Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ ПАЧАЛОСЯ СУДОВАЕ РАЗБІРАЛЬНІЦТВА КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ ПРА ЗВОДНІЦТВА І СУТЭНЁРСТВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Адказчыкамі ў крымінальнай справе выступаюць трое гамельчукоў. Дваіх зь іх затрымалі сёлетняй вясною на беларуска-ўкраінскай мяжы супрацоўнікі гомельскай управы нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў. Маладыя людзі суправаджалі дзяўчат, што ад’яжджалі ў Ізраіль, дзе яны павінны былі займацца прастытуцыяй.

Для выезду зь Беларусі сутэнёры аформілі дзяўчатам фіктыўны шлюб з былымі гамельчукамі, што эмігравалі на Блізкі Ўсход. Дзяўчат вывозілі за мяжу і пад выглядам турыстаў. Іх прадавалі за валюту канкрэтным асобам, а дзяўчаты ўжо вымушаныя былі адпрацоўваць гэтыя грошы.

Сьледчыя ўправы нораваў перадалі ў суд справу, у якой сьцвярджаецца, што гомельская групоўка сутэнёраў пасьпела завэрбаваць для сэкс-паслугаў у Ізраілі і Турцыі каля двух дзясяткаў маладых гамяльчанак.

З прычыны пікантнасьці тэмы і нежаданьня пацярпелых даваць паказаньні публічна судзьдзя Калугін пастанавіў судовае разьбіральніцтва праводзіць у закрытым рэжыме.

Начальніца аддзелу міліцэйскай управы нораваў Любоў Іванова лічыць, што пашырэньне такой зьявы, як вэрбоўка дзяўчын для заняткаў прастытуцыяй за мяжой, мае і сацыяльна-эканамічныя карані.

(Іванова: ) “Ад таго, напэўна, што наша эканоміка не зусім добра працуе. Людзі проста шукаюць сабе працу. А моладзь шукае яшчэ і найбольш лёгкі шлях. Лічыць, што за мяжою лягчэй і больш даступна штосьці атрымаць. У выніку апынаюцца ў дурацкім становішчы”.

Цяперашні суд – не адзіная маштабная справа продажу дзяўчат у сэксуальнае рабства. За сутэнёрства і зводніцтва летась была асуджаная гамяльчанка Ганна Пінчук. Разам са сваімі памагатымі яна таксама вэрбавала дзяўчат для сэкс-паслугаў у Турцыі. Рабіла гэта рознымі спосабамі: адных спакушала паездкай ў экзатычную краіну ў якасьці памочніц для набыцьця тавараў, іншым прапаноўвала за вялікія грошы ўладкавацца прыслугаю на віле ў багатага бізнэсоўца. На абяцаньні спакусіліся і пяцёра непаўнагадовых. Насамрэч дзяўчаты ў далёкай Турцыі станавіліся па сутнасьці рабынямі. Сутэнёры адбіралі ў іх пашпарты і вымушалі аказваць інтымныя паслугі ў гатэлях, спэцыяльных дамах, на вілах па 5-6 разоў на дзень.
XS
SM
MD
LG