Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПІНЧУКІ ПРОСЯЦЬ, КАБ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ СПЫНІЛІ СТРАЙК


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Больш за тыдзень у Пінску не працавалi тры рэчавыя рынкі гораду. Мясцовыя прадпрымальнiкi ня толькi падтрымалi агульнанацыянальны страйк, але і абвесьцiлi аб сваiх патрабаваньнях на гарадзкiм мiтынгу, якi сабраў дзьве тысячы чалавек. Акрамя эканамiчных патрабаваньняў на мiтынгу былi агучаныя i палiтычныя — у прыватнасьцi, патрабаваньне адстаўкi Аляксандра Лукашэнкi. Пра сур’ёзнасьць намераў прадпрымальнікаў у Пінску сьведчыць той факт, што толькі пятая частка гандляроў сваечасова сплаціла фіксаваны падатак за кастрычнік.

Сёньня пiнскiя гандляры сабралiся на чарговы сход, падчас якога было прынятае рашэньне спыніць страйк. Выступоўцы тлумачылi гэта тым, што пераважная большасьць прадпрымальнiкаў у iншых рэгiёнах Беларусi аднавiла сваю працу. Акрамя таго, з аналягічнай просьбай да прадпрымальнікаў зьвяртаюцца жыхары гораду, якія гавораць, што ня ў стане набываць многія рэчы ды харчы ў дзяржаўных крамах.

Разам з тым, сёньня на сходзе было заяўлена, што прадпрымальнікі не зьбіраюцца адмаўляцца ад сваіх патрабаваньняў і гатовыя пачаць падрыхтоўку да новага страйку. Гэтую акцыю пратэсту гандляры мяркуюць правесьці на пачатку наступнага году. Кіраўнік прафсаюзу прадпрымальнкаў Пінску Дзьмітры Пятроў лічыць удалым кастрычніцкі страйк гандляроў:

(Пятроў: ) “Мы заявілі пра сябе, і гэта была бадай што самая буйная акцыя за ўсю гісторыю нашай Беларусі. Але мы не спыняемся і будзем рыхтаваць новы страйк у студзені, як мінімум. Тады будзе лягчэй вывесьці прадпрымальнікаў. Бо зараз самы разгар сэзону, і людзі ў горадзе, што нас ведаюць, самі просяць, каб мы не страйкавалі. Куды ня пойдзеш, адразу пытаюцца: “Калі вы скончыце?“

Пінскія прадпрымальнікі вырашылі аднавіць працу на рэчавых рынках з 10 кастрычніка. Тым часам некаторыя гандляры ў Берасьці і Кобрыні заявілі пр свой намер страйкаваць на працягу двух тыдняў і адмаўляюцца плаціць фіксаваны падатак за гэты тэрмін.
XS
SM
MD
LG