Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАВІЧКІ НАБЛІЖАЮЦЦА ДА КАНЦА ПАДАРОЖЖА З КАМУНІЗМУ”


Юры Дракахруст, Прага

13 гадоў таму міністры замежных справаў нэўтральнай Аўстрыі і тады яшчэ камуністычнай Вугоршчыны сустрэліся на мяжы і перарэзалі калючы дрот у памежнай загародзе, якая была часткаю жалезнай заслоны, што падзяляла Эўропу з 1945 году. Праз 2 месяцы абрынуўся Бэрлінскі мур, Усходняя Эўропа пачала даўгі і цяжкі шлях вяртаньня ў Эўропу – з такіх словаў пачынаецца артыкул у “Financial Times”.

Учора, –піша газэта, – гэтае аб’яднаньне стала рэчаіснасьцю, калі эўракамісія ўхваліла рашэньне аб прыёме ў Эўразьвяз у 2004 годзе 10 новых кранаў-сябраў: Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі, Славаччыны, Славеніі, Кіпра і Мальты.

19 кастрычніка ў Ісьляндыі адбудзецца рэфэрэндум, на якой гэтая краінай апошняй зь дзяржаваў Эўразьвязу мусіць ухваліць пашырэньне. Нарэшце, афіцыйна рашэньне аб прыёме новых сябраў будзе прынятае ў канцы году на саміце Эўразьвязу ў Капэнгагене. Аднак у любым выпадку, – адзначае “Financial Times”, – учарашняя пастанова Эўракамісіі – вельмі значная падзея ў гісторыі Зьвязу.

Прыём у Зьвяз яшчэ дзьвюх дзяржаваў – Баўгарыі і Румыніі, адкладзены да 2007 году. Газэта цытуе словы упаўнаважанага Зьвязу ў пытаньні пашырэньня Гюнтэра Вэргойгэна, які заявіў учора, што працэс далучэньня новых сябраў ня скончыцца да тае пары, пакуль у Зьвяз ня будуць прынятыя Баўгарыя і Румынія. Брытанскае выданьне робіць выснову, што гэта – ня надта прыемная навіна для Турцыі. Анкара падала заяўку на ўступленьне ў Зьвяз яшчэ ў 1999 годзе, але дагэтуль не прызначаны нават тэрмін пачатку перамоваў зь ёю. “Financial Times” не выключае, што разам з пачаткам гэтых перамоваў будзе вырашана, ці будзе Эўразьвяз увогуле пашырацца далей. Заўважым ад сябе, што гэта, у сваю чаргу, ня надта прыемная навіна для Беларусі.

“Financial Times” піша пра тыя велічэзныя высілкі, якія зрабілі краіны Ўсходняй Эўропы, аднавіўшы амаль зь нічога грамадзянскую супольнасьць, вольны друк, прадпрымальніцтва, якія былі зьнішчаныя камуністычнымі рэжымамі. Як казаў бацька польскай рэформы Лешак Бальцэровіч, зрабіць з акварыюма рыбны суп вельмі проста – трэба проста паставіць яго на агонь. Нам жа, – казаў Бальцаровіч – даводзіцца рабіць адваротнае: з супу – акварыюм.

Шмат усходнеэўрапейскіх палітыкаў адзначаюць, што пэрспэктыва ўступленьня ў Эўразьвяз была ў пэўнай ступені маторам радыкальных пераўтварэньняў. Рэформы і падрыхтоўка да ўступленьня ў Зьвяз ішлі поруч.

“Financial Times” падкрэсьлівае, што абодва гэтыя працэсы былі няпростымі і балючымі, прыгадваючы беспрацоўе у польскай вёсцы, якое дасягае 40%, высокія падаткі, падваеньне цэнаў на тытунь, скасаваньне субсыдыяў на жытло, транспарт, мэдычнае абслугоўваньне і адукацыю. Высокая цана гэтых пераўтварэньняў выклікала частыя зьмены ўрадаў ва Ўсходняй Эўропе.

Зразумела, сытуацыя ў краінах, якія ўступаюць у Эўразьвяз, і зараз далёкая ад ідэальнай: эўракамісія, ухваліўшы іх уступленьне, адзначыла наяўнасьць у іх карупцыі, высокай эканамічнай злачыннасьці, недастатковую незалежнасьць судовай сыстэмы. Аднак гэтых хваробаў не пазбаўленыя і цяперашнія краіны-сябры Зьвязу, асабліва такія, як Грэцыя і Гішпанія – былыя дыктатуры, прынятыя ў Зьвяз у 1980-х гадох.

Пры канцы артыкулу “Financial Times” прыводзіць словы міністра замежных справаў Польшчы, які заявіў, што далучэньне да Эўразьвязу азначае незваротнасьць вяршэнства закону, гарантыю, што аднапартыйная дыктатура ня вернецца ніколі, пазбаўленьне ад страху і свабоду будаваць новую Эўропу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG