Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВЫ ЛУКАШЭНКІ І ПУЦІНА Ў КІШЫНЭВЕ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі зь Менску, наш аглядальнік Віталь Цыганкоў з Кішынэва.

(Валер Карбалевіч: ) “У нядзелю 6 кастрычніка ў Кішынэве адбыліся перамовы між Лукашэнкам і Пуціным. Мінулая іх сустрэча, якая адбылася два месяцы назад, паклала пачатак самаму востраму канфлікту ў беларуска-расейскіх адносінах. Тым большую цікавасьць выклікала сустрэча кіраўнікоў Беларусі й Расеі падчас саміту СНД.

Хоць сустрэчы такога фармату ў значнай ступені зьяўляюцца дзяжурнымі, рабочымі, тым ня менш усіх экспэртаў цікавіла пытаньне, што далей у беларуска-расейскіх стасунках: працяг канфлікту, пошук кампрамісу, ці захаваньне і падтрыманьне статус-кво? Апошні час у Беларусі й Расеі адбывалася вострая дыскусія наконт пэрспэктываў інтэграцыі. Усё гэта дазваляла лічыць, што абодва бакі падышлі да новай сустрэчы зь нейкай дакладна сфармуляванай пазыцыяй. Ці так гэта? Якія спадзяваньні ўскладалі абодва бакі на гэтую сустрэчу, якія задачы ставілі сабе?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Найперш хачу зазначыць, што пасьля той жнівеньскай прэс-канфэрэнцыі, пасьля якой пачалася інтэграцыйная сварка, Масква паводзіла сябе даволі пасьлядоўна і не меняла сваёй пазыцыі. А інтэграцыйны скандал распальваўся ў асноўным высілкамі афіцыйнага Менску, у значнай ступені самім Лукашэнкам. Нейкі час ён разыгрываў карту незалежніка. Але гэтая роля ўсё ж надта ненатуральная для яго.

І таму ён пачаў другую сэрыю фільма “Інтэгратар-2”, усьлед за старым культавым фільмам “Тэрмінатар-2”. Перад самітам у Кішынэве ён агучваў такую думку: інтэграцыя — гэта добра, але пэўныя сілы ў Маскве сказілі, утапталі ў бруд гэтую сьвятую ідэю. Таму калі не пры гэтым, дык пры іншым крамлёўскім кіраўніцтве інтэграцыя ўсё роўна пойдзе наперад. Я думаю, што зараз і Масква, і Менск чакаюць лепшых часоў”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Цыганкоў, што ж адбылося ў Кішынэве падчас сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна? Якая існуе інфармацыя аб гэтых перамовах?”

(Віталь Цыганкоў: ) “Вы, Валер, у пачатку размовы распавялі аб трох магчымых варыянтах разьвіцьця беларуска-расейскіх дачыненьняў. Пасьля кішынэўскіх перамоваў я схільны меркаваць, што захаваецца статус-кво. Ужо зараз можна адназначна сказаць, што ня толькі ніякага прарыву, але наогул нічога значнага не адбылося тут у Кішынэве.

Лукашэнка з Пуціным сустрэліся вельмі коратка. Перад пачаткам перамоваў яны толькі пару хвілінаў зрабілі заявы для журналістаў. Пуцін сказаў, што напярэдадні накал абмеркаваньняў праблемаў палітычнай інтэграцыі быў даволі вялікі. А ў эканамічнай сфэры супрацоўніцтва Расеі й Беларусі разьвіваецца вельмі нядрэнна. Гэта ж пацьвердзіў і Лукашэнка. Карацей, можна сказаць, што абодва прэзыдэнты абмежаваліся агульнымі фразамі. І ніяк не закранулі палітычныя пытаньні. А пасьля сустрэчы яны да прэсы ўжо ня выйшлі.

Позна вечарам прыйшла інфармацыя, што Пуцін заявіў аб дамоўленасьці дапоўніць камісію па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

У Пуціна і Лукашэнкі будзе яшчэ магчымасьць сустракацца толькі падчас агульнай дыскусіі ўсіх прэзыдэнтаў СНД. Альбо падчас прыёму, які Пуцін ладзіць з нагоды свайго дня нараджэньня. А сам-насам яны ўжо не сустрэнуцца. Так што можна сказаць: вынікі сустрэчы на гэты момант вельмі сьціплыя”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Класкоўскі, як бы вы пракамэнтавалі гэтую вельмі сьціплую інфармацыю аб зьмесьце перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным?”

(Класкоўскі: ) “Я думаю, штэ гэтакая сьцісласьць інфармацыі наўмысная. Ніякіх прарываў тут ня варта было чакаць. Сустрэча ў Кішынэве ў межах саміту СНД мае сымбалічны характар. Але яна давала пэўную свабоду манэўру абодвум кіраўнікам, асабліва Лукашэнку. Ён мае магчымасьць бяз страты аблічча спыніць інтэграцыйную сварку. І далей можна працягваць такі руцінны закулісны працэс інтэграцыі.

Пашырэньне камісіі па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту не азначае, што інтэграцыя пойдзе шпарчэй. Наадварот, зараз гэтая каміся пачне з падвоенай сілай пладзіць новыя варыянты. І чым болей іх будзе, тым болей магчымасьці зацягнуць гэты працэс. Але менавіта ў гэтым абодва бакі так ці інакш зацікаўленыя. Я думаю, што ня збудуцца тыя аптымістычныя прагнозы наконт разьвіцьця інтэграцыі сямімільнымі крокамі, пра што кожны раз цьвердзяць такія дзяжурныя аптымісты, як спадары Барадзін і Селязьнёў.

Толькі ў эканамічным пляне працэс, магчыма, будзе ісьці больш эфэктыўна. Таму што ў гэтым пытаньні Менск мусіць саступаць нават супраць волі. Эканамічныя імпэратывы вельмі моцныя і, напрыклад, ужо нельга спыніць акцыянаваньне прадпрыемстваў нафтахіму”.

(Карбалевіч: ) “Мае суразмоўцы прыходзяць да высновы, што зараз і Менск, і Маскву задавальняе статус-кво. Абодва бакі не зацікаўленыя ні ў распальваньні канфлікту, ні ў нейкіх рэзкіх кроках. Сытуацыя кансэрвуецца і пераводзіцца ў вялацякучую стадыю. Але і напярэдадні, і падчас вострай дыскусіі аб лёсе інтэграцыі ў Менску і Маскве выказваліся і іншыя думкі.

Існуе гіпотэза, што Пуцін напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі зацікаўленыя ў нейкім посьпеху беларуска-расейскай інтэграцыі. Таму ён будзе падштурхоўваць гэты працэс.

З другога боку, і Лукашэнку патрэбныя пэўныя рухі наперад. І з прычыны неабходнасьці правядзеньня рэфэрэндуму, і зь іншых прычынаў. У гэтай сувязі, ці на самай справе абодва бакі задавальняе статус-кво?”

(Цыганкоў: ) “Я пачну трохі зь іншага боку. Знаходзячыся ў Кішынэве, чытаючы мясцовую прэсу, я напаткаў цікавыя паралелі. Я трохі зьдзіўлены, наколькі вялікія спадзяваньні ўскладала малдоўская прэса на гэты саміт. Вялікія спадзяваньні былі на ролю Пуціна. Пісалі, што расейскі прэзыдэнт дапаможа вырашыць канфлікт вакол Прыдняпроўя, дапаможа падвысіць статус Малдовы. Але ў рэальнасьці высьветлілася, што ў Пуціна надта многа праблемаў акрамя Малдовы. Тое ж самае можна сказаць і пра Беларусь.

Пуцін цяпер заклапочаны канфліктам вакол Іраку, стасункамі з Эўразьвязам з гледзішча праблемы Калінінградзкай вобласьці. І таму ў Кішынэве мне падалося, што такая “малдовацэнтрычнасьць” мясцовага мысьленьня выглядае трохі неадэкватна. Напэўна, таксама выглядае і наша “беларусацэнтрычнасьць”. Мы думаем, што беларуская тэма для Пуціна самая вялікая.

Безумоўна, на саміце самай значнай падзеяй стала сустрэча Пуціна з Шэварднадзэ. Яна сапраўды дала вельмі моцныя і пазытыўныя вынікі. А Лукашэнка тут проста ніяк не гучаў.

І з гэтага гледзішча я не лічу, што пытаньне стасункаў зь Беларусьсю настолькі важнае для расейскага грамадзтва і выбарцаў, каб Пуцін дзеля гэтага мяняў свае палітычныя пляны, стратэгічныя падыходы. Ня думаю, што менавіта ад расейска-беларускіх стасункаў адштурхоўваецца Пуцін, будуючы сваю перадвыбарчую стратэгію”.

(Класкоўскі: ) “На сёньняшні дзень гэтая недаробленая саюзная дзяржава нагадвае, кажучы кулінарнай моваю, паўфабрыкат глыбокай замарозкі. Яго да пары кладуць у лядоўню, а там, маўляў, пабачым.

Сапраўды, наперадзе цэлы шэраг расейскіх выбараў. І ідэя інтэграцыі, магчыма, будзе выцягнута, але найперш у прапагандысцкім пляне. І ў Аляксандра Рыгоравіча наперадзе вялікія пляны, як мы зразумелі з апошняй прэс-канфэрэнцыі. Нас, хутчэй за ўсе, чакае рэфэрэндум аб працягненьню прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. І для гэтага ідэя інтэграцыі яшчэ спатрэбіцца.

Але сёньня і ў найбліжэйшай пэрспэктыве, на мой погляд, будзе працягвацца пазыцыйная гульня. Масква будзе спрабаваць абыграць Менск, найперш на эканамічным фронце. На гэтай дошцы ў Расеі вельмі моцныя фігуры, многа рэсурсаў. Але мне здаецца, ёсьць у запасе нейкія моцныя хады і ў Лукашэнкі”.

(Карбалевіч: ) “У найбліжэйшы час плянуецца сутрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве. У сувязі з гэтым як вам бачацца пэрспэктывы беларуска-расейскіх стасункаў, спадар Цыганкоў?”

(Цыганкоў: ) “Я таксама схільны лічыць, што зараз у беларуска-расейскіх інтэграцыйных дачыненьнях адбудзецца нейкая паўза. Абодвум бакам трэба неяк перастрававаць, асэнсаваць тыя гарачыя заявы, якія былі зробленыя ў жніўні і верасьні. І паўза натуральная і псыхалягічна вытлумачальная. У любым выпадку нельга сказаць, як здавалася многім у жніўні, што інтэграцыйная гульня закончаная, і на ёй можна паставіць кропку.

Калі гульня задавальняе абодва бакі і прыносіць палітычныя дывідэнды, навошта яе заканчваць? Гэтыя гульні вакол электарату на глебе інтэграцыі будуць працягвацца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сустрэча ў Кішынэве паміж Лукашэнкам і Пуціным не дала адказу на пытаньне ні аб зьмяншэньні канфліктнасьці стасункаў, ці, як дыпляматычна адзначыў Пуцін, “накалу абмеркаваньняў”, ні аб пэрспэктывах інтэграцыі. Відаць, абодва бакі засталіся на ранейшых пазыцыях. І мае суразмоўцы прыходзяць да высновы, што статус-кво найбольш верагодны ў беларуска-расейскіх дачыненьнях блізкім часам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG