Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ДАМАГАЮЦЦА ЭКСТРАДЫЦЫІ ЖУРНАЛІСТКІ РАДЫЁ СВАБОДА


Ул. інф.

(Аляксандар Лукашук, дырэктар Беларускай службы РС: ) “Натальля Судлянкова зараз знаходзіцца ў Нямеччыне, у юрысдыкцыі нямецкага суду. Яна была затрыманая пры перасячэньні нямецкай мяжы. Прычына – беларускія ўлады разаслалі праз Інтэрпол запыт на экстрадыцыю Судлянковай і дамагаюцца выдачы яе ў Беларусь.

Натальля эмігравала зь Беларусі ў 1999 годзе і атрымала разам зь сям’ёй палітычны прытулак у Чэхіі, стала жыве тут ужо тры гады. Сёлета яна пачала працаваць на Беларускай службе Радыё Свабода, рыхтуе і чытае навіны. Летась беларускія ўлады запатрабавалі ад чэскай дзяржавы выдачы Судлянковай, абвінаваціўшы яе ў фінансавых злачынствах. Акружны суд у Чэхіі разгледзеў зварот і не знайшоў у аргумэнтах афіцыйнага Менску дастатковых падставаў для экстрадыцыі. Гэтая пастанова суду была таксама пацьверджаная міністэрствам юстыцыі Чэхіі і ў студзені сёлета ўступіла ў сілу”.

(Вядучы: ) “Нагадаю слухачам – Натальля Судлянкова вядомая шмат каму ў Беларусі як Натальля Шаўко, была кіраўніком фінансава-інвэстыцыйнай кампаніі “ФІКО” і актыўна ўдзельнічала ў палітычным жыцьці Беларусі. Яна ўваходзіла ў “Талаку”, брала ўдзел у працы БНФ, затым стала ўдзельнічала ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, публічна выказвала свае палітычныя сымпатыі і погляды на дэмакратычнае разьвіцьцё краіны. Як і многія іншыя вядомыя бізнэсмэны і палітыкі, яна мусіла эміграваць зь Беларусі”.

(Лукашук: ) “Натальля атрымала ў Чэхіі статус палітуцекача і разам зь ім пашпарт, які выдаецца ўцекачам ва ўсім сьвеце на падставе Канвэнцыіі 28 ліпеня 1951 году. Яна засталася грамадзянкай Беларусі, але атрымала права сталага жыхарства і права на працу ў Чэхіі, а таксама права падарожжаў. Нямецкія памежнікі затрымалі Натальлю на падставе таго, што яе імя было ўнесенае ў распаўсюджаны Інтэрполам ліст асобаў, выдачы якіх дамагаюцца ўрады розных краінаў. У Чэхіі гэты зварот быў разгледжаны і адкінуты; у Нямеччыне пра гэтае рашэньне не было вядома, і цяпер гэтую сытуацыю будуць вывучаць”.

(Вядучы: ) “Нагадаю слухачам, беларускія ўлады і раней прыкладалі намаганьні, каб дамагчыся выдачы вядомых беларускіх бізнэсоўцаў, у нашых праграмах мы расказвалі пра такія судовыя працэсы ў Польшчы і Нямеччыне. Ніводзін з палітычных уцекачоў ня быў выдадзены рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

(Лукашук: ) “Сёлета падобны выпадак адбыўся з госьцем радыё Свабода, вядомым узбэцкім палітыкам, колішнім кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Махамадам Саліхам. Ён меў палітычны прытулак у Нарвэгіі, але калі прыехаў на запросіны Радыё Свабода ў Прагу, чэскія ўлады затрымалі яго – на падставе запыта на экстрадыцыю, які ўрад Узбэкістана распаўсюдзіў праз Інтэрпол. Але пасьля разьбіральніцтва запыт рэжыму Карымава быў праігнараваны і спадар Саліх быў вызвалены. Кіраўніцтва Радыё Свабода сочыць за сытуацыяй з Натальляй Судлянковай, мы разам з чэскімі Міністэрствам унутраных справаў і Міністэрствам замежных справаў робім усё, каб нашая калега яй найхутчэй вярнулася ў Прагу. Сёньня з Натальляй гаварыў Генэральны консул Чэхіі ў Мюнхене, пра яе клапоціцца таксама вядомая далёка за межамі Чэхіі арганізацыя “Людзі ў бядзе”, мы спадзяемся на хуткае вырашэньне непаразуменьня”.

(Вядучы: ) “Мы будзем сачыць за падзеямі і інфармаваць нашых слухачоў. Мы плянуем прысьвяціць адну зь перадачаў дзейнасьці Інтэрпола ў Эўропе і ўзамадзеяньню міжнародных прававых сыстэмаў, у тым ліку ў галіне правоў чалавека. Менавіта міжнароднае прававое супрацоўніцтва паспрыяла арышту былога дыктатара Чылі Піначэта і былога прызыдэнта Югаславіі Мілошавіча, пазбавіўшы парушальнікаў правоў чалавека ранейшага імунітэту, якія надавала прэзыдэнцкая пасада”.
XS
SM
MD
LG