Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЛІЧНЫЯ ДЭМАКРАТЫ СПРАБУЮЦЬ ПАДЗЯЛІЦЬ АКРУГІ НА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАХ


Уладзімер Глод, Менск

Пагроза ўзьнікненьня сытуацыі, калі лідэрам палітычнай апазыцыі прыйдзецца змагацца паміж сабой, існуе. Больш за тое, варыянтаў перакрыжаваньня вельмі шмат. Напрыклад, у адной акрузе хацелі б вылучацца Ўладзімер Нісьцюк і Васіль Шлындзікаў. А ёсьць і такія акругі, дзе патэнцыйных прэтэндэнтаў тры–чатыры і нават больш.

Складаная тэма вымусіла ўдзельнікаў сустрэчы правесьці яе за зачыненымі дзьвярыма. Тым ня менш, некаторыя палітыкі выказалі Радыё Свабода свае ўражаньні і меркаваньні . Гаворыць прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Мы дамовіліся па тых акругах, дзе ёсьць патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, партыйныя структуры будуць працягваць двухбаковыя сустрэчы, каб вызначыць аднаго кандыддата, калі гэта магчыма. Калі гэта немагчыма, дык прынцыпова было вырашана, што кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыйных палітычных партыяў ня будуць у сваёй агітацыйнай працы ўжываць адзін супраць другога брудны PR”.

Найбольшую актыўнасьць у перамовах праявіла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (“Народная грамада”). Кіраўнік яе менскай філіі Міхась Ганчарык наступным чынам камэнтуе вынікі:

(Ганчарык: ) “Мне падалося, што ўсе партыі могуць дамовіцца пра падзел акругаў. Але ж падзяліць акругі — не галоўнае. Калі ў адной акрузе будуць ісьці некалькі дэмакратычных кандыдатаў, гэта ж нядрэнна. Я лічу, што некалькі кандыдатаў змогуць запрасіць выбарцаў прыйсьці на выбары. Мы ведаем, што на тых выбарах не было патрэбнай колькасьці людзей. Учорашняя сустрэча паказала, што партыі БНФ, АГП, сацыял-дэмакраты, камуністы, Партыя працы гатовыя ісьці на дамовы, на нейкі кампраміс, можа і саступіць моцнаму кандыдату на акрузе”.

Удзельнікі сустрэчы вырашылі, што дэмакраты сумесна зоймуцца і іншымі выбарчымі праблемамі, у прыватнасьці, вылучэньнем cяброў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў і назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG