Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ПЕРАМАГАЮЦЬ НОВЫЯ ПАРТЫІ?


Аляксей Дзiкавiцкi, Прага

У часе выбараў у краiнах Заходняй Эўропы цi Злучаных Штатах могуць мяняцца iмёны кандыдатаў, але партыi, якiя яны прадстаўляюць, амаль заўсёды застаюцца тыя самыя. Аднак апошнiя выбары ў краiнах Цэнтральнай Эўропы засьведчылi, што ў гэтым рэгiёне ўсё іначай.

Акрамя вынiкаў нядаўнiх выбараў у Латвii цi Славаччыне, а таксама ў Лiтве два гады таму, яскравым прыкладам ёсьць Баўгарыя, дзе партыя былога караля, якая была створаная ўсяго за два месяцы да выбараў, атрымала ўладу.

Фэномэн прыходу да ўлады новых партыяў адзначаны ня толькi ва Ўсходняй Эўропе. У Галяндыi сёлета нечакана добрыя вынiкi атрымала партыя, якая высiупае супраць эмiгрантаў. З другога боку, у Цэнтральнай Эўропе Чэхiя ёсьць добрым прыкладам краiны, дзе стварэньне новых партыяў цi рухаў апошнiм часам не было пасьпяховым.

Так цi iнакш, але папулiсцкiя сiлы становяцца часткай палiтычнага ландшафту ва Ўсходняй Эўропе. Часта галоўным лёзунгам гэтых партыяў ёсьць барацьба з карупцыяй. Яны выкарыстоўваюць незадаволенасьць выбаршчыкаў уладамi, а таксама балючымi рэформамi камунiстычнай сыстэмы.

Гаворыць Кiрыл Дрэзаў, супрацоўнiк Цэнтру дасьледаваньняў эўрапейскiх партыяў Кiлi зь Вялiкай Брытанii.

(Дрэзаў: ) “На маю думку, найбольш выбаршчыкi расчароўваюцца не ў палiтыках, але ў самым пераходным пэрыядзе, таму што для многiх людзей у гэтых краiнах пэрыяд трансфармацыi вельмi складаны i цяжкi. У вынiку людзi ўвесь час незадаволеныя ўсiмi, хто б ні быў ва ўладзе”.

Новыя партыi ў краiнах рэгiёну ня маюць такiх перашкодаў на шляху да посьпеху, як у краiнах з больш умацаванай дэмакратыяй. Тут галоўную ролю можа адыграць доступ да мэдыяў. Прыкладам, у Славаччыне “Альянс Новых Грамадзянаў” Паўла Рушко валодае найбольш папулярнай тэлевiзійнай станцыяй.

Істотнай адметнасьцю новых партыяў зьяўляюцца таксама моцныя асобы. Як у Славаччыне, дзе яшчэ за чатыры месяцы да выбараў Робэрт Фiко, паводле апытаньняў, быў палiтыкам, якому найбольш давяраюць выбаршчыкi. У вынiку месяц таму ягоная партыя СМЭР атрымала 14% галасоў.

Паводле Юратэ Навагроцкене, супрацоўнiцы Інстытуту мiжнародных стасункаў i палiтычных навукаў Вiленскага ўнiвэрсiтэту, гэта спраўджваецца ў Лiтве i Латвii.

(Навагроцкене: ) “У Латвii палiтычныя партыi адносна малыя, аднак яны маюць вельмi моцных лiдэраў. Выключна прыцягальны лiдэр звычайна зьяўляеца адным з асноўных элемэнтаў перамогi для новых партыяў. Тое самае было ў Лiтве ў часе выбараў дзьвюхтысячнага году, калі новыя партыi з прыцягальнымi лiдэрамi былi абраныя ў Сэйм”.

Аднаразовы посьпех у выбарах, безумоўна, не гарантуе, што новыя партыi надалей застануцца ва ўладзе.

Дзьве славацкiя партыi, утвораныя напярэдаднi выбараў – “Асацыяцыя працоўных” i прэзыдэнцкая “Партыя грамадзянскага паразуменьня” – хутка згубiлi свае пазыцыi пасьля таго, як увайшлi ва ўрад. У Баўгарыi партыя былога караля наўрад цi будзе падтрыманая выбаршчыкамі падчас наступных выбараў. Паводле назiральнiкаў, магчыма, што напярэдаднi выбараў у гэтай краiне зноў утворацца новыя партыi. Посьпехi новых партыяў сьведчаць яшчэ i пра тое, як паволi стабiлiзуецца палiтычная сыстэма ў гэтых краiнах.

Праблема палягае ў тым, што няма нейкага рэцэпту цi падказак, як пабудаваць моцныя партыi, якiя абапiраюцца хутчэй на праграмы, а не на асобы. Януш Бугайскi, дырэктар Усходнеэўрапейскай праграмы Вашынгтонскага Цэнтру стратэгiчных i мiжнародных дасьледаваньняў, лiчыць, што трэба засяродзiцца на будучым, на тым, як падвышэньне колькасьцi насельнiцтва адаб’ецца на кожнай партыi. Гаворыць Януш Бугайскi:

(Бугайскi: ) “Важна будаваць моцныя агульнанацыянальныя партыi ў краiнах рэгiёну, таму што тады мы раптам не сутыкнемся з нацыяналiстамi, папулiстамi, цi палiтыкамi, якiя камбiнуюць у сабе харызму i прароцтва. Трэба засяродзiцца на стварэньнi моцных партыяў, якiя будуць зьвяртацца да усё большай колькасьці выбаршчыкаў.

Паводле спадара Бугайскага, новыя партыi будуць утварацца i зьнiкаць у краiнах Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы яшчэ цягам пэўнага часу.

Ёсьць, аднак, i станоўчы бок у гэтым фэномэне. Ён сьведчыць пра тое, што выбаршчыкi прынамсi не ператварылiся ў зусiм абыякавых грамадзянаў, якiя, замест удзелу ў галасаваньнi, вырашаюць застацца ў гэты дзень у хаце.
XS
SM
MD
LG