мне трэба вытрымаць. Я абавязкова вярнуся. Вернуцца трэба. У Горадню. Мне ёсьць там каму глянуць у вочы.

Слухалі на “Свабодзе” разьвітальнае інтэрвію Славаміра Адамовіча. Хлопцы паклікалі: “Ідзі, – кажуць, – яшчэ адзін твой едзе”. Распаваёў, што крыху знаёмы з Адамовічам, ведаю творчасьць, лёс. Далей слухалі амаль бяз кпінаў, але сышліся на адным: права выбіраць, дзе жыць і як, мае абсалютна кожны, але толькі ня той у Беларусі, хто піша запальныя вершы, якія робяць сваім сьцягам маладыя галовы.

Днямі выпусьцілі на волю майго калегу па лесапілцы – Мікіту. Ён прыседзеў тут 2 гады, дзень у дзень. Разам ішлі да аўтобуснага прыпынку. Кажа, што ніяк ня можа сабе ўявіць, што ўжо на волі. Прачынаецца ўночы ад жаху, што праспаў праверку. Я спытаў, што ён зробіць у першую чаргу. Ён адказаў мне: “Нап’юся”, – гэта значыць, зробіць тое, што афіцыйна забаранялася яму 2 гады.

Некалькі разоў пад вечар у пакоі станавілася неяк страшэнна душна, хацелася проста... разарваць сьцены. Нешта падобнае,, напэўна, павінны адчуваць хворыя на клаўстрафобію. Я тады пачынаў хутка хадзіць па пакоі, заклаўшы рукі за сьпіну, выскачыў на калідор і некалькі разоў пракрочыў туды-назад. Нешта падобнае бачыў у Гарадзенскім заапарку, а таксама на гарадзенскай крытай турме, якую з ласкі міліцыя наведаў дзеля напісаньня артыкула. Я бачыў там камэры, дзе прагульваюцца асуджаныя. Яны так хутка хадзілі ўзад-уперад, рабілася ўражаньне, што “зэкі” кідаюцца на сьцены. Ня лепш выглядаў, напэўна, і я”.
XS
SM
MD
LG