Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ БУДЗЕ МЕЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ЧАРГОВАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ?


Юры Дракахруст, Прага

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь таксама ня супраць стаць сябрам Эўразьвязу, але паўзьці туды на каленях, як іншыя, не зьбіраецца. Кіраўнік краіны ці не разумее, ці робіць выгляд, што не разумее камічнасьці гэтай заявы. Гэта тое ж самае, калі б нейкі футбольны клюб заявіў: “Мы ў вышэйшай лізе быць ня супраць, але паўзьці туды не зьбіраемся”. Ну і не паўзіце, гуляйце на чэмпіянаце Шклоўскага раёну.

Калі перайсьці ад футбольных параўнаньняў да эканамічнай канкрэтыкі, то варта адзначыць, што некаторыя наступствы пашырэньня Эўразьвязу, якое яшчэ нават не адбылося, Беларусь адчула ўжо зараз. Маецца на ўвазе больш жорсткі візавы рэжым зь Літвой і Польшчай. Калі гэтыя краіны стануць сябрамі Эўразьвязу, то іх заходнія межы для руху людзей фактычна зьнікнуць. Аднак зразумела, што пры гэтым менш празрыстымі стануць усходнія межы агульнай эўрапэйскай прасторы ад Лісабону да Вільні. Крыху пазьней тое ж самае адбудзецца і з мытнай мяжою. Эўразьвяз – гэта апроч іншага і мытны саюз. Для новых сябраў Зьвязу, прынамсі, для Літвы і Польшчы адкрыецца магчымасьць гандляваць бяз мытаў на велічэзным эўрапейскім рынку. Аднак з тымі, хто застаецца па-за межамі гэтай прасторы, Польшча і Літва будуць абавязаныя гандляваць паводле агульнаэўрапейскіх правілаў. Папросту кажучы, экспартаваць у гэтыя краіны беларускія тавары стане больш складана. Гэта – самыя відавочныя і наўпроставыя наступствы.

Сёньня ў Брусэлі было абвешчана, што ў найбліжэйшы час новыя заяўкі на ўступленьне ў Зьвяз разглядацца ня будуць. І ўсё ж, калі ў аддаленай пэрспэктыве паразважаць пра шанцы для Беларусі стаць сябрам Эўразьвязу, то варта сказаць, што па некаторых паказчыках Беларусь мае лепшыя шанцы, чым, скажам, Расея: у Беларусі прасьцей вырашыць праблему барацьбы зь незаконай міграцыяй, няма міжэтнічных канфліктаў. Але нават і пры наяўнасьці гэтых перавагаў Беларусь ад стандартаў Эўразьвязу аддзяляе велічэзная дыстанцыя.

Нягледзячы на высілкі Баўгарыі і Румыніі ў Брусэлі палічылі, што эканомікі гэтых краінаў маюць недастаткова рынкавы характар, і таму пытаньне іх прыёму ў Зьвяз адкладзенае да 2007 году. А заяўка Турцыі ўвогуле пакуль адхіленая з прычыны парушэньняў правоў чалавека ў гэтай краіне. Варта прыгадаць, што Турцыя – сябар NATO, так што стандарты ў галіне правоў чалавека ў Эўразьвязе нават больш жорсткія, чым у NATO.

“Польшчу – у Эўропу”, “Літву – у Эўропу” – пазаўчора гэта былі лёзунгі, учора і сёньня – дзяржаўная палітыка, заўтра, а дакладней, у 2004 годзе, гэта стане рэальнасьцю. У Беларусі ж рэальнасьцю застаецца ўтопія вяртаньня ў мінулае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG