Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕБЕЛАРУСКІ СТРАЙК РОБІЦЦА СТЫХІЙНЫМ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак Беларускага страйкавага камітэту, акцыя пратэсту прадпрымальнікаў усё яшчэ працягваецца на Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне і Меншчыне. Аднак пазытыўных вынікаў для бізнэсоўцаў пакуль няма. Гаворыць старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Улады, па вялікім рахунку, нам на саступкі не ідуць. Я мяркую, што яны будуць трымацца жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да прадпрымальнікаў. Гэта добра бачна на Гарадзеншчыне. Учора мы сустракаліся з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Аляксандрам Радзевічам, які заявіў, што касавыя апараты будуць паўсюдна. Мы плянавалі правесьці ў Горадні мітынг 11 кастрычніка. Але нам забаранілі праводзіць мітынг”.

Паводле словаў спадара Леванеўскага, улады ў шэрагу рэгіёнаў абвесьцілі, што адзіная саступка прадпрымальнікам — адтэрміноўка на месяц-другі ўвядзеньня касавых апаратаў і банкаўскіх рахункаў. Абсалютная большасьць прадстаўнікоў дробнага бізнэсу лічыць гэтыя новаўвядзеньні непрымальнымі.

Як зазначыў Валеры Леванеўскі, зараз у Горадні, напрыклад, паўтараецца сцэнар менскіх падзеяў. Нагадаем, 2 кастрычніка кіраўнікі Менгарвыканкаму знайшлі прадпрымальніцкіх лідэраў, якія выказаліся за байкот страйку і фактычна пагадзіліся на новаўвядзеньні. Зараз у Горадні, паводле Леванеўскага, улады таксама актыўна шукаюць замену лідэрам страйкаму, якія б заклікалі не канфліктаваць з уладамі і спыніць пратэст.

Дарэчы, гэткі ж сцэнар дыскрэдытацыі мае месца і ў дачыненьні да лідэраў Аб’яднанай рады, якія, нагадаем, таксама ёсьць арганізатарамі ўсебеларускага страйку. Аляксандар Лапотка, прадстаўнік Аб’яднанай рады, паведаміў:

(Лапотка: ) “Па Менску ў суботу і нядзелю быў шквал дэзінфармацыі і правакацыяў. Па сталічных рынках хадзілі невядомыя асобы, якія называлі сябе прадстаўнікамі Аб’яднанай рады і заклікалі спыніць страйк. Яны сьцьвярджалі, што ўсё вырашана, што ўрад пайшоў насустрач”.

Паводле словаў Аляксандра Лапоткі, насамрэч урад не вядзе перамоваў ня толькі з арганізатарамі ўсебеларускага страйку, а й не выконвае абяцаньняў ляяльным прадпрымальніцкім лідэрам. Тых, хто байкатаваў усебеларускі страйк, ужо, як зазначыў Лапотка, не жадаюць бачыць у высокіх кабінэтах. Гэта пацьвердзіла сёньня лідэрка бізнэсоўцаў сталічных гандлёвых выставаў Кацярына Чыжык:

(Чыжык: ) “Нас не запрашалі яшчэ. Я мяркую, што адмена касавых апаратаў — гэта ўтопія. Іх не адменяць. Нельга людзей штурхаць на барыкады. Навошта?!”
XS
SM
MD
LG