Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ АДМАЎЛЯЕЦЦА АД ГРАМАДЗЯНСКАГА КАНТРОЛЮ НАД УЗБРОЕНЫМІ СІЛАМІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк, кіраўнік Цэнтру прававых дасьледаваньняў грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Яўген Лабановіч

(Валер Карбалевіч: ) “3 кастрычніка ў Беларусі адбылася вельмі важная падзея, якая засталася амаль незаўважанай. Дзяржаўныя СМІ сьвядома зьвярнулі на яе мінімальную ўвагу. Палата прадстаўнікоў згадзілася з папраўкай Лукашэнкі ў закон “Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь”, згодна зь якой Нацыянальны сход пазбаўляецца права катролю над Узброенымі сіламі.

Яшчэ ў чэрвені Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі прынялі гэты закон, які прадугледжваў, што кантроль над Узброенымі сіламі маюць права ажыцьцяўляць прэзыдэнт, урад і Нацыянальны сход. Аднак Лукашэнка наклаў вэта на гэты законапраект. Ён прапанаваў выкрэсьліць Нацыянальны сход зь ліку інстытутаў, якія маюць права кантраляваць Узброеныя сілы. І 3 кастрычніка Палата прадстаўнікоў згадзілася з гэтай папраўкай.

Іншымі словамі, Палата прадстаўнікоў адмовілася ад існаваньня грамадзянскага, цывільнага кантролю над вайсковымі структурамі. Зразумела, што Палата не зьяўляецца самастойным органам. Яна цалкам залежная ад прэзыдэнта. Але нават з улікам гэтага адмова Палаты ад фармальнага, вельмі ўмоўнага кантролю вельмі паказальная. Як бы Вы пракамэнтавалі гэтую падзею? Чаму Лукашэнка супраць парлямэнцкага кантролю над войскам?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Па-першае, сытуацыя ў краіне складваецца вельмі напружаная. Ня выключаная верагоднасьць таго, што супакойваць людзей прыйдзецца з дапамогай войскаў. Узброеныя сілы ўсё больш становяцца падмуркам для існуючай улады. Таму выканаўчай уладзе аддаваць войскі пад кантроль іншых дзяржаўных інстытутаў вельмі небясьпечна.

Да таго ж ва Ўзброеных сілах таксама расьце незадаволенасьць дзеяньнямі ўлады. Таму выканаўчай уладзе трэба трымаць іх пад кантролем, узьдзейнічаць на стан грамадзкай думкі, псыхалягічнага настрою ў войсках. І дзеяньні Лукашэнкі цалкам зразумелыя і лягічныя. І гэта тым больш насьцярожвае”.

(Яўген Лабановіч: ) “Вядома. што Лукашэнка жадае кантраляваць усіх і ўсё. Зразумела, дэ-факта ён ужо даўно кантралюе Ўзброеныя сілы. Але Лукашэнка баіцца нават фармальна перадаваць частку гэтага кантролю камусьці іншаму. Каб нават і ў думках, на паперы, у законе, а ня толькі ў рэальным жыцьці ні ў кога ня ўзьнікла такое жаданьне”.

(Карбалевіч: ) “Давайце пагаворым аб прававым аспэкце гэтага пытаньня. Лукашэнка сьцьвярджае, што Канстытуцыя Беларусі не прадугледжвае права Нацыянальнага сходу кантраляваць Узброеныя сілы. Такое права застаецца толькі за прэзыдэнтам і ўрадам. Наколькі справядлівы такія апэляцыі да Канстытуцыі? І наколькі гэтая сытуацыя нармальная для прававой дзяржавы?”

(Нісьцюк: ) “Перш за ўсё трэба адзначыць, што Канстытуцыя 1996 году і стваралася для таго, каб забясьпечыць паўнауладзьдзе прэзыдэнта і пазбавіць рэальнай улады усе іншыя дзяржаўныя інстытуты. Таму спасылацца на гэтую Канстытуцыю як на прыклад дэмакратыі і права ня трэба.

Па-другое, нават калі чытаць і гэтую Канстытуцыю, то там не запісанае права ўраду кантраляваць Узброеныя сілы. Па-трэцяе, у Канстытуцыі не зафіксаванае права прэзыдэнта кантраляваць Узброеныя сілы. Ён як Галоўнакамандуючы толькі камандуе і кіруе імі.

Па-чацьвертае, нідзе ў Канстытуцыі не забаронена Нацыянальнаму сходу кантраляваць Узброеныя сілы.

І таму ў гэтых дзеяньнях Лукашэнкі няма прававых падставаў”.

(Лабановіч: ) “Спасылкі на Канстытуцыю ў дадзеным выпадку ня маюць рацыі. У Канстытуцыі запісана, што прэзыдэнт зьяўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі. І нічога болей. У Канстытуцыі нічога не сказана пра тое, хто і як кантралюе Ўзброеныя сілы. Для адказу на гэтыя пытаньні прымаецца спэцыяльны закон. Менавіта ў гэтым законе і павінна быць напісана, хто мае права кантраляваць Узброеныя сілы. І зараз пры прыняцьці гэтага закону спасылацца на Канстытуцыю няправільна”.

(Карбалевіч: ) “Палата прадстаўнікоў падтрымала прэзыдэнцкае вэта. Да гэтага часу ў часткі беларускага грамадзтва існавалі ілюзіі наконт Палаты. Некаторыя лічылі, што ўрэшце, магчыма, пад канец свайго існаваньня Палата прадстаўнікоў можа прачнуцца, заявіць аб сваіх правах і, магчыма, стане сапраўдным парлямэнтам. Гэтае рашэньне Палаты сьведчыць аб тым, што, здаецца, такія надзеі марныя. Калі Палата прадстаўнікоў добраахвотна адмаўляецца ад права кантролю над Узброенымі сіламі, то гэта значыць, што яна адмаўляецца ад статусу парлямэнту. Як бы вы пракамэнтавалі гэты аспэкт?”

(Нісьцюк: ) “Гэта прынцыповае пытаньне. Сапраўдны парлямэнт павінен мець права катраляваць ня толькі Ўзброеныя сілы, але і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуты. Парлямэнт павінен прымаць законы і кантраляваць іх выкананьне. Кантрольная функцыя — адна з галоўных функцыяў парлямэнту. І гэты выпадак яшчэ раз прадэманстраваў, што Палата не зьяўляецца парлямэнтам. Яна ня хоча займаць належнае ёй месца ў грамадзтве і дзяржаве”.

(Карбалевіч: ) “Зьвернем увагу на міжнародны аспэкт гэтай праблемы. І Рада Эўропы, і АБСЭ адной з умоваў прызнаньня Нацыянальнага сходу, нармалізацыі стасункаў з Захадам, эўрапейскімі стуктурамі выстаўлялі наступнае патрабаваньне: пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту. У гэтай сувязі, наколькі гэтае рашэньне Палаты адпавядае спадзяваньням Эўропы?”

(Нісьцюк: ) “Думаю, што гэта не адзіны выпадак бездапаможнасьці Палаты. Эўрапейскія структуры разглядаюць паўнамоцтвы, магчымасьці, функцыі беларускага Нацыянальнага сходу на падставе многіх фактаў. Усім шкада, што ніякай эвалюцыі ў яго дзейнасьці не адбываецца. Адзінкавыя дэпутаты Палаты час ад часу робяць дэмакратычныя выступы і прапановы. Але ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў ня робіць ніякіх крокаў, каб адстойваць свае правы, сваё месца ў грамадзтве, палітычнай сыстэме краіны.

А той выпадак, які мы зараз разглядаем, сьведчыць, што гэты склад Палаты ні на што ня будзе здольны да канца свайго існаваньня. Гэты орган ня стане парлямэнтам. Таму трэба чакаць новых выбараў і рыхтаваць новых людзей і новае заканадаўства. І толькі ў гэтым выпадку мы зможам убачыць нейкія зьмены”.

(Карбалевіч: ) “Калі ў дзяржаве адсутнічае грамадзянскі, парлямэнцкі кантроль над войскам, то як можна назваць такую дзяржаву, такі палітычны рэжым, спадар Лабановіч?”

(Лабановіч: ) “Што тычыцца вызначэньня рэжыму, то гэта, безумоўна, аўтарытарны рэжым. Ён жадае кантраляваць усе грамадзкія працэсы ў краіне, і ў першую чаргу — Узброеныя сілы.

Што тычыцца рэакцыі Эўропы, то апошняе рашэньне Палаты расплюшчвае вочы эўрапейцам. Таму што там яшчэ існуюць пэўныя ілюзіі. Гэтым рашэньнем Палата прадстаўнікоў прадэманстравала сваю палітычную імпатэнцыю.

І вялікая памылка — разьлічваць на Палату ў вырашэньні задачы ўсталяваньня дэмакратыі ў Беларусі. Толькі выкананьне тых умоваў, якія выстаўляюць Беларусі эўрапейскія структуры, дазволіць рухацца наперад. Правядзеньне дэмакратычных выбараў у парлямэнт і павелічэньне яго паўнамоцтваў дазволяць зрабіць рэальныя крокі да дэмакратызацыі Беларусі.

У Лукашэнкі была магчымасьць падпісаць закон у той першапачатковай рэдакцыі, у якой яго прыняла Палата. Усё роўна ўсім зразумела, што ў рэальнасьці ніякага кантролю з боку Палаты прадстаўнікоў за Ўзброенымі сіламі ня будзе. І міністар абароны, і ўсе сілавыя міністры прызначаюцца Лукашэнкам, падпарадкаваныя і падкантрольныя яму. І ад прыняцьця закону ў першапачатковай рэдакцыі ўлада Лукашэнкі над Узброенымі сіламі меншай ня стала б. Але ён нават на гэта не пайшоў. І гэта сьведчыць пра тое, што ён ня вельмі клапоціцца, як будзе выглядаць у вачах эўрапейцаў. Ён ніводнага кроку не гатовы зрабіць насустрач патрабаваньням цывілізаванага грамадзтва — нават тады, калі гэта яму нічога не каштуе”.

(Карбалевіч: ) “Дазволю сабе не пагадзіцца з вамі. Гэты склад Палаты сапраўды ня здольны ажыцьцявіць нават тыя паўнамоцтвы, якімі ён валодае. Але ніхто ня можа даць гарантыі, што наступны склад Палаты прадстаўнікоў будзе такім жа паслухмяным. І калі будзе існаваць закон, які надае Палаце пэўныя паўнамоцтвы, то новыя дэпутаты могуць імі скарыстацца”.

(Нісьцюк: ) “Калі прыйдзе новы, больш дэмакратычны склад Палаты, і ён будзе мець большыя паўнамоцтвы, то ён шмат якія законы перагледзіць. У тым ліку і закон аб Узброеных сілах”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, на першы погляд, здаецца, што нічога надзвычайнага ў краіне не адбылося. Тое, что было дэ-факта — стала дэ-юрэ. Але гэтая падзея сьведчыць пра тое, у якім напрамку рухаецца краіна. Адмова Палаты ад права кантроля над Узброенымі сіламі азначае, што ў краіне нават юрыдычна, фармальна не існуе грамадзянскага кантролю над войскам. А дзяржаўны лад, у краіне, дзе адсутнічае грамадзянскі кантроль, цывільны кантроль над Узброенымі сіламі, называецца дыктатурай. Гэта напісана ў любым падручніку паліталёгіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG