Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЫЙШАЎ ЗБОРНІК П’ЕСАЎ І ПУБЛІЦЫСТЫКІ ЯНКІ КУПАЛЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Купалаўскі зборнік выйшаў у менскім выдавецтве “Кніга” ў рамках сэрыі “Народная бібліятэка”, і ягоным галоўным рэдактарам ёсьць народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Гэта ня першы купалаўскі зборнік, выдадзены сёлета да юбілею паэта. (Яшчэ адзін выйшаў у “Беларускім кнігазборы”, а акадэмічны Інстытут літаратуры выдаў поўны збор твораў Янкі Купалы.) Таму, каб не паўтарацца, рэдактар Ніл Гілевіч вырашыў скласьці свой зборнік з п’есаў “Тутэйшыя”, “Раскіданае гняздо”, “Паўлінка”, “Прымакі”, а таксама з публіцыстычных артыкулаў Янкі Купалы пачатку ХХ стагодзьдзя, апублікаваных у свой час у “Нашай Ніве” ды ў іншых газэтах.

У гэтых артыкулах Янка Купала пісаў у асноўным пра каштоўнасьць дзяржаўнай незалежнасьці, і з гэтае прычыны яны не публікаваліся ў Беларусі больш за 80 гадоў. У часе прэзэнтацыі ў менскім Купалаўскім музэі Ніл Гілевіч сказаў, што падрыхтаваны ім зборнік ён адрасуе найперш моладзі, якая й складала большасьць удзельнікаў імпрэзы:

Галоўны рэдактар купалаўскага зборніка заклікаў стдэнтаў і вучняў больш чытаць Купалу, Коласа, Багдановіча ды іншых клясыкаў беларускай літаратуры, каб разумець, якой каштоўнасьцю для беларусаў мусіць быць самастойная дзяржава.

Высокую ацэнку зборніку далі дырэктар музэю Янкі Купалы Жана Дапкюнас, дырэктар акадэмічнага Інстытуту літаратуры Ўладзімер Гніламёдаў, літаратуразнаўца Міхась Мушынскі й дырэктар выдавецтва “Кніга” Ўладзімер Лапцёнак.

Зборнік “Янка Купала” мае 500 старонак і выдадзены накладам 4 тысячы асобнікаў.

Купалаўскі зборнік — ня першы праект выдавецтва “Кніга” ў сэрыі “Народная бібліятэка”. Хаця выдавецтва існуе толькі год, у ім ужо выйшлі зборнікі твораў Васіля Быкава, Ніла Гілевіча ды йншых вядомых беларускіх пісьменьнікаў.
XS
SM
MD
LG