Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ДЗЯРЖАВА ІГНАРУЕ ПРАГРАМЫ ПАПЯРЭДНЯГА ВЫЯЎЛЕНЬНЯ АНКАЛЯГІЧНЫХ ЗАХВОРВАНЬНЯЎ?


Ігар Карней, Менск

Беларусь даўно ігнаруе абавязковы ў бальшыні краінаў колькасны кантроль нітразлучэньняў у паветры, вадзе, глебе і сьмецьці, харчах, леках і тканках арганізму. Прычыну гэтага дзяржаўныя чыноўнікі часьцей за ўсё сьпісваюць на адсутнасьць адпаведных метадаў экспрэс-аналізу. Аднак менавіта бюракратычныя бар’еры найчасьцей і зьяўляюцца прычынай таго, што тармозіцца ўкараненьне новых праграмаў выяўленьня небясьпечных канцэрагенаў, якія ёсьць прычынай ракавых захворваньняў.

Так, нядаўна спыненае дзяржаўнае фінансаваньне спэктрафотамэтрычнага комплексу “СКАН” дзеля выяўленьня дакладнай колькасьці нітратаў, нітрытаў і іх папярэднікаў у любых аб’ектах навакольнага асяродзьдзя. Самі ж навукоўцы лічаць свой мэтад ноў-хаў і, каб не спыняць распрацоўкі, вымушаныя прасіць фінансавай падтрымкі ў недзяржаўных структураў. Зараз праект курыруе Міжнародная ліга рэабілітацыі і сацыяльнай абароны дзяцей.

Гаворыць віцэ-прэзыдэнт лігі Анатоль Глушчанка:

(Глушчанка: ) “Назапашваньне нітрытаў і нітратаў спрыяе працэсу фармаваньня ракавых клетак. Для таго, каб стварыць адпаведную мэтодыку раньняй дыягностыкі, неабходна правесьці тысячу дасьледаваньняў. Сёньня, дзеля таго, каб яе “ўзаконіць”, не хапае 150 пробаў. Але працэс замарудзіўся: адразу гэта была дзяржаўная праграма, але потым яе фінансаваньне спынілася. Камэрцыйная фірма, якая ўзялася аплачваць надалей, раптам ад яе адмовілася. Праграмай цікавіліся швайцарскія, нямецкія адмыслоўцы, інтарэс да яе ёсьць, бо эфэктыўнасьць пацьвярджаюць анколягі. Але калі няма грошай, то казаць пра станоўчы вынік не выпадае — фініш пакуль такі”.

Адмыслоўцы лічаць, што дзеля эфэктыўнай працы паводле новай мэтодыкі неабходна стварэньне Навукова-мэтадычнага цэнтру, на базе якога можна праводзіць маніторынг колькасьці канцэрагенаў у пітной вадзе, ацэнку экалягічнай сытуацыі на прамысловых прадпрыемствах, аналіз атмасфэрнага паветра, кантроль якасьці сыравіны для вытворчасьці харчоў (асабліва дзіцячага), і, нарэшце, біялягічны маніторынг анкахворых і кантроль за эфэктыўнасьцю іхнага лячэньня.

Да таго ж, комплекс “СКАН” можна выкарыстоўваць і ў якасьці перасоўнай лябараторыі, што дазволіла б апэратыўна выяжджаць у розныя рэгіёны краіны. Але асноўныя перавагі ў тым, што “СКАН” пераўзыходзіць ранейшыя распрацоўкі як у часе экспрэс-аналізу пробаў (ад двух сутак працэдура скарочаная да паўгадзіны), так і ў пляне бясьпекі, бо няма непасрэднага кантакту з канцэрагенам. Але калі фінансаваньне праекту ня будзе адноўленае, праблема выяўленьне анкалягічных захворваньняў на раньняй стадыі так і застанецца нявырашанай.
XS
SM
MD
LG