Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ДЗЕЦІ ВЫТРЫМЛІВАЮЦЬ ФІЗЫЧНЫЯ І ПСЫХІЧНЫЯ НАГРУЗКІ СУЧАСНАЙ ШКОЛЫ?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Вэрсіі розныя, афіцыйна яны пакуль не камэнтуюцца. Кажуць і пра дрэнную адзнаку, якую напярэдадні дзяўчынка атрымала на школьным уроку. У школе, дзе яна вучылася, разам са сьледчымі працуе пэдагагічная камісія. Спэцыялісты мусяць высьветліць: хто ці што адказны за нэрвовы зрыў і сьмерць дзіцяці?

Гэтая трагедыя са сьмяротным зыходам прымусіла магіляўчан — і бацькоў, і пэдагогаў, і мэдыкаў — яшчэ раз задумацца: ці могуць сёньня шкаляры вытрымаць фізычныя і псыхічныя нагрузкі, якія дыктуе дзейсная сыстэма адукацыі і выхаваньня.

Школьная рэфома, насуперак чаканьням, не прынесла палёгкі ў сэнсе вучэбнай нагрузкі. Да пяцідзёнкі хутка далучылася абавязковае наведваньне школы ў суботу, вакацыі скараціліся на два тыдні. Між тым агульная колькасьць урокаў засталася на ранейшым роўні.

Сын магіляўчанкі Ірыны — сяміклясьнік. Жанчына падлічыла, што, калі лічыць вучобу за працу, то 13-гадовы падлетак працуе больш, чым яна сама.

(Ірына: ) “У дарослых васьмігадзінны працоўны дзень з адной гадзінай перапынку — атрымліваецца сем гадзінаў працы. У дзіцяці ў сёмай клясе — болей: шэсьць урокаў у школе плюс як мінімум дзьве гадзіны трэба займацца дома”.

Сын Ірыны час ад часу вяртаецца са школы, як яна кажа, “паўмёртвы” ад некалькіх самастойных кантрольных работ за дзень.

(Ірына: ) “Гэта вельмі моцныя нагрузкі на псыхіку і мазгі”.

Жыхарка Магілёва Ларыса ня мае сумневу, што дзеці ў школе перагружаныя. Распарадак дня яе дачкі, якая вучыцца ў ліцэйскай дзясятай клясе, таму пацьверджаньне.

(Ларыса: ) “Чалавек чыста фізычна ў 15 гадоў выдыхаецца. Яна прыходзіць са школы і дзьве гадзіны як мінімум сьпіць, каб аднавіць сілы”.

Аднак у наступным годзе Ларыса мяркуе ўсё ж наймаць для дзяўчыны рэпэтытараў дзеля пасьпяховага паступленьня ў вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта можа павялічыць вучэбную нагрузку ледзь не да 50 гадзінаў на тыдзень. Але бацькі ўпэўненыя, што іншага шляху да атрыманьня вышэйшай адукацыі няма.

(Ларыса: ) “Калі чалавек добрасумленна ставіцца да вучобы, то для яго такая нагрузка не пад сілу. Трэба быць вельмі здаровым ад прыроды дзіцём, каб пацягнуць усё гэта”.

Мэдыкі згодныя, што школьныя нагрузкі завышаныя і называюць іх “калясальнымі”. Гэта ў першую чагу датычыцца элітных школ і гімназіяў, дзе дзяцей пужаюць пераводам у звычайную агульнаадукацыйную ўстанову.

У адной з магілёўскіх дзіцячых паліклінік доктарка хутка паставіла дыягназ цяперашнім школьнікам:

(Спадарыня: ) “Дзеці нематывавана павышана стамляюцца, асабліва пры канцы вучэбнага тыдня, што выяўляецца ў дрэнным сьне, стомленасьці, галаўных болях”.

Раздражнёнасьць, неадэкватная рэакцыя на крытыку, агрэсія і гістэрыкі — гэта вынік псыха-эмацыйных перагрузак, — упэўненыя пэдыятры. Да таго ж сярэдняя сям’я ў сувязі з матэрыяльнымі праблемамі ня можа забясьпечыць дзецям якаснае харчаваньне і паўнавартасны адпачынак. У спалучэньні гэтыя фактары вядуць да сумных вынікаў — нэўрозаў, захворваньняў сэрца і страўніка ў дзяцей.

(Доктарка: ) “Абсалютна здаровых дзяцей зараз няма!”

Настаўнікі прызнаюць, што сучасная школа дае немаленькія нагрузкі, але робяць заўвагу, што ў надта вялікай занятасьці дзяцей вінаватая ня толькі навучальная ўстанова, а і самі бацькі.

Мікалай выкладае замежную мову ў адной з самых элітных гімназіяў Магілёва, і ён мяркуе, што многія зь яго вучняў вымушаныя займацца справамі, якія ім нецікавыя, менавіта з ініцыятывы бацькоў.

(Мікалай: ) “Справа ў тым, што яны самі загружаюць дзяцей пастаянна. Усялякія кружкі, сэкцыі, дадатковыя заданьні, работа з рэпэтытарамі і гэтак далей. Самі бацькі накручваюць нагрузку апроч таго, што робіцца ў школе”.

Пэдагогі і мэдыкі заклікаюць бацькоў ашчадна ставіцца для здароўя сваіх дзяцей. Шкаляр, які добра адпачыў, мае добры настрой і здаровы колер твару, лепш засвоіць і школьную праграму.


Дарэчы, днямі Ўсясьветная арганізацыя здароўя выдала справаздачу, у якой адмысловы разьдзел прысьвечаны міжнароднай статыстыцы самагубстваў. Апошнія параўнальныя дадзеныя тычацца 1999 году; тады Беларусь займала сумнае трэцяе месца па самагубствах сярод усіх краінаў сьвету – 41 самагубства на 100 тысячаў чалавек насельніцтва. Большым гэты паказчык быў толькі ў Літве – 51 самагубства на 100 тысячаў, і ў Расеі – 43 самагубствы на 100 тысячаў чалавек насельніцтва.
XS
SM
MD
LG