Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДАМ МАЛЬДЗІС МЯРКУЕ, ШТО НАПАД НА ЯГО БЫЎ ЗАМОЎЛЕНЫ


Ганна Соўсь, Менск

70-гадовы Адам Мальдзіс трапіў у шпіталь упершыню ў жыцьці. Ён прызнаўся, што нават задаволены тым, што лечыцца ў аддзяленьні тэракальнай хірургіі 10-га шпіталю на ўскрайку Менску, а не ў лечкамісіі. Бо, паводле Мальдзіса, тут і лекары лепшыя, і да таго ж амаль усе яны гавораць па-беларуску. Пісьменьнік пакрысе папраўляецца пасьля апэрацыі.

(Мальдзіс: ) “Адчуваю, вядома, лепей чым спачатку. Былі зробленыя вельмі важныя апэрацыі — прабілі грудзіну, уставілі туды трубку з тым, каб вакуўм адкачваў. Пасьля чатырох дзён, калі я адчуваў сябе, як сабака на ланцугу прыкаваным, зьнялі яе. І я ўжо стаў хадзіць. Урэшце ўчора зрабілі апошнюю перавязку. Удар наносіў прафэсіянал. Гэта пацьвердзілі лекары”.

Нагадаю, што калі 23 верасьня Адам Мальдзіс вяртаўся ўвечары з ПЭН-Цэнтру дахаты, ля ягонага дому нехта моцна ўдарыў яго ззаду. Адам Мальдзіс мяркуе, што гэта ня быў звычайны рабаўнік. Наступным днём недалёк ад месца нападу знаёмыя спадара Мальдзіса знайшлі рэчы пісьменьніка — пакунак, у якім ляжалі грошы й вельмі рэдкая кніга, альбом патрэтаў Радзівілаў 1757 году выданьня, ейны букіністычны кошт — ад 1,5 да 2 тысяч даляраў.

Адам Мальдзіс мяркуе, што напад на яго быў замоўлены пэўнымі асобамі. Але ён ня хоча агучваць іхныя імёны, пакуль вядзецца сьледзтва.

(Мальдзіс: ) “Яго цікавілі матэрыялы Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Выпадак быў такі, што якраз мы рыхтавалі беларуска-японскія чытаньні, прысьвечаныя памяці Ёсіфа Гашкевіча. Гэта, бадай, адзіны культурны мосьцік, які зьвязвае Беларусь зь Японіяй. Ён быў першым консулам Расеі ў Японіі, але родам быў зь Беларусі.

Уся бяда ў тым, што цяпер вось на гэтай хвалі зьнікненьня людзей зьяўляюцца не, так бы мовіць, урадавыя злачынствы, а каляўрадавыя. Розныя колы, лічачы, што ўсё роўна нікога шукаць ня будуць, спрабуюць вырашыць свае цёмныя справы. Я перакананы, што ў некаторых выпадках, калі нападалі на інтэлігентаў апошні час, гэта былі людзі, якія зводзілі свае асабістыя рахункі”.

У шпіталі раскрыўся і яшчэ адзін бок характару Адама Мальдзіса. Учора пісьменьнік абвесьціў галадоўку, як ён гаворыць, “мэдычна-арганізацыйнага характару”. Справа ў тым, што ягоны сусед па палаце Юры быў падключаны да апарату вакуўму, адмысловая трубка знаходзілася ў ягонай грудзіне. Нехта прыняў рашэньне прадуць апарат паветрам, а хворых пра гэта не папярэдзілі. Юры толькі пасьпеў адчуць, што яго раздувае паветрам... Працягвае Адам Мальдзіс:

(Мальдзіс: ) “Яму стала так дрэнна. Я быў адзіны ў палаце, хто мог рухацца, дык адразу выбег у калідор, хутка паклікалі лекара. І цяпер усе гавораць, што нічога ня здарылася. Падумаеш, чалавек жа выжыў. Але ж магло кончыцца ўсё горш. Дык у знак салідарнасьці я ўчора галадаў. Я аб’явіў пратэст. Праўда, пры абходзе лекары спыталі ў мяне: ці ня носіць ваш пратэст палітычны характар? Я сказаў: не, хутчэй мэдычна-арганізацыйны”.

Дадам, што Адам Мальдзіс трымаў галадоўку адзін дзень. Хутчэй за ўсё пісьменьніка выпішуць са шпіталю пры канцы тыдня. Але ўжо заўтра ён зьбіраецца на некалькі гадзінаў пакінуць бальніцу, каб узяць удзел у беларуска-японскіх чытаньнях, прысьвечаных памяці Ёсіфа Гашкевіча.
XS
SM
MD
LG